Пратэстныя мітынгі ў час прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і ў Расіі павінны былі разумна ўсхваляваць кіраўнікоў, нацэліць іх на рэформы палітычных сістэм, эканомік, на ачышчэнне чыноўніцкіх апаратаў і сілавых структур ад бюракратаў, карупцыянераў, хабарнікаў, садыстаў. Але яны «закручваюць гайкі» ў адносінах да звычайных людзей.
У СССР, нягледзячы на таталітарызм, быў распаўсюджаным лозунг: «Веды — гэта сіла». Людзі цягнуліся да вучобы, каб мець прыстойную адукацыю, прафесію. Цяпер такога няма. У персаналісцкіх, аўтарытарных дзяржавах на першы план выходзіць не адукаванасць, не прафесіяналізм і майстэрства грамадзян, а іхняя лаяльнасць да ўлады, беспярэчнае выкананне каманд. Дыплом аб сканчэнні ВНУ — гэта фармальнасць, каб прасунуцца па кан’юнктурнай лесвіцы. Яго можна здабыць не толькі стараннай вучобай і практыкай, а купіць за грошы. Таму ў народзе такое скептычнае стаўленне да цяперашніх «спецыялістаў».
Новы лозунг у Беларусі і ў Расіі такі: «Наша палітыка — гэта сіла». Яго змрочная двухсэнсоўнасць выяўляецца пастаянна. Палітыка вітаецца моцная, жалезабетонная, і ўбіваецца яна ў свядомасць людзей таксама сілай — адміністратыўным рэсурсам, дубінкамі і прапагандысцкім замбіраваннем.
Практыка паказала, што кіраўнікі дзяржаў, згодна характараў, узроўню адукацыі і культуры, не могуць дзейнічаць дэмакратычным шляхам. Яны трымаюцца варыянта сілы, хоць, на думку міжнароднай грамадскасці, а таксама значнай часткі беларусаў і расіян, самі знаходзяцца ў падвешаным стане, бо пытанне наконт легітымнасці іхняга ўсаджвання на прэзідэнцкія крэслы застаецца спрэчным.
Але страх, які высвечваўся на тварах правіцеляў у час выбарчых кампаній і пакуль не аціхлі масавыя пратэстныя акцыі, прайшоў. Яны ажылі і працуюць у звыклым рэжыме…
Можна па-рознаму адносіцца да жыцця, да свайго лёсу і, урэшце, да ўлады, але, мяркую, не знойдзецца ніводнага беларуса, якому прыемна, калі яго краіна выстаўляецца пудзілам, калі ёй палохаюць іншыя народы.
З Крамля расіянам заявілі: «Калі не будзеце слухацца, у адказ на пратэсты зробім так, як у Беларусі!» Пагрозу чыноўнікі выканалі, спешна прынялі законы, скіраваныя супраць вулічных акцый, недзяржаўных арганізацый і крытыкі ўлады. Нямецкая газета «Frankfurter Rundschau» зрабіла каментарый: «Дзярждума стаханаўскімі тэмпамі прымае законы, што вядуць Расію да аўтарытарызму. Пуцін раней паводзіў сябе больш хітра, а зараз спяшаецца закруціць гайкі і становіцца ў адзін шэраг з Лукашэнкам».
Мне як патрыёту не аўтарытарнай дзяржавы, а сваёй краіны, было сорамна, калі ў час маніфестацый у Румыніі супраць прэзідэнта з мэтай адпраўкі яго ў адстаўку людзі скандзіравалі: «Нам не патрэбна яшчэ адна Беларусь!».
Улада ў Беларусі і ў Расіі выйшла за прававыя і маральныя межы. Аўтакраты, ненавідзячы адзін аднаго, але дзеля самазахавання ўзаемна падтрымліваючы (бяднейшы — на словах, а багаты на нафту, газ — яшчэ і матэрыяльна, фінансава), загуляліся са сваімі непамернымі амбіцыямі і цынізмам. Пра гэта сведчаць нават іхнія выразы: «козел», «вшивые блохи», «мочить в сортире», «замучаются пыль глотать», «кто нас обидит, тот трех дней не проживет», «приезжайте, мы вам обеспечим такое обрезание» і г. д.
Сведкам дэградацыі была дэмакратычная Еўропа, якая закрывала вочы на гвалт над беларусамі і расіянамі, на перараджэнне палітычных сістэм у аўтарытарызм, а цяпер сама атрымлівае абразлівыя поўхі і хоча вылечыць хранічную хваробу лёгенькімі санкцыямі, працягваючы спажываць расійскую і беларускую нафтавую прадукцыю. Замацярэлыя ўзурпатары ў адказ спакойна ўсміхаюцца — насыпце нам солі на хвост!
Расійскі публіцыст Д. Шэвараў піша: «За последние двадцать лет власти поменяли у нас все — от названия страны до переименования милиционеров в полицейских. Вот-вот поменяют участковых на околоточных. Не меняется одно: циничное отношение ко всему живому. Всё заслоняет политическая или экономическая выгода. Во имя сиюминутности выкачивают недра, «утилизируют» оружейные склады вместе с окрестным населением, играют в «модернизацию», сводят реликтовые леса у Сочи, выжимают как тряпку отечественную историю, а тирана-палача называют «эффективным менеджером». Сейчас строят на Ангаре очередную ГЭС — Богучанскую и готовятся затопить огромную территорию в сердце Сибири — 232,6 тыс. га».
А ў засыпанай радыенуклідамі Беларусі па неабкатаным расійскім праекце, за «шчодрыя» грошы суседзяў фарсіруецца будаўніцтва АЭС.
Увогуле, у дзвюх краінах даўно ў пашане любая будоўля (пракладка дарог, узвядзенне жылля, офісаў, гандлёвых аб’ектаў, добраўпарадкаванне тэрыторый і т. п.), дзе цяжка праверыць выкарыстанне сродкаў, дзе заўсёды можна мець «адкат».
Правіцелі, не чакаючы пакуль іх нехта пахваліць, б’юць кулаком у грудзі і выплюхваюць эмоцыі на публіку. Адзін, аглядаючы «белорусский клочок земли», паўтарае: «Я пришел, когда ничего не было!»; «Я столько вложил в дороги!»; «Я создал инфраструктуру!», а ўсходні калега падтаквае: «Мы повышали зарплаты, пенсии, чего не происходит сейчас в Европе!».
Гэтыя тырады можа спыніць рэплікай любы грамадзянін: «Вы раскажыце лепш людзям, якія зарплаты, пенсіі ў краінах Захаду і колькі спатрэбіцца дзесяцігоддзяў, а, можа, стагоддзяў, каб іх дасягнуць!»
У Беларусі прывыклі ківаць на Расію: «Мы то што, во дзе п’юць!» Што ж, сапраўды ў суседзяў налічваецца 2 мільёны алкаголікаў, 20 мільёнаў чалавек маюць праблемы ва ўзаемаадносінах са спіртным, а прасцей — п’яніцы. Гэта страшныя лічбы. Але і ў нас сітуацыя не лепшая.
П’янымі людзьмі лёгка кіраваць, а таму спайванне насельніцтва, якое было яшчэ ў савецкі час, працягваецца і нават узмацнілася.
З моманту атрымання постсавецкімі дзяржавамі незалежнасці прайшло больш чым 20 гадоў. Стала відавочным, што расійскія «мачо», казахскія «елбасы», беларускія «бацькі» або «туркменбашы» думаюць не пра фізічнае і маральнае захаванне народаў, не пра іх дабрабыт, а толькі пра ўтрыманне сваёй улады, пра назапашванне нерухомасці і «бабла».
Насуперак ім простыя людзі, якія мужна выходзяць пратэставаць на вуліцы і плошчы, рэальна заклапочаны лёсам дзяцей і ўнукаў, будучыняй сваіх краін.
Час паказвае, што ніякіх рэформаў зверху не можа адбыцца ні ў Беларусі, ні ў Расіі. У суседзяў гучыць шмат заяў пра мадэрнізацыю, нанатэхналогіі, інвестыцыі, а вынікаў няма. А ў нас словы «рэформы», «дэмакратыя», «свабода» і нават «свядомыя» прамаўляюцца з афіцыйных трыбун у выглядзе абразы і здзеку.
Спадзяванні на мірны сыход узурпатараў з тронаў марны. Яны трымаюцца за іх зубамі і робяць закладнікам затаптаны, задураны народ. Але ганебны фінал і праведны суд, нават калі яны адкладваюцца, абавязкова надыходзяць.
Падвесці рысу пад роздумам дапаможа калега кіраўнікоў Беларусі і Расіі — прэзідэнт Францыі. У час выбараў «Мсье нармаль», гэтак паважліва Ф. Аланда ахрысцілі французы, паўтараў: «Дзяржава належыць усім, а не толькі тым, хто на нейкі час атрымаў за яе адказнасць». А ў сувязі з крывавымі падзеямі ў Сірыі ён заявіў, што кожнага дыктатара чакае няўхільнае пакаранне.
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…