НАМ ДАРЭЧЫ ЛЮД СТАРЭЧЫ…
Як паведаміў міністр працы і сацыяльнай абароны, у Беларусі на 100 чалавек, якія працуюць, прыпадае 57 пенсіянераў, і з кожным годам «дзядуль і бабуль» становіцца ўсё болей. Старэе наш народ паціху, Для працы не стае людзей…І як такому гору-ліхуНам рады даць, ратунак дзе?
Для прапаноў, ідэй і версій
Адной замала галавы.
Чыны сабраліся «наверсе»,
Каб штурм наладзіць мазгавы.
— Я разважаю-мыслю гэтак:
Стымуляваць нам трэ жанчын,
Каб нараджалі болей дзетак, —
Падаў ідэю дробны чын. —
Вунь плацяць сем’ям у Расіі
Па трыста тысяч за дзіця!
А ў нас даляраў сто ад сілы…
Хіба ж то грошы для жыцця?
Ускочыў чын вышэйшы самы
(Ён вёў на сходні гэтай рэй):
— Мы мецьмем «пшык»
з тваёй праграмы!
Не мог прыдумаць ты мудрэй?
Каб выканаць праграму гэту,
Трыльёны трэба! А адкуль?
Узяць з нішчымнага бюджэту,
Які і так амаль што нуль?
У рэшце рэшт нашто нам дзеці?
Што мецьмем з іх, апроч пакут?
Каб крэслы захаваць, на мэце
Нам трэба мець працоўны люд.
— Рабочых рук мы мелі б досыць,
Бадай, на наш хапіла б век,
Аднак іх чорт па свеце носіць —
Хто ў Пецярбургу, хто ў Маскве, —
Паварушыўшы трохі клёпкі,
Чыноўнік выказаў пасыл. —
Там вабяць добрыя заробкі.
А нашыя рублі — як пыл…
— І ты плявузгаеш пра грошы! —
Вышэйшы чын яго абсек. —
Намер твой вельмі нехарошы,
Нібыта нада мною здзек.
Як даць па тысячы даляраў,
Калі пустая ў нас казна?
Тут і пяцьсот — пакуль што мара,
І тая прывідна відна.
— А мо падсобяць нам кітайцы?
Рабсілы ў іх — бы ў лесе дроў.
З кітайцамі ў адзінай спайцы
Мы працавацьмем — будзь здароў!
Вышэйшы чын:
— Ну й бесталковы!
Ты хоць падумаў бы спярша.
Ад гэтай «мудрай» прапановы
Аж разбалелася душа.
Кітайцам мы зусім нядаўна
Кавалак аддалі зямлі.
Быў смелым крок!
І што ж ён даў нам?
Ды вэрхал людзі паднялі!
Калі ж запросім з Паднябеснай
Не сотню тысяч, а мільён,
Дык скажа люд:
«Самім тут цесна»,
І нас з табой пагоніць вон.
Твая ідэя — соль на раны…
А быў яшчэ пасыл такі:
— На пенсію сыходзяць рана
У нас жанкі і мужыкі.
«Бабулі» сноўдаюць на танцы —
Імпэт з’явіўся малады,
І кожны дзень па добрай шклянцы
Глытаюць бугаі-«дзяды».
Напэўна, гэтак лічыць кожны,
Таму і я скажу наўпрост.
Нам сёння павялічыць можна
Для ўсіх людзей пенсійны ўзрост.
Вышэйшы чын:
— Вось тут я згодзен:
Пенсійны ўзрост у нас малы.
Ды што нам скажуць у народзе?
Мы не пачуем пахвалы…
Улада нават пры Саветах
У гэтым бачыла бяду.
Таму сваё, як кажуць, вета
Я на ідэю накладу.
Ніводзін падыход не новы,
Хоць кожны з вас сказаць мастак.
Паслухаў вашы прапановы
І ў выніку рашыў я так:
Ды на халеры
Вашы «меры»?
А выбары — вось гэта боль.
Хто найчасцей дае нам веры
На выбарах? Пенсіянеры!
Дык хай жа будзе іх найбольш!