НЕ ХОЧАШ РЫНКУ? ГРЫЗІ СКАРЫНКУ!
Міністр фінансаў Германіі Вольфганг Шойбле: «Эканомікі не могуць быць трывалымі без дэмакратыі. Свабода рынку і дэмакратыя ўзаемазвязаныя». Экс-міністр фінансаў Расіі А. Кудрын: «Калі ўзровень жыцця расце, народ пачынае хацець дэмакратыі». Аляксандр Лукашэнка: «Рыначную ідэалогію нам падкінулі для таго, каб знішчыць тую эканоміку, якая ў нас была… Ні чарта ён (рынак. — А. Н.) не адрэгулюе…» Калгас калісьці быў, як глыба,І меў ён сажалак каскад.І касяком адзіным рыбаЖыла ў ім дваццаць год назад.
Ды занядбалі гаспадарку
Мясцовыя кіраўнікі
(Шкада, ім не далі па карку).
Калгас распаўся на шматкі.
І рэзультат усім вядомы
У міжусобнай барацьбе:
У тым каскадзе вадаёмы
Жыць сталі самі па сабе.
У сажалцы каля балота,
З другога боку лесу ўскрай
Ад безуладдзя і ляноты
Узнік між рыбамі раздрай.
Жылі асобнай хеўрай плоткі,
Яршы заселі ў глыбіні,
На мітынгах жа рвалі глоткі
Падлешчыкі і акуні.
А голад той раздрай паскорыў.
Даўмелі рыбы, што пара
Абраць на тэрмін некаторы
Ці прэзідэнта, ці цара.
Хай знішчыць ён усе мярэжы,
Паўсюль парадак навядзе,
Каб рыбы ўдосталь мелі ежы,
Наогул рады дасць бядзе.
Кандыдатур было нямала
На прэзідэнцка-царскі трон,
Ды хтосьці выступіў няўдала,
А хтосьці проста пустазвон.
Адсеяліся кандыдаты,
Абралі ж злагадна сама:
Мажны, падборысты, вусаты —
Лічылі, лепшага няма.
Тым болей, што, адзначыць трэба,
Паабяцаў вусаты сом
Уволю чарвякоў і хлеба,
Як шкельца, чысты вадаём.
Рай будзе для дзяцей-ікрынак,
Старыя жыцьмуць без бяды,
Бо дэмакратыя і рынак
Тут запануюць назаўжды.
Прайшлі гады.
І пакрыёма
Дайшло да рыбіных галоў,
Што ён, правіцель вадаёма,
Не пацвярджае ўласных слоў.
Ісці да рынку неахвота,
Бо «ні чарта не дасць» жа ён,
І сажалка — амаль балота,
Усё застыла, як здавён.
Не рвуць ля мікрафонаў глоткі
Ні краснапёркі, ні язі,
Бо з імі дыялог кароткі:
Прамоўцаў топчуць ў гразі.
А як пра гнёт улады цяжкі
Абмовіцца карась які,
Дык да затокі-каталажкі
Ахова гоніць — шчупакі.
З суседніх сажалак уголас
Казала рыбная гурма:
— У вас заўсёды будзе голад,
Бо дэмакратыі няма.
А без яе і без свабоды
І экономіцы гамон.
Вунь зазірніце ў нашы воды:
Прыносіць рынак добры плён!
І ад сама яны пачулі:
— Не лезьце ў нашую ваду,
Бо вашым шляхам —
Вось вам дуля! —
Я свой касяк не павяду.
У нас для ўсіх пароўну ежы,
Вады ж — хоць пі яе нагбом!
Царам-калегам, як належыць,
Адлуп таксама выдаў сом:
— Вы ўсе, панове, верхагляды…
Чым больш жыруюць касякі,
Тым больш прэтэнзій ёсць да ўлады,
Яны дыктату ўжо не рады.
І так было ва ўсе вякі.
Дык і нашто мне гэты рынак
(Хоць у душы я дэмакрат)?
Каб рынак той рэжым абрынуў,
І каб касяк мне даў пад зад?
Таму параду вам падкіну:
Свае суцішце галасы.
Вы ўсе каліфы на гадзіну,
А я ўладар на ўсе часы…
* * *
І будзе мець касяк скарынку,
Як колісь, дваццаць год назад:
Ні дэмакратыі, ні рынку
Не зычыць блізкі далягляд.