Незалежнымі сацыёлагамі нядаўна праведзена апытанне, па выніках якога высветлілася: 41,4% беларусаў гатовы пакінуць краіну назаўсёды, 53,7% хочуць з’ехаць за мяжу працаваць або вучыцца, а 10% выказваюць жаданне жыць дзе заўгодна, толькі не дома. Калі ў дзяржаве, як хваліцца прапаганда, «порядок и стабильность», то адкуль такія драматычныя лічбы?
Кожнаму, хто ў Беларусі не баіцца гаварыць праўду, даводзіцца пастаянна вытрымліваць нападкі. Зверху даецца каманда: «Фас!», і ідэалагічныя «шаўкі» пачынаюць брахаць на людзей, якія сваёй сумленнасцю, мужнасцю як костка ў горле аўтарытарнай улады, якія хапаюць за руку палітычных махляроў.
З варожасцю ставіцца рэжым і да замежных дыпламатаў, якія не глядзяць у рот мясцовым бонзам, а непахісна адстойваюць праўду, годна праводзяць палітыку сваіх дзяржаў, пра што сведчыць скандал у адносінах да шведскага амбасадара.
Стэфан Эрыксан выявіў талент як класнага дыпламата, што валодае тонкасцямі складанай прафесіі, так і шчырага, адкрытага душою пасланніка шведскага народа. Ён стаў сябрам не толькі канкрэтным, сімпатычным яму людзям, але і ўсёй разумнай беларускай грамадзе. Гэта не дапасаваныя да выпадку высокія словы, а рэальнасць.
Адчуванне і разуменне спакутаванай Беларусі, яе задуранага, запалоханага, але яшчэ патэнцыяльна перспектыўнага насельніцтва ў Эрыксана выключнае. Ён з кагорты людзей, якія бачаць і чуюць нават тое, што знаходзіцца за межамі вока і вуха. Нездарма шведскі амбасадар шмат часу аддаў цярпліваму асветніцтву, наладжванню культурных сувязяў і абмену, літаратурным перакладам, дапамозе ў абсталяванні і камплектацыі бібліятэк, абуджэнню беларускага патрыятызму, любові да роднай зямлі, да сваёй гісторыі.
Афіцыйным Мінскам і яго ідэолагамі С. Эрыксану прад’яўлены многія прэтэнзіі. Але ці маюць яны пад сабой грунт? Швецыя даўно прысутнічае ў жыццёвай прасторы Беларусі зручнай мэбляю IKEA, камфартабельнымі аўтамабілямі Volvo. Безумоўна, на гэтым спыняцца нельга. Але ў тым, што да нас не ідуць інвестары, трэба абвінавачваць не замежных амбасадараў, а ўласную палітыку ў галіне эканомікі. Агульны інвестыцыйны клімат у краіне не спрыяе прытоку капіталу. У 2008 годзе ў Стакгольме прайшоў эканамічны семінар, які рыхтаваў С. Эрыксан. На ім было вельмі шмат бізнесменаў, але іх палохае сітуацыя ў Беларусі. Прытым трэба ўлічваць, што ў дадзеным выпадку аўтарытарны рэжым, звыклы да расійскай нафта-газавай халявы і замежных крэдытаў, мае справу не з непераборлівымі аўстрыйцамі, немцамі або італьянцамі. Менталітэт шведаў не дазваляе ім пераступаць межы маралі і прыстойнасці.
Асабліва па-ідыёцку выглядаюць закіды амбасадару ў тым, што ён валодае беларускай мовай і выкарыстоўвае яе. Як быццам тое, што кіраўнік Беларусі, мясцовыя чыноўнікі, дыпламаты абыходзяцца без роднай мовы, — гэта не невуцтва, не нацыянальны нігілізм, а геройства! Стэфан Эрыксан сапраўды за восем месяцаў засвоіў нашу мову і ўдасканальвае свае веды. Ён разумна аналізуе сітуацыю: «Я бачу, што зараз некаторыя меры прымаюцца, каб пашырыць ужыванне беларускай мовы, але мяркую, што на гэтым спыняцца нельга, што гэтым трэба займацца, каб беларуская мова не стала чужой для малодшых пакаленняў. Гэта, мабыць, зараз самая вялікая праблема, бо расце пакаленне беларускіх дзетак, якія родную мову фактычна не выкарыстоўваюць.
