2. Людзі культуры: прафесіяналізм, талент – для сістэмы зараз гэта другаснае; а галоўнае для нас – праз аддзел № 1 прашчаміцца
Беларускі ПЭН зладзіў на ўмовах ананімнасці мэтавае даследаванне сярод 42 спецыялістаў у сферы культуры. Размова ішла пра тое, як яны пачуваюцца ў цяперашніх беларускіх рэаліях, што бачаць знутры, якія трэнды хвалююць творцаў, змушаных трымаць абарону сваіх пазіцый.
«Слова «данос» сімвалізуе ўвогуле культурны працэс нашага часу»
Пасля 2020-га года ўлады паставілі перад сабой «маніякальную задачу» – пакараць усіх, хто ўдзельнічаў у мірным пратэсце, і людзі творчых прафесій уключаны ў агульны маразм таго, што адбываецца ў краіне:
«Вось такая нейкая картачная гульня: трапіш – не трапіш».
Адна са стратэгій рэжыму – «збянтэжыць, запужаць людзей», нагнаць страху, каб «адных шугануць, а другія баяліся».
Адказваючы на пытанне, як змяняецца сітуацыя з рэпрэсіямі, рэспандэнты нагадвалі пра рост іх колькасці і ўзмацненне жорсткасці; пра раскручванне махавіка, што разагнаўся і цяпер не можа спыніцца, набіраючы ўсё новыя абароты; пра адчуванне закручвання гаек і сістэматычны характар ціску.
Тое, што раней здавалася недапушчальным з боку прадстаўнікоў улады і функцыянераў, цяпер стала прымальным, і гэтая мяжа дазволенага ўсё больш адсоўваецца.
Параўноўваючы цяперашнюю сітуацыю з 2020 годам, казалі пра «два розныя сусветы» і змену кантэксту ў прынцыпе:
— «калі ў 22-м годзе калегі пачалі пісаць: «Чаму вы маўчыце?», я ўсвядоміла, што яны проста не разумеюць, як мы жывём праз два гады пасля 20-га года, – усё моцна змянілася»
— за тое, за што раней мог быць штраф (ці нават папярэджанне), «тут «зачынілі» адразу»
— у 2020-м маглі выйсці запісаць відэазварот, «і як бы за гэта толькі з намі пагаварылі, а сёння ты паставіш адзін лайк – цябе пасадзяць, у найлепшым выпадку на 15 сутак»;
— за што восенню 2020-га былі суткі, «цяпер людзей забіраюць невядома на колькі».
У такіх умовах магчымасцяў для творчасці застаецца ўсё менш.
Дзяржаўныя культурныя інстытуцыі ператвараюцца ў рэжымныя аб’екты, якія патрабуюць усё больш «нейкай такой паказной лаяльнасці», дзе, сярод іншага, можа квітнець «навушніцтва і стукацтва»,«слова «данос» – яно, канешне, тое, якое сімвалізуе ўвогуле культурны працэс нашага часу».
Адбываецца ўсё больш рэпрэсій, звязаных з вуснай размовай.
Расце колькасць забароненых тэм («ужо нельга выказвацца пра вайну, зусім ніяк») і ўсё менш магчымасцяў для перфарматыўных выказванняў, у прыватнасці:
«Калі там параўноўваць з якім-небудзь летам 21-га нават, калі можна было згадваць там белы квадрат на сцяне, дык зразумела, што цяпер і блізка ты не можаш згадаць нічога».
У 2022 годзе ва ўсіх галінах культуры актыўна фармаваліся спісы «нядобранадзейных» дзеячаў. Закон аб рэестры зрабіўся дадатковай перашкодай да гледача – гэта «такое вырашальнае ў чымсьці … гэта, напэўна, такая самая галоўная падзея, калі казаць пра штосьці негатыўнае».
З лютага 2022 года дзейнічае яшчэ адна прыкметная змена.
Як мінімум кожны трэці дзеяч культуры закранаў у размове тэму ўсё большага пранікнення рускай культуры ў беларускую:
«Зараз ідзе наступ «русского мира»», «гэта найстрашнейшая штука – паглынанне культуры беларускай імперскай культурай», «руская экспансія зараз актывізавалася з большай сілай»; «замыкаецца кола «Расія – Беларусь» цяпер, на жаль, у сферы культуры».
