TOP

ПЕРШАЕ ЎРАЖАННЕ

Калі першае ўражанне тычыцца чалавека, то яно можа быць памылковым. Для таго каб выявіліся інтэлект, культура, характар пэўнай асобы, з ёю трэба пэўны час мець стасункі, бо, як кажуць, сустракаюць па адзенні, а праводзяць згодна розуму. Затое арганізацыя жыцця народа выяўляецца адразу, як толькі перасечана мяжа краіны. 

Беларусам вельмі карысна глянуць на свой побыт збоку, так, як яго бачаць іншаземцы. Дзесяткі разоў я наведваў горад Брэст, а пачынаючы з 1974 года, у час пераважна літаратурных камандзіровак, часта пераязджаў мяжу. У мяне, звыклага да аскетызму мясцовай жыццёвай прасторы і спартанскага быту, не было патрэбы засяроджваць позірк на нейкіх дэталях. Але нядаўна давялося ўбачыць знаёмыя аб’екты вачыма вандроўнікаў-бельгійцаў. Скажу шчыра — быў у шоку. Я нават не ўяўляў, як прымітыўна, безгустоўна выглядае і архаічна працуе галоўная брама краіны на заходнім напрамку — брэсцкі чыгуначны вакзал.

Але раскажу па парадку. Перастаноўка вагонных колаў у Брэсце, якая ў выпадку спазнення цягніка зацягваецца на тры-чатыры гадзіны, становіцца для пасажыраў цяжкім выпрабаваннем. Асабліва гэта адчувальна ў спёку, калі не працуюць кандыцыянеры і няма ніякай вентыляцыі, а людзей з нагрэтых сонцам вагонаў не выпускаюць. Якраз праз такое пекла нядаўна давялося прайсці ў цягніку «Саратаў — Берлін».

Вагону «Амстэрдам — Масква», які рухаўся ўжо на ўсход, пашанцавала. Вопытная і добразычлівая правадніца зжалілася над пасажырамі, пасля праверкі пашпартоў выпусціла на волю, каб дабіраліся ад майстэрняў да вакзала і там чакалі «пераабуты» цягнік.

У вагоне ехала бельгійская сям’я: маладыя бацькі з дачушкаю і сынком. Яны ўпершыню кіруюцца ў Беларусь — хочуць наведаць сем’і ў Мінску і ў Гомелі, з якімі звяла Чарнобыльская катастрофа, бо неаднаразова прымалі на аздараўленне беларускіх дзяцей.

Тутэйшая рэчаіснасць з першых хвілін здзіўляла бельгійцаў. Напрыклад, уразіў «бізнес» пажылых або старэнькіх жанчын, якія, абліваючыся потам, бралі прыступам вагон, каб прадаць вараную бульбу, гуркі, памідоры, ягады, прапаноўвалі нават піва і гарэлку. Калі мелася просьба пасажыраў, рабілі ходкі і па марожанае.

Апынуўшыся на свабодзе, мы высветлілі, што недалёка ад майстэрняў стаіць аўтобус «ПАЗ», які давозіць пасажыраў да вакзала. Бельгійцы пры пасадцы былі ў роспачы, бо маленькая дачка ўсчала вялікі гвалт. Ёй страшна было залазіць у абшарпаную калымагу, у якой, акрамя духаты, стаяў такі густы пах бензіну, што людзям яўна патрабаваліся супрацьгазы.

На вакзале, дзе шмат памяшканняў былі зачынены, бельгійцы шукалі патрэбныя ім аб’екты — абменнік, туалет, кафэ. Але па паказальніках, якія тут маюцца, знайсці нешта цяжка не толькі іншаземцам.

Выручалі разгубленых бельгійцаў расіянка Наталля, што замужам за берлінцам, і мая жонка, якая добра валодае нямецкай мовай. Урэшце мы разабраліся ў блытаніне паказальнікаў і правялі гасцей у неабходныя месцы.

Але сюрпрызы не скончыліся. У абменніку працавала толькі адно акенца, доўгая чарга да якога кінула бельгійку-маму ў глыбокі сум. Калі бельгіец-тата наведаў платны вакзальны туалет, ён выйшаў адтуль з бледным тварам і не змог не падзяліцца ўражаннямі. Расказаў, што там немагчыма дыхаць, што касірка прапаноўвала нейкія шматкі туалетнай паперы, ад якіх ён адмовіўся, што мыць рукі трэба не каля туалета, а зусім у нейкім іншым кутку.

Апафеозам у абслугоўванні замежных пасажыраў стала вакзальнае як бы «кафэ», а прасцей — забягалаўка . Аўтамат для варкі кавы не працаваў, мажная буфетчыца ў заплямленым фартуху сыпанула ў кубкі пару лыжак кавы з пакета, узяла чайнік, пабоўтала яго і наліла кіпню. Усё гэта яна рабіла з такой змрочнай мінай, што здавалася — рыхтуе атруту. У Беларусі не толькі людзі на вуліцах, але нават супрацоўнікі сферы абслугоўвання, якім гэта належыць па службе, так і не навучыліся ветліва ўсміхацца. Тым не менш, трэба аддаць належнае якасці кавы, яна, на здзіўленне, была добрай.

Вакзальную няўтульнасць адказныя асобы спісваюць на рэканструкцыю, якая ідзе не першы год. Але абыякавае абслугоўванне, гнюсны пах з туалета на ўсю прастору працуючай часткі вакзала ніякага дачынення да будоўлі не маюць. А галоўная праява бескультур’я — тое, што на міжнародным (!) вакзале нідзе не ўбачыш пісьмовага прабачэння на роднай і асноўных замежных мовах за нязручнасці, якія пасажырам прычыняе рэканструкцыя.

Дарэчы, пра першы этап рэканструкцыі аглядальнік А. Міхальчук піша: «Создается впечатление, что архитекторы здесь специально и трудились только для того, чтобы запутать людей… В итоге, на примере реконструкции брестского вокзала видно: сколько потрачено бесполезного труда, средств, материалов, сил, времени, чтобы сделать столько неудобств и препятствий для людей там, где все могло быть проще, удобнее, современнее, качественнее, дешевле».

Новы этап будаўніцтва і ўстаноўкі абсталявання на вакзале працягнецца да ІІ квартала 2013 года, на што будзе затрачана яшчэ 150 мільярдаў рублёў.

Гледзячы на рэканструкцыю брэсцкага вакзала, я зноў пераконваўся, што ніякія грошы не дапамогуць стварыць нешта вартае, калі за справу бяруцца не майстры, а рамеснікі «савецкага разліву». Талінскі пісьменнік А. Іваноў сцвярджае: «Самым устойчивым паразитом оказалась пошлость, ее гомо советикус потянул за собой, как улитка свой домик; с младенчества привитую безвкусицу нипочем не вывести, никаким капитализмом, никакими свободами…»

Неаднаразова чуў ад іншаземцаў: «У вас круглы год — парады, гульні, канцэрты, паказальныя выступленні спецназа, ганаровыя варты піянераў, камсамольцаў. Набудавана процьма спартыўных і лядовых палацаў, якія паўпустыя. А звычайных туалетаў няма. Народ бяжыць да нас, каб працаваць, вучыцца або нават мець палітычнае прыстанішча. Як жа вы з гэтым мірыцеся?» Становіцца сорамна ад такіх слоў…

Магчыма, першае негатыўнае ўражанне, якое ў бельгійцаў нарадзіў брэсцкі вакзал, выправяць увагаю, высокай культурай, добрым густам у арганізацыі адпачынку гасцінныя сем’і ў Мінску і Гомелі?

Але ў мяне застаецца сумненне. Ведаю, як спрацоўвае «чарка і скварка», славуты «беларускі прымус», як замежных гасцей стараюцца накарміць «ад пуза» і напампаваць «па завязку» гарэлкай. Іншаземцы пра вынікі такой «гасціннасці» ўспамінаць не любяць…

У мяне трывогу выклікае не толькі прымітыўны быт. Сэрца поўніць жах, калі бачу нацыянальны нігілізм, пустадомства, грамадзянскую і маральную дэградацыю, якая пануе ў Беларусі. Таленавітыя людзі стаміліся ад цынічнай пагарды чыноўнікаў, адміністратыўнага ўціску, прапагандысцкай хлусні і пакідаюць краіну назаўсёды. Гэта велізарная страта, якая яшчэ адгукнецца!

Тым, хто цвёрда вырашыў жыць тут, трэба напружыць розум і сілы, каб нарэшце спыніць аўтарытарызм, які стамляе ўвесь народ прымітыўнасцю і бесперспектыўнасцю, каб абавязкова пабудаваць адэкватную палітычную сістэму, што аптымістычна запрацуе на будучыню Беларусі.

Мы павінны памятаць, што пад нашымі нагамі — родная зямля. Вечная, як жыццё. Беларусам выпала быць тут. Прытым доўга. А таму належыць гэтую зямлю любіць, добраўпарадкоўваць, жыць на ёй свабодна, годна, культурна, каб не было сорамна прад іншымі людзьмі за свой народ, за краіну. 

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.