TOP

НАВОШТА ТАКІ ПАРЛАМЕНТ?

У Беларусі пасля перараджэння палітычнай сістэмы ў аўтарытарную зніклі нармальныя ўзаемаадносіны ўлады з грамадствам, з апазіцыяй, няма абмену думкамі, дыскусій. Удзел грамадзян у палітычным жыцці абмяжоўваецца адміністратыўным загонам на выбарчыя ўчасткі і ўкідваннем бюлетэняў. А лічыць галасы, выводзіць патрэбныя працэнты есць каму!

Паказальная рыса аўтарытарнай дзяржавы тая, што тут нават выбары не становяцца важнай падзеяй, якая ўносіць нейкія карэктывы, нешта мяняе. Яны ператвараюцца не проста ў нецікавы, руцінны працэс, але ў ганебную прафанацыю, дурную, стратную бутафорыю, якая адбываецца з удзелам мільенаў як бы псіхічна здаровых людзей. А што тады можна казаць пра штодзеннае існаванне насельніцтва, якое боўтаецца ў балоце чыноўніцкага ўціску, выжывання пры галопе цэн, якое засынае і прачынаецца пад тэлевізійныя мыльныя серыялы, прахадныя песні «Славянскага базара», стрэлы і крыкі міліцэйска-бандыцкіх баевікоў, пад манатонныя галасы дыктараў пра вялікія перамогі і рэкорды?

Вопыт Беларусі пераняла ўсходняя суседка, хоць трэба зазначыць, што ў яе хапае і ўласных напрацовак у абалваньванні, махлярстве, фальсіфікацыях. Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі У. Пуцін заявіў: «Думаете, что только у нас. Всюду так, только они лучше прячут концы». Вось такія адносіны ў кіраўніка велізарнай, непаваротлівай, сталінскай па духу краіны да заходняга свету, да дэмакратыі, такое разуменне сутнасці выбараў і чалавечай маралі! Што тычыцца беларускіх «перлаў», то яны нараджаюцца і тыражуюцца кожны дзень, а таму надакучылі нават «тэленаркаманам».

Безумоўна, на рабскія паводзіны беларусаў, на іх хуткае падзенне ў прорву аўтарытарызму пасля прыходу незалежнасці галоўным чынам уздзейнічала доўгае знаходжанне пад пятой бальшавіцкага таталітарызму, люмпенскі менталітэт. Але нельга скідаць з рахунку моцны знешні ўплыў.

Мой часты зварот у роздумах да Расіі выкліканы тым, што яе кіраўнікі не толькі падштурхоўвалі і палітычнай падтрымкай, халяўнымі эканамічнымі падачкамі вялі Беларусь да аўтарытарызму, але і дапамагаюць яму захоўвацца. Тое ж робяць еўрапейскія дзялкі, якія спажываюць перапрацаваную ў нас расійскую нафту, нажываюцца на іншых гешэфтах з рэжымам. Асаблівай любоўю да яго вызначаюцца аўстрыйцы.

Усходнія і заходнія «дабрадзеі», якія прыкрываюць свой «навар», уласныя прагматычныя мэты «клопатамі пра беларускі народ», чамусьці забываюцца, што ва ўмовах аўтарытарызму немагчыма мець разумнае ці хоць бы проста адэкватнае грамадства, якое аналізуе, думае і асэнсавана выбірае парламент, прэзідэнта. Тут усе робіцца «з-пад палкі», адміністратыўны рэсурс запаўзае ў кожную нішу жыцця здранцвелай і знямелай краіны, бярэ «жалезнай рукой» за каўнер любога грамадзяніна, падсоўвае яму пад нос загадзя нарыхтаваныя рашэнні або кандыдатуры і прымушае выканаць аддадзеную з самага верху каманду.

Калі слухаеш галоўнага арганізатара выбараў, яго доблесных памочнікаў з Цэнтрвыбаркама — Л. Ярмошыну або М. Лазавіка, спрабуеш прааналізаваць іхнія месцячковыя, дэмагагічныя, але з прэтэнзіяй на красамоўства, на значнасць выступленні і інтэрв’ю, то ўзнікае адчуванне, што жывеш не ў сапраўднай краіне, а знаходзішся ў балагане, дзе ставіцца клаунада.