Хваля рускай культуры адчуваецца ўсё мацней і ў кожным з сектараў культуры:
- літаратура “Недзе яшчэ год таму была лепшая сітуацыя на беларускіх палічках, а цяпер ужо знята ўсё, што можна было зняць»
- тэатры («Вось гэтыя гастролі бясконцыя расійскіх тэатраў у беларускія тэатры»
- канцэрты («Хто выступае? Вялікая колькасць рускіх музыкаў, якія прыязджаюць, – такога ніколі не было»
- музеі («44 дамовы заключаны паміж беларускімі і расійскімі музеямі: будзе абмен выставамі, яны будуць прыязджаць»;
- кіно («Мы не возьмем беларускіх рэжысёраў і аператараў, а возьмем з Расіі і з Грузіі здымаць нацыянальнае кіно пра гісторыю Беларусі»
- выставы («Практычна расійскія мастакі выстаўляюцца ў галерэі больш, чым самі беларусы…)
- лекцыі («Усё больш нейкіх лекцый пра Маякоўскага, пра Бродскага, Цвятаеву і г. д. То-бок такая напалову маскоўская туса… Усё больш пра Ахматаву, чым пра Канстанцыю Буйло ці не дай бог Арсенневу»)
- адукацыя («Найлепшыя нашы дзеці, якія праходзілі алімпіяды, без экзаменаў маглі
- гарадское асяроддзе («нават вывескі ўжо пачынаюць мяняць – здзіраюць беларускія, размяшчаюць рускія»).
«Хочаш застацца на працы? Тады пераканай, што ты «за» – «За Беларусь», а не «Жыве Беларусь!»»
Асобная вялікая і важная тэма – лёс дзяржаўных устаноў культуры.
На погляд экспертаў, цяпер гэта абсалютна вертыкальная сістэма, у якой кіраўнік спускае нешта зверху – і «ўсе мусяць гэта выканаць».
Сістэма зацэнзураваная:
«Ты мусіш цэнзураваць ну проста кожны крок, каб не дай бог нечага нехта не ўбачыў, не западозрыў у гэтым нейкай крамолы антыдзяржаўнай. Хоць у чым яна палягае, ніхто таксама не гаворыць».
Сістэма заідэалагізаваная:
«Абслугоўванне ідзе для адной тэмы – вайна і генацыд».
Сістэма забюракратызаваная:
«Усюды пасадзілі наглядальнікаў сваіх, гэта адназначна».
Эксперты пастараліся разабрацца – а хто яны такія, цяперашнія ідэолагі?
Тыя пачалі з’яўляцца ва ўстановах культуры ў 2021–2022 гадах з вельмі простай і адначасова складанай функцыяй– «правяраюць усіх на лаяльнасць».
Пасады гэтых назіральнікаў за ідэйнай чысцінёй называюцца па рознаму:
- «намеснік дырэктара па нібыта кадравай бяспецы, які мусіць сачыць за ўсім распарадкам дня і г. д., але як бы мы ўсе разумеем, за чым ён мусіць сачыць» (тэатр);
- «супрацоўнікі з органаў, якія зараз у дзяржаўных інстытуцыях з’явіліся, па рэжыму, так і называецца – «начальнік па рэжыму»» (сфера акадэмічнай музыкі);
- «гэта ў нас прарэктар па бяспецы і кадрах» (адукацыя);
- «там на кінастудыі ёсць «Адольф» – такая яго мянушка, ён таксама, кажуць, заведаваў усімі, і проста немагчыма працаваць» (кіно).
Галоўны ідэолаг развітваецца з непажаданымі асобамі, прымае на працу, адсочвае сацыяльныя сеткі супрацоўнікаў, пазбаўляе прэмій, ставіць візы на рэцэнзіі, выклікае на допыты і размовы: напрыклад, даведацца, ці змяніў супрацоўнік свае погляды:
««Мы ведаем вашыя погляды ў 20-м годзе – ці змяніліся яны?» – вось з такой фармулёўкай».
Падчас прыёму на працу задае пытанні, якія тычацца тэмы лаяльнасці рэжыму, пра стаўленне да прэзідэнта, дзяржавы:
«То-бок павінен падкрэсліць, што ты «за» – «За Беларусь», а не «Жыве Беларусь!»»
А зараз – пра спосабы ціску на супрацоўнікаў.
Вось асноўныя, эксперты сістэматызавалі іх.
- зняцце з пасады, паніжэнне ў пасадзе, прадаўжэнне кантракту на некалькі месяцаў / паўгода / год, у той час як раней ён заключаўся на некалькі гадоў
- пагрозы звальнення або непрадаўжэння кантракту, пазбаўлення прэмій або надбавак, павелічэння нагрузкі і г. д.
- дысцыплінарныя спагнанні (за рэдкае 5-хвіліннае спазненне), дакладныя на супрацоўнікаў, абразы, настаўленні, гутаркі
- прымус уступаць у прафсаюзы
- патрабаванне падпісваць неймаверную колькасць «лухтовых папер» (напрыклад, дакумент, згодна з якім супрацоўнікі азнаёмлены са спісам экстрэмісцкіх матэрыялаў («там больш за 500 старонак»)
- звальненне і прымус да самазвальнення.
(Працяг. Заканчэнне будзе)