«РАТАВАЛЬНІКІ»

Мне даводзілася часта пісаць пра тое, як аўтарытарная ўлада па-езуіцку эксплуатуе балючую памяць насельніцтва пра вайну, нагнятае ў грамадстве мілітарысцкі псіхоз, каб самой заставацца на троне. Гэтай мэце служаць парады, якія прымаюць «венцаносныя» бацька і сын у дзівацкіх мундзірах, вучэнні, пагрозы ў бок нейкіх «ворагаў». 

Апошнім часам правячая вярхушка носіцца з ідэяй паставіць усю краіну пад ружжо, стварыць гэтак званую «тэрытарыяльную абарону». Нядаўна старшыня Віцебскага аблвыканкама, ён жа генерал, А. Касінец правёў у сваёй вотчыне ваенныя зборы: да абласных сілавікоў вышэйшага рангу былі далучаны чыноўнікі, апранутыя ў форму.

Нягледзячы на катастрафічны дэфіцыт у краіне грашовых сродкаў, калі няма чым аддаваць пазыкі мінулых гадоў, дарослыя дзядзькі з саліднай камплекцыяй забаўляюцца дзіцячай гульнёй — «вайнушкай». Навошта? Каб толькі пакрасавацца перад народам у мундзірах?

У Беларусі паўтараецца сітуацыя, пра якую калісьці ў СССР спяваў вядомы бард А.Галіч:

«Мы стоим за дело мира,

Мы готовимся к войне…»

Вынікі такой падрыхтоўкі, на якую патрачаны жыцці некалькіх пакаленняў савецкіх людзей, гіганцкія матэрыяльныя рэсурсы, велізарныя грошы, сёння расхлёбваюць сучаснікі. Назапашаную зброю тапілі ў марах, закопвалі ў зямлю, прадавалі оптам і ў розніцу, а канца ёй так і няма. Пастаянна гараць, выбухаюць вайсковыя склады з ракетамі, снарадамі і мінамі, што прыводзіць да ахвяраў сярод ваеннаслужачых, тэрарызуе мірнае насельніцтва.

Амерыканскі публіцыст Д. Хофман у кнізе «Мёртвая рука». Невядомая гісторыя халоднай вайны і яе небяспечная спадчына» піша: «У стэпе ля паўднёвай мяжы Расіі за мільярд долараў была пабудавана фабрыка, на якой павінны знішчацца велізарныя запасы хімічнай зброі, у тым ліку зарына, які знаходзіцца на бліжэйшых складах. На хімічным камбінаце «Маяк» Злучаныя Штаты за 309 мільёнаў долараў пабудавалі вялізнае ўмацаванае сховішча для захавання лішніх ядзерных матэрыялаў…» Што тут можна сказаць! Яшчэ са студэнцкіх гадоў, калі займаўся на ваеннай кафедры, помню жахлівую лічылку: «Зарын, заман, табун…».

Савецкія «міратворцы» нарабілі столькі рознага смертаноснага паскудства, што цяпер без дапамогі «патэнцыяльных ворагаў» (!) утылізаваць гэтае «багацце» не ў стане.

Але і ўтылізацыя часта дабром не канчаецца, напрыклад, улетку на сайце «Новой газеты» чытаю: «27 июля около 9 утра на заводе по уничтожению химического оружия при в/ч 21225 «Почеп – 2» произошла утечка 6 тонн нервно-паралитического вещества VX».

Асабліва брыдка глядзіцца новая мілітарысцкая валтузня ў Расіі і ў яе саюзніцы Беларусі на фоне грандыёзнага скандалу, што разгарэўся вакол Міністэрства абароны РФ і камерцыйных структур, якія яно распладзіла. «Жаночы батальён» А. Сердзюкова прысабечыў мільярды рублёў бюджэтных сродкаў, двое сутак кантралёры перапісвалі ўкрадзеныя грошы, упрыгожанні і рознае іншае багацце ў службовых кабінетах і кватэрах толькі некалькіх «амазонак». А колькі адкрытых «кладаў» яшчэ чакае наперадзе! Беларускія сілавікі, замешаныя ў многіх крымінальных справах, працуюць, як і расійскія калегі, пад старым лозунгам: «Вайна ўсё спіша!».

Раней дзяўчаты ў Беларусі і ў Расіі шукалі сабе жаніхоў сярод вайскоўцаў, а цяпер нявесты самі рынуліся табунамі ў міліцыю і армію. Прычына навідавоку — там ёсць не толькі кавалеры, але і больш-менш прыстойныя аклады.

Размаўляю з настаўніцай, якая стала пенсіянеркай, аднак, як надзейны кадр улады, па традыцыі на парламенцкіх выбарах працавала ў камісіі. У адказ на абвінавачванні ў фальсіфікацыях і прыпісках, якія былі зафіксаваны на яе ўчастку, жанчына раздражнёна кажа: «Так нада! А што, вы хочаце, каб вайна была? Мы ратуем нашу дзяржаву!» Вось табе і маеш: знойдзены «гуманны паварот», каб апраўдаць крымінальнае злачынства.

У Расіі ў «выбарчых каруселях», падтасоўках удзельнічаюць «нашысты», а ў нас ганебнай справай займаюцца не толькі мабалізаваныя ўладай маладыя кан’юнктуршчыкі і кар’ерысты, але і вялікая маса настаўнікаў. Так-так, тых людзей, якія абавязаны «сеяць разумнае, добрае, вечнае», быць праўдзівымі! Вы спытаеце, а як жа пасля такіх «выбараў» яны пойдуць да сваіх вучняў, што сядзяць у інтэрнэце, чытаюць інфармацыю пра «подзвігі» педагогаў, лаянку ў іх адрас? Не хвалюйцеся, пойдуць, бо «так нада».

Да ліку «ратавальнікаў» можна аднесці еўрапейскіх чыноўнікаў, якія перад тэлекамерамі дэманстратыўна тупаюць нагамі: «Ату апошняга дыктатара Еўропы!», а самі цішком лабіруюць бізнес сваіх сяброў, знаёмых у Беларусі, дапамагаюць здзелкам з адыёзнай уладай. Тое, што рэжым зламаў лёсы соцен тысяч людзей, што ў стрэсавым стане існуе большасць нашага насельніцтва, баючыся трапіць у турму, страціць працу, вылецець з ВНУ, ім пляваць. Многія заходнія функцыянеры жывуць, як і тутэйшыя чыноўнікі, адным днём, толькі б утрымацца. А прыкрываюцца яны клопатам пра беларускі народ, які можа пацярпець ад санкцый. Дзіўна, што, не ведаючы мясцовай трасянкі, выкшталцоныя еўразвязаўскія дзядзькі і цёткі паўтараюць лозунг рэтраградаў: «Так нада!». Барані, Божа, ад такіх ратавальнікаў і абаронцаў!

Страх, народжаны сталінскімі рэпрэсіямі, стукацтва для расшырэння жылля, атрымання кватэры за кошт расстраляных, сасланых, пасаджаных у турму прывялі да маральнага выраджэння народа. Шмат злавеснага з таго часу засталося, укаранілася і атручвае наш новы дзень.

Ва ўмовах фізічнага выжывання, калі зарплат і пенсій не хапае нават на ежу і лекі, большасць тутэйшых людзей не заўважыла, як краіна стала маральнай пустыняй, дзе ніяк не прыжываецца зялёнае дрэва гуманізму і дэмакратыі. Людзі страцілі павагу да сябе, яны абмянялі на мізэрны харчовы паёк волю, правы, свабоду слова.

Дзевятнаццаты год, нягледзячы на заявы пра мадэрнізацыю палітычнай сістэмы, ніякіх змен да лепшага ў нас няма. Чаму? Ды таму, што аўтарытарызм не можа трансфармавацца дэмакратычнымі метадамі. Не сакрэт, што яўна дэградуе і апазіцыя, якая існуе ў драконаўскіх умовах. Яе раз’ядноўваюць, размываюць пастаянны ўціск адміністратыўнага рэсурсу, метадычныя правакацыі і знішчальныя дзеянні спецслужбаў.

У аўтарытарнай дзяржаве інакш не бывае. Улада камічная, апазіцыя камічная, насельніцтва камічнае, а як усё абагульніш — становіцца зусім не смешна.

Задача ратавання беларускай нацыі не толькі наспела, але і пераспела. Вось што напісаў яшчэ 1 кастрычніка 2001 года ў лісце да мяне з Франкфурта-на-Майне класік айчыннай літаратуры, слаўны чалавек, незабыўны Васіль Быкаў: «Палітыка здыхае, бо ўся яна або звыродлівая, або нямоглая. Як і народ, які яшчэ не нарадзіўся. Але калі дагэтуль не нарадзіўся, дык ужо і не народзіцца. У ХХІ ст. тое — позна. Застаюцца толькі аскялёпкі ў выглядзе т. зв. творчай інтэлігенцыі».

Тым не менш, «аскялёпкі», да якіх я маю гонар належаць, не хочуць смерці нацыі, змагаюцца за яе адраджэнне. Усім астатнім таксама нельга пасіўна чакаць пазітыўных перамен, трэба іх набліжаць. 

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023