Пакуль у Беларусі не будзе строгага, дакладнага размежавання галін улады, пакуль адзін чалавек рашае за ўсіх, ніякі толк не прыйдзе. Якраз баланс сілаў дапамагае, напрыклад, ЗША быць стабільнай, заможнай і магутнай краінай. Амерыканскі кангрэс не толькі зацвярджае, размяркоўвае бюджэтныя грошы, але і жорстка кантралюе высокапастаўленых чыноўнікаў, наладжвае расследаванні інцыдэнтаў.

У Расіі толькі аднойчы правялі парламенцкае расследаванне ў сувязі са шматахвярнай, жудаснай аварыяй на Саяна-Шушанскай гідраэлектрастанцыі. Цяпер, нягледзячы на супраціў чыноўнікаў, хочуць зрабіць нешта падобнае па страшнай катастрофе ў Краснадарскім краі. А ў беларускім парламенце пра такую форму кантролю за выканаўчай уладай, відаць, і не чулі.

Грамадзяне, гледзячы на склад і працу парламента, прыходзяць да вываду, што ў такім выглядзе ен не патрэбны, публічна выказваюць меркаванні: «Не, мне, як і мільенам беларусаў, зусім не хочацца, каб у Беларусі быў такі ж парламент, як і ў мінулыя гады. Як кажуць, наеліся. За кароткі час тры дэвальвацыі, трохразовае падзенне курса рубля, шалены рост цэн, небывалы эканамічны крызіс… Што яшчэ трэба, каб і чуць не хацелася пра такіх «народных выбраннікаў»? А іх нам ужо рыхтуюць, падбіраюць»; «Только бойкот и еще раз бойкот. Люди мыслящие понимают, что все за нас уже решено. Известная всем дама, которая любит варить борщ, и на этот раз даст нужные проценты».

Словы праўдзівыя і справядлівыя, але да парламенцкіх выбараў засталося два месяцы, а што канкрэтна зроблена, каб ідэя байкоту, якім карыстаюцца грамадзяне ва ўсім свеце, калі змагаюцца за свае правы, была данесена да насельніцтва? Нічога! Наіўна спадзявацца, што без падрыхтоўчай працы ў запалоханай, замбіраванай Беларусі можа адбыцца арганізаванае, масавае ігнараванне фіктыўных выбараў. Іншая справа, што агульная яўка сапраўды будзе мізэрнай, але яе імгненна «намалююць». У той жа час на выбарчыя ўчасткі людзей прывядуць не толькі пад наглядам і строем — есць электарат, які па савецкай традыцыі прыклыпае сюды з кульбамі і нават на кастылях…

Палітыкі, напалоханыя народнымі пратэстнымі выступленнямі, заклікаюць людзей рашаць свой лес не на барыкадах, а бюлетэнямі. Але як гэта зрабіць у неправавой дзяржаве, дзе кола гвалту і фальсіфікацый замкнулася, дзе чалавеку нельга выйсці з-пад жорсткага адміністратыўнага рэсурсу, ніхто не ведае.

Тым не менш, народная незадаволенасць паступова назапашваецца, нейкі час яе можна стрымліваць новымі абяцанкамі, дубінкамі і штыкамі, але ўрэшце яна разбурае любую дыктатуру. Толькі ўжо не бюлетэнямі, а «крывавым, бязлітасным бунтам», пра што сведчаць падзеі ў Паўночнай Афрыцыі і на Блізкім Усходзе.

Здабытая свабода адкрывае ў кожнай краіне магчымасці для палітычнай, а разам з гэтым і эканамічнай канкурэнцыі, для прыходу ва ўладу разумных людзей. У Лівіі на нядаўніх выбарах у парламент было 20 чалавек на месца. А цяпер прымерце практыку краіны, дзе прайшла крывавая грамадзянская вайна (!), дзе цяжка наладзіць выбарчы працэс, да беларускай «стабільнасці» і… безальтэрнатыўнасці на выбарах. Гэта тое самае, што параўноўваць жывыя, духмяныя кветкі з папяровымі.

Парламент у Беларусі — гэта прымітыўная шырма для прыкрыцця гвалту, махінацый і хлусні аўтарытарызму. Грамадзяне бачаць яго заканадаўчую і кантралюючую імпатэнцыю, адсутнасць паўнамоцтваў, бездапаможнасць. Парламентарыі ў асноўным толькі націскаюць на кнопкі, штампуючы чужыя ідэі і праекты, выконваючы каманды.

Справядлівую ацэнку «народным слугам» дала жанчына з Лагойскага раена, якая беспаспяхова абівае парогі чыноўніцкіх кабінетаў: «У Беларусі столькі дэпутатаў, а напісаць ці пазваніць няма каму!»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.