TOP

ДАГАНЯЮЧЫ МІНУЛАЕ…

Уключаючы тэлевізар, мой добры сябра, у мінулым таленавіты інжынер, цяпер пенсіянер з «залатымі рукамі», рагоча і прамаўляе: «Ну вот! Началось утро в колхозе!» Афіцыйныя СМІ, якія выступаюць у ролі піяршчыкаў рэжыму і адначасова блазнаў, разбэсціліся настолькі, што без сораму кормяць людзей махровай хлуснёй, непісьменнасцю, пошласцю.

Машына прапаганды не здольная збіць з тропу дасведчанае насельніцтва, якое карыстаецца альтэрнатыўнымі крыніцамі інфармацыі. Але яна вынікова ўздзейнічае на грамадзян, што не падключаны да інтэрнэту, да незалежнага друку, а толькі глядзяць БТ і АНТ, слухаюць «казённае» радыё. У Беларусі маецца вельмі шмат людзей, абмежаваных як у адукацыйным і культурным развіцці, так і ў магчымасцях доступу да праўдзівай інфармацыі. Варта ўспомніць, што ёсць рэгіёны, дзе наогул няма ўстойлівых тэлесігналаў. У такіх умовах рэжым, які праз любыя сродкі камунікацыі праводзіць сваю палітыку, заўсёды знаходзіцца ў выйгрышным становішчы: пастаянна капае на мазгі людзям і ўрэшце ўбівае, што яму патрэбна.

Аўтарытарная ўлада працуе на тое, каб звесці нават адукаваную, мыслячую частку грамадства да стану пасіўнай, пакорлівай, рабскай большасці, бо «…интеллигенция хочет разобраться. А большинству все равно». Правадыр бальшавікоў У. Ленін, які быў дваранінам і меў універсітэцкую адукацыю, заяўляў: «…Вообще к интеллигенции /…/ я большой симпатии не питаю, и наш лозунг «ликвидировать безграмотность» отнюдь не следует толковать как стремление к нарождению новой интеллигенции. «Ликвидировать безграмотность» следует лишь для того, чтобы каждый крестьянин, каждый рабочий мог самостоятельно, без чужой помощи читать наши декреты, приказы, воззвания. Цель — вполне практическая. Только и всего». Ён не цырымоніўся з апанентамі, што яскрава пацвярджае фраза з каментарыя да Крымінальнага кодэкса РСФСР: «По-моему, надо расширить применение расстрела».

Больш езуіцкай манерай карыстаўся яшчэ адзін савецкі правадыр Сталін: «Вот спрашивают, куда девался Ежов? Недавно он понадобился нам, послали за ним в наркомат, там его нет, говорят, уехал в ЦК. Послали в ЦК, его нет и в ЦК. Поехали домой, оказалось, лежит дома пьяный. Пришлось расстрелять подлеца». Уяўляеце, з якім задавальненнем успрымаліся абывацелямі такія «хохмачкі» крывавага ўзурпатара, маючага бяспрыкладна неабмежаваную ўладу!

Рэха «жартаўлівай» сталінскай эпохі, калі грамадства здранцвела ад страху і толькі па-лакейску славіла тырана, даляцела ў сённяшні дзень. Пра гэта напамінаюць зніклыя людзі, палітычныя вязні ў турмах, сівыя міністры і генералы, якія стаяць, калоцячыся ад перапуду, угінаючы галовы, на грозных прачуханках у тутэйшага правіцеля, а таксама буйная фантазія, розныя небыліцы, абсурдныя заявы, якія гучаць з самай высокай трыбуны, на прэс-канферэнцыях з мясцовымі і замежнымі (часцей расійскімі і ўкраінскімі) журналістамі. Тут «на арэхі» перападае ўсім — ЗША, Еўразвязу, апазіцыі, нават братэрскай, шчодрай Расіі, якая (праўда, з абсалютна меркантыльнымі, імперскімі мэтамі) амаль 18 гадоў трымае на плячах героя-апавядальніка. Словам, «адным махам усіх пабівахам».

Дарэчы, беларускі палігон, дзе абкатваюцца розныя тэхналогіі ўмацавання аўтарытарызму, знаходзіцца пад пільнай увагай кіраўніцтва Расіі і іншых постсавецкіх дзяржаў. Вопыт БТ перанялі тэлеканалы РТР, НТБ і варганяць не менш паклёпніцкія па духу перадачкі і фільмікі, чым «Железом по стеклу» або «Баш на БАЖ». Так ажыццяўляецца самая мярзотная эксплуатацыя народаў — выкарыстанне невуцтва, палітычнай недасведчанасці людзей.

Што тычыцца эксплуатацыі працоўнай, то трэба мець на ўвазе — у Беларусі за мізэрныя зарплаты людзі працуюць болей, чым іхнія калегі на Захадзе. Але пры дапатопных тэхналогіях, недасканалай тэхніцы, нізкай кваліфікацыі многіх спецыялістаў адкуль будзе патрэбная прадукцыйнасць працы і высокая якасць выпушчанай прадукцыі?

Акрамя таго, развіццю эканомікі перашкаджае невыводнае ўмяшальніцтва дзяржаўнай бюракратыі ў бізнес. Затое за гады аўтарытарызму ўмацаваўся распіл бюджэтных грошай, расквітнела карупцыя. Здаецца, для кіраўнікоў ёсць просты і мудры закон: «Не крадзі сам і не давай красці падначаленым!» Але сучасныя карупцыянеры плююць на ўсе пісаныя і няпісаныя законы.

У аўтакратычнай дзяржаве адзін чалавек расстаўляе па месцах начальнікаў, без яго дазволу нават вароны не каркаюць, нібыта ўсё пад кантролем. Але раз-пораз узнікаюць скандалы: «Ай-ай-ай! Што гэта яны твораць!» Толькі дарма лемантаваць, калі ты сам — стваральнік масавага жульніцтва і беспакаранасці.

У Расіі зараз заводзяць адразу некалькі крымінальных спраў на былога мэра Масквы Ю. Лужкова. А няўжо раней не было ясна, што ён злоўжывае службовым становішчам, арганізоўвае бізнес жонцы?

А калі ў нас капнуць начальнікаў, то што выявіцца? Беларусь — невялікая краіна. Я не раз пісаў, што тут лёгка правесці інвентарызацыю і высветліць, якім чынам пры сваіх зарплатах чыноўнікі, іхнія родзічы і прыхлябацелі змаглі адгрукаць царскія палацы, мець шматлікую нерухомасць, вялікія рахункі. Але ж ніхто не хоча гэтага рабіць, бо кантралёры баяцца і за свой спакой.

Невінаватыя, мужныя змагары за дэмакратычную Беларусь М. Статкевіч, З. Дашкевіч пакутуюць за кратамі, а мярзотнікі, якія нахабна крадуць дзяржаўныя грошы, крыху пасядзяць для прыліку ў камерах у камфортных умовах, а затым спакойна гуляюць на свабодзе.

Мудрацы кажуць, што без ведання мінулага нельга будаваць будучыню. Але мы даганяем мінулае не павучальнае, не стваральнае, не аптымістычнае, а злавеснае, катастрафічнае.

Давайце глянем да чаго даведзена родная мова. Такога жахлівага стану не было нават у савецкі час. Дык што? Пераступім цераз яе амаль нежывое цела і пойдзем далей? Але куды? Да несваёй культуры, да чужых традыцый, каб стаць не народам, а прывідам?

У СССР былі няхай цяжкія, крывавыя, пабудаваныя на людскіх касцях, але значныя перамогі. Сёння ад усіх іх нічога не засталося, акрамя георгіеўскай стужачкі, якую стала модна вешаць на антэны машын, на грудзі, дзе часта б’ецца халоднае сэрца, абсалютна абыякавае да чалавечай памяці і гісторыі.

У Санкт-Пецярбургу на стадыёне фанаты-падонкі гоняць наперад сваю футбольную каманду фашысцкімі лозунгамі. Дэбілы ў сінявокай рэспубліцы-партызанцы малююць свастыку і слова: «Хайль!» на пралётах мастоў, на сценах дамоў, на платах. А як жа, Гітлер — герой, пры ім быў парадак!

А чым адрозніваюцца ад сталінскіх галаварэзаў сённяшнія «людзі ў цывільным», у чорных масках, якія выкрадаюць апазіцыянераў, наладжваюць масавыя пабоішчы, лютуюць на мірных мітынгах і дэманстрацыях?

З кожным годам аўтарытарызму Беларусь пракладае шлях не ў лепшую будучыню, а даганяе жудаснае мінулае, вяртаецца ў яго.

Узурпацыя ўлады немінуча прыводзіць да вайны кіруючага клана супраць свайго народа. Інакш не бывае. Сённяшнія «ўладары жыцця» думаюць, што ўсё ім сыдзе з рук, але глыбока памыляюцца.

Жыццё, гісторыя паказваюць на тое, што колькі вяровачцы ні віцца, а канец будзе. Але якія стрэсы, які сорам на старасці гадоў за ўласную подласць!

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.