НАРОДУ СОРАМНА

Даўно не было такой хвалі грамадскага пратэсту, якая ўзнялася ў сувязі з тым, што ў Мінску дакументы на праезд у транспарце надрукавалі на рускай мове. Здавалася, тутэйшы люд даўно не рэагуе на любы здзек аўтарытарнай улады (на фальшывыя выбары, несправядлівыя зарплаты і пенсіі, няспыннае павышэнне цэнаў), і раптам — канфлікт. Ды ў якой сферы: у нацыянальнай!

Двойчы я знаёміўся з дыскусіямі, якія разгарнуліся ў незалежным друку і ў інтэрнэце з гэтай прычыны. Кажу адразу, што вялікага аптымізму ў душы яны не выклікалі, але праменьчык надзеі нарадзілі. Асабліва важнай падалася фраза: «Народу сорамна!»

Радуе, што сотні людзей самакрытычна адгукнуліся на ўціск роднага слова, шчыра выказвалі пачуцці сораму не толькі за беларусафобскую ўладу, але і за сябе, за грамадства, якое мірыцца з нахабнай русіфікацыяй, што аргументавана давалі адлуп ворагам мовы, напісалі лісты ў адпаведныя інстанцыі. На абарону нацыянальнай святыні ўзняліся нават рускамоўныя грамадзяне, якія выяўлялі то справядлівы гнеў: «Добивают белорусский язык окончательно, обидно за страну», то сарказм: «Для особо русифицированных оленей там рисуют цифры»(лічбавае пазначэнне месяца на праяздных білетах — С.З.), то асэнсаванне ганебнай сітуацыі: «Чего только народ не придумает в оправдание своей лени и ограниченности!».

Здаецца, што прышлыя чыноўныя русіфікатары і тутэйшыя начальнікі-пустадомкі за савецкія гады і за час калгаснага аўтарытарызму вынішчылі пад корань усё беларускае, ператварылі сэрцы і душы людзей у пустыню, дзе няма ніводнай ратавальнай патрыятычнай, нацыянальнай крынічкі. Толькі ўсё ж подлы нумар так проста не праходзіць! У народа няхай генетычна, на падсвядомым узроўні, ды ёсць адчуванне мярзотнай несправядлівасці, якую яму чыняць, адбіраючы Богам дадзеную мову. Калі здзек зашкальвае, тады многія людзі з цяжкасцю, але пачынаюць усведамляць, што яны не нейкія рабы-папіхачы, не боўдзілы-басцяйлы, а гаспадары на сваёй зямлі, дзе спрадвеку жыве беларускае слова.

Толькі, на жаль, высокія хвалі абурэння, пратэсту як раптоўна ўзнімаюцца, так хутка і безвынікова ападаюць у акіяне агульнай абыякавасці.

Не думаю, што хранічную моўную праблему можа вырашыць праграма-панацэя «запісных»павучальнікаў: «Народ возмущен сужением сферы употребления мовы — так ради бога, пожалуйста, давайте расширять ее в быту, каждый день, между собой, на работе, дома! Нет? Слабо… Поэтому и стыдно».

Правільна, трэба дамагацца, каб родная мова стала сямейнай, каб яна загучала на працы, у магазінах, у транспарце, на вуліцах. Але ацэнка «слабо»тычыцца найперш таго, хто словы ў яе падтрымку сам піша па-руску.

Калі я тэлефанаваў у Франкфурт-на-Майне, віншаваў з Калядамі і Новым годам Барыса Кіта — выдатнага вучонага, сапраўднага волата беларускага духу, то ён аддаў належнае пісьменнікам, якія, згодна яго слоў, на працягу стагоддзяў ратуюць родную мову, за што іх можна лічыць героямі нацыі. Прыемна было чуць такую ацэнку з вуснаў разумнага і прыгожага чалавека, якому хутка споўніцца 103 гады. Але я нагадаў, што маюцца і «непісьменныя пісьменнікі»(жартоўна-сур’ёзны тэрмін, ужыты мною, прыжыўся), што ўлада падзяліла літаратараў на «чэсных»і «нячэсных». Барыс Уладзіміравіч доўга смяяўся, а затым зноў вярнуўся да балючай тэмы мовы.

Сапраўды, пісьменнікі ў Беларусі розныя. Мае старэйшыя сябры, выдатныя паэты Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін на працягу жыцця, нягледзячы на ўсе перашкоды, не толькі мужна адстойваюць, але і сваім таленавітым словам шчодра ўзбагачаюць родную мову. Прытым выдаюцца за свой кошт або з дапамогай удзячных чытачоў-спонсараў.

