TOP

«А ВЫ ДУМАЛІ, ШТО Я СЦЯГ НА ЁЛКУ АДРАЗУ ПАЙДУ ВЕШАЦЬ?»

Падчас знаходжання ў калоніі актывіст КХП-БНФ Сяргей Каваленка быў героем публікацыі не толькі незалежнай прэсы, але і турэмнай газеты «Луч света». 

На старонкі гэтага выдання асуджаны апазіцыянер трапляў як злосны парушальнік рэжыму.

— Так і падумаў, што я — «луч света», — смяецца былы палітвязень.

Званок карэспандэнта «Салідарнасці» заспеў вызваленага 26 верасня Сяргея Каваленку ў краме, дзе ён набываў дэталі для крана.

— Прачнуўся і даведаўся, што трэба яго рамантаваць, — патлумачыў Сяргей.

За пакупкамі Каваленкі выправіліся ўсёй сям’ёй. З нагоды вызвалення бацькі старэйшы сын Сяргея не пайшоў у школу.

— Якія могуць быць ўрокі, калі ён бацьку амаль год не бачыў! — кажа Каваленка.

Жонка і дзеці не нарадуюцца ягонаму вызваленню. Алена сустрэла мужа з калоніі сапраўднай беларускай ежай —бульбай з мясам. Сын сыграў на скрыпцы.

— Ён таленавіты хлопчык. За два месяцы гадавую праграму засвоіў, — з гонарам гаворыць бацька.

У найбліжэйшых планах Сяргея Каваленкі пасля вызвалення — больш часу праводзіць з сям’ёй.

— А вы думалі, што я сцяг на ёлку адразу пайду вешаць? — жартуе суразмоўца. — Не, мне жонка сказала: «Давай спачатку ў новую кватэру пераедзем». Яна малайчына, паспела без мяне зрабіць там рамонт. Дарэчы, па майму дызайну.

Як ні дзіўна, ад калоніі ў Сяргея Каваленкі засталіся станоўчыя ўражанні.

— Прадстаўніку Папы Рымскага Клаўдыа Гуджэроці на сустрэчы я так і сказаў: «Адчуваю моц». А калі той запытаўся пра ўмовы ўтрымання, спаслаўся на міліцыянтаў, якія кажуць, што мы тут у санаторыі. Прадстаўнік Дэпартамента выканання пакаранняў дадаў: «И воздух здесь хороший!». — «Я бачу у вас добрае пачуццё гумару», — адгукнуўся Гуджэроці.

Са слоў Сяргея, у калоніі большасць асуджаных ставіліся да яго добра. Нават хлопцы з Расіі яго разумелі.

— Людзі за кратамі разумеюць, што абываецца ў краіне, імкнуцца да вольнага слова, незалежнай прэсы, — дадае Сяргей Каваленка. — А калі перад выбарамі глядзелі тэлевізар, асуджаныя казалі, што выбараў няма, і што урну ўначы мяняюць. А так у калоніі ніякіх выбараў не было: ні датэрміновых, ні нядзельных.

Каваленка прызнаецца, што найбольшую асалоду яму дорыць свабода.

— Зараз больш магчымасцяў весці паўнавартаснае жыццё. Ішоў сёння і думаў: некаторыя людзі нідзе не паспяваюць, а я ўсюды — і ў сям’і, і ў палітыцы. Можа, мае хобі калісьці стане маей працай.

Нагадаем, Сяргей Каваленка быў затрыманы 19 снежня 2011 года. Яго абвінавачвалі ва ўхіленні ад адбыцця пакарання — абмежаванні волі. Так яго пакаралі за тое, што вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на ялінцы ў Віцебску.

У лютым 2012-га Каваленка быў асуджаны на два гады і адзін месяц пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Пасля затрымання ён аб’явіў галадоўку, якая доўжылася каля двух месяцаў.

Таццяна Гусева, фота «Еўрарадыё»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.