БЯРОЗКА НА ДАХУ
У арсенале прапагандысцкіх сродкаў таталітарных дзяржаў вядучае месца займае тактыка замоўчвання і хлусні. У красавіку 1986 года кіраўніцтва СССР спрабавала схаваць ад сваіх людзей і ад чалавецтва катастрофу планетарнага маштабу — выбух на Чарнобыльскай АЭС. Што з гэтага атрымалася, усім добра вядома.
У горадзе-прывідзе Прыпяць, які ў выніку катастрофы пазбавіўся жыхароў, цяпер ціха. Баршчэўнікам зараслі двары, завулкі, парк атракцыёнаў. Кола агляду, якое круцілася 26 красавіка 1986 года, каб не было панікі, стаіць нерухома. У пустым дзіцячым садку на падлозе валяюцца цацкі, кнігі казак. А дазіметр усюды зашкальвае.
Злавесных сімвалