КУДЫ ПАЙСЦІ, КУДЫ ПАДАЦЦА?
Дэпутаты новай Палаты прадстаўнікоў шляхам электроннага галасавання папярэдне запісаліся ў камісіі па ўласным жаданні. Самай непапулярнай аказалася камісія па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ. Два дэпутаты ў калідорыБудзілі ў спрэчцы цішыню.(Адзін хадзіў тут год каторы,Другі абраўся ўпершыню.)
— Сказаць па праўдзе, працы мала —
Бы ў міністэрскага чынка, —
Сумленна дэпутат бывалы
Вучыў калегу-навічка. —
Я, дружа, тут, лічы, вякую,
Бо тэрмін мой ужо другі.
А ты ў камісію якую
Патрапіць хочаш, дарагі?
— Я малады і не калека —
Хачу папрацаваць з людзьмі.
Правы хвалююць чалавека,
Нацыянальнасцей і СМІ.
— Ты з глузду з’ехаў, мусіць, хлопча! —
Усклікнуў сталы дэпутат. —
Ніхто ісці туды не хоча,
Каб не займець праблемаў шмат.
Ну, скажам, што датычыць тэмы
Пра чалавечыя правы…
У турмы трапілі нацдэмы —
Дагэтуль водгалас жывы.
Еўропа падымае лямант:
Правы асобы не відны,
Чаму ж, маўляў, маўчыць парламент,
Не б’е, як кажуць, у званы?
Еўропа выставіла ўмовы
І не ідзе на кампраміс.
Няўжо таксама ты гатовы
Папоўніць знаны «чорны спіс»?
Хто «неўязны», патрапіць можа
Ці толькі ў Турцыю, ці ў Крым…
— Ды на язык ціпун! Крый Божа!
Хачу Парыж пабачыць, Рым…
— Дык вось і я кажу пра гэта…
Цяпер той самы друк вазьмі.
Нашто табе яны, газеты,
І ўвогуле навошта СМІ?
Каб знаў ты: у пытаннях прэсы
Для нас з табой расклад ліхі,
Бо ў гэтым маюць інтарэсы,
Так мовіць, самыя «вярхі».
Таму які аб друку-прэсе
Патрэбна нам прыняць закон,
Дакладна знаюць там, «наверсе»,
І толькі асабіста Ён…
Найперш уладзе прэса трэба,
Бо каб ты ведаў, дарагі:
Калі няма ў народа хлеба,
Народу тлумяцца мазгі.
— Пераканаў ты: пешкі ўсе мы…
Ды ў той камісіі, дальбог,
Нацыянальныя праблемы
Я, мусіць, вырашыць бы мог.
— Я б цешыцца табе не раіў.
Ці ёсць праблемы? Дзе яны?
Яўрэі з’ехалі ў Ізраіль,
Сышлі ў Еўропу цыганы.
Хіба што толькі ад палякаў
Мы маем сёння шмат турбот.
Але пра іх бы я не «вякаў»,
Не разяўляў бы нават рот.
Галоўная ў тым Польшчы роля,
Што Захад гнобіць нас, павер.
Таму ў Самога на кантролі
«Пытанне польскае» цяпер…
Від у абранніка пануры:
— Куды ж мне скіраваць імпэт?
Прыткнуцца, можа, да «культуры»?
Ці мо падацца на «бюджэт»?
— Дзе б засядаць ні быў ахвочы,
Куды б ты ні пайшоў,
Але ж
Люд усё роўна скажа ў вочы,
Што ты ў Палаце лынды б’еш.
Каб льга было па ўласнай волі,
Дык кожны б, мусібыць, абраў
Камісію, дзе на кантролі
Пытанні міжнародных спраў.
Хоць кажа люд наш паспаліты
(Ён мае рацыю пакуль),
Што ў нас адзін цяпер палітык,
А дэпутаты — поўны нуль.
Няхай сабе і так… Затое
Ніхто з людзей не папракне,
Што плён камісіі — пустое…
Ці ж гэта па яе віне?
«Куды, прынамсі, нам падацца,
Палата вырашыць няхай.
Паўсюль — аднолькавая праца:
Сядзі — на кнопкі націскай», —
Вось думка тога і другога.
Яшчэ адзначылі яны:
— Шкада, касцюмаў трэба многа,
Бо праціраюцца штаны…