А ёсць «чэсныя», якім напляваць на лёс мовы, на якой пішуць і друкуюцца за дзяржаўны кошт. «Да лямпачкі»ім і тое, што опусы пыляцца на складах. Кніга выдадзена, ганарар атрыманы, а цяпер і трава не расці!

Мне на фоне гэткіх «ратавальнікаў мовы»героямі бачацца мамы і таты, якія хочуць навучаць сыноў і дачок па-беларуску, якія змагаюцца за адкрыццё нацыянальных дзіцячых садкоў, класаў і школ, якія з пакутамі, з безліччу перасадак упарта возяць дзяцей у адзіны ў горадзе беларускамоўны клас, школу або гімназію. Лічу таксама адначасова героямі і пакутнікамі юных школьнікаў, бо яны пад будзільнік мужна прачынаюцца ранкам, калі сон самы салодкі, губляюць у пераездах каштоўны час, які можна было б выкарыстаць для хатніх заданняў і адпачынку.

Удумайцеся толькі ў сённяшнюю практыку прыніжэння і дыскрымінацыі карэннага насельніцтва, якую аўтарытарная ўлада ўсталявала ў незалежнай (!!!) Беларусі: маленькаму беларусу, каб вучыцца на роднай мове, трэба ахвяраваць сваім фізічным і маральным здароўем!

У прагматычную, жорсткую эпоху быць наіўным рамантыкам — смешны і няўдзячны занятак. Асобныя людзі, якімі б нацыянальна свядомымі яны ні сталі, ніколі не здольныя перасіліць бюракратычную машыну татальнай русіфікацыі. Місію надзейнай абароны і рашучага адраджэння беларускай мовы павінна ўзяць на сябе якраз дзяржава, якая носіць назву Рэспубліка Беларусь!

Для таго каб такая простая ісціна замацавалася ў народзе, разумным, свядомым грамадянам трэба весці не спантанны, як з праязднымі білетамі, а пастаянны і масіраваны штурм урада з патрабаваннем тэрміновай арганізацыі падрыхтоўкі нацыянальных выкладчыцкіх і настаўніцкіх кадраў, адкрыцця дзіцячых садкоў, школ, гімназій, каледжаў, ВНУ з беларускай мовай навучання. Іх колькасць у бліжэйшы час неабходна давесці да 50 працэнтаў (парытэтна з рускамоўнымі). Дзяржаўная беларуская мова не можа існаваць без грунту і падтрымкі. Зрабіць гэта не так складана, як здаецца песімістам.

Павазе да роднай мовы трэба вучыцца не толькі ў палякаў, чэхаў, славакаў, літоўцаў, эстонцаў, але і ў расіян. У пасланні У. Пуціна парламентарыям заяўлена: «Качественному образованию на русском языке необходимо придать глобальный характер. И в целом расширять присутствие России в мировом гуманитарном, информационном и культурном пространстве». На падтрымку сваёй мовы расійскі ўрад штогод выдзяляе вялікія сродкі.

Цяпер гляньце на тутэйшую рэчаіснасць: як вертыкаль можа ўмацоўваць Беларусь, падвышаць яе імідж у свеце, калі цынічна пазбаўляе карэнны этнас ведання сваёй гісторыі, мовы, культуры, традыцый? Дажыліся, што наша багатая і прыгожая славянская мова трапіла па крытэрыях ЮНЕСКА ў шэрагі знікаючых. А прадстаўнікам улады за гэта не сорамна. Не чырванеюць яны і за тое, што з розных прычын (карупцыя, крадзяжы, злоўжыванне службовым становішчам, бытавыя амаральныя паводзіны) інтэрнэт рэгулярна выбухае праклёнамі ў іх адрас.

Але і народ не белы, не пушысты. Яму не сорамна трываць нацыянальны і сацыяльны гвалт над сабой, мець пры жывых, але знішчаных алкаголем бацьках дзесяткі тысяч дзяцей-сірот.

Некалі ў вершы «Палітыка» я напісаў:

Залы, святлом залітыя,
Слоў трыбунных цвікі…
Гэта не ўся палітыка,
Гэта толькі вяршкі.
 
Праўда не мае літасці,
Кажа ўсім: «Не грашы!»
Смела вяршыць палітыку
Сорам збалелай душы.

Станоўчыя перамены прыйдуць ў Беларусь толькі тады, калі большасці народа стане сапраўды сорамна за сваё палахлівае, рабскае і прымітыўнае жыццё. 

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023