Аднак я аптыміст і думаю, што беларуская мова зойме належныя пазіцыі ў жыцці беларусаў. У гісторыі для яе былі розныя цяжкія часы. Але, калі мова перажыла іх, дык напэўна выжыве і ў гэтай сітуацыі. Тым больш што краіна мае незалежнасць і магчымасці прымаць патрэбныя рашэнні ў моўнай палітыцы».
С. Эрыксан падкрэслівае, што сапраўднымі патрыётамі становяцца тыя, хто валодае роднай мовай, ведае сваю гісторыю, літаратуру. Якраз на гэтай глебе нараджаецца ўсвядомлены, трывалы патрыятызм, які не пахісне ніхто.
Не хачу крыўдзіць шаноўных амбасадараў блізкіх нам па мове славянскіх краін, але заўважу, што швед у валоданні беларускім словам стаіць далёка наперадзе. Маючы прад вачыма яго прыклад, яшчэ раз пераконваешся, што ўсё залежыць ад канкрэтнага чалавека, ад яго жадання, ад шчырых, адказных адносін да сваёй місіі.
Стэфан Эрыксан трымаецца пазіцыі няўхільнай абароны правоў чалавека, а таму рэгулярна хадзіў на пратэстныя акцыі, у суды, каб самому пераканацца ў тым, што там робіцца. А гэта вельмі не падабалася беларускаму рэжыму.
Міністр замежных спраў Швецыі К. Більт у сваім блогу даў каментарый абвінавачванням у «падрыхтоўцы экстрэмістаў», якія прагучалі на адрас С. Эрыксана. «Беларускія дзяржаўныя СМІ пачалі паклёпніцкую кампанію супраць Швецыі і нашага амбасадара», — заявіў ён. Усе прапагандысцкія фантазіі і нападкі міністр ацаніў адной знішчальнай фразай: «Найвялікшая лухта!»
Усім, хто паклёпнічае на слаўнага чалавека, раю ўважліва глянуць на сябе, на сваю жыццёвую пазіцыю, службовую дзейнасць і маральныя паводзіны. Падобныя абвінаваўцы становяцца ў адзін шэраг з аўтарамі такіх «шэдэўраў», як дакументальныя фільмы «Железом по стеклу» або «Баш на БАЖ», ім таксама не церпіцца за халуйскія ганарары пляснуцца фізіяноміяй у брудную лужыну…
На працягу чвэрці стагоддзя, пачынаючы з Чарнобыльскай катастрофы, мне давялося ў розных краінах займацца «народнай дыпламатыяй», якая разбурае вобраз ворага, нараджае сяброў. У гэтым кірунку праз непасрэдныя сустрэчы, кантакты звычайных людзей зроблена шмат. А цяпер я з абурэннем назіраю, як аўтарытарная ўлада нішчыць міратворчыя набыткі пісьменнікаў, мастакоў, вучоных, урачоў, інжынераў, рабочых, шукае «ворагаў» унутры краіны і за яе межамі…
Вестка пра атаку цемрашалаў на знакавага амбасадара ў дыпламатычным корпусе, які акрэдытаваны ў Беларусі, заспела ў Германіі, дзе я выступаў на міжнародным семінары, прысвечаным свабодзе слова. Мне да падобных няўклюдных выбрыкаў не прывыкаць, а вось калегі з ФРГ, Англіі, Чэхіі, Малдовы былі вельмі ўражаны хамскімі дзеяннямі. Там і напісаўся верш:
Плячо сябра
Стэфану Эрыксану
У краі, дзе страху канца не відно,
Дзе верш канае ў турме безгалосай,
Для люду ёсць выйсце, бясспрэчна, адно —
Свабоду аплочваць уласным лёсам.
Дагэтуль у праўды няшмат слухачоў,
Але дзень лепшы зязюля варожыць.
Як плуг дапамогі, спагады плячо
Рассоўвае смела сум і варожасць.
Трывожнай крыві маладая зара
Асветліць надзеяй астрожны побыт…
За сябра не трэба заўжды паміраць,
Бо досыць стаяць не ўбаку, а побач.
Для тых, хто ўсё ў жыцці мерае нерухомасцю і грашыма, хто бачыць за любым памкненнем і дзеяннем толькі меркантылізм, а такіх людзей цяпер развялося нямала, паведамляю, што я ад кіраўніка шведскай амбасады не меў аніякай дапамогі, акрамя дарагога для мяне слова маральнай падтрымкі.
Я даўно пераканаўся, што можна рабіць дабро, сябраваць проста так, на глебе душэўнай і творчай блізкасці, аднолькавага разумення сапраўдных, вечных каштоўнасцяў у чалавечым існаванні.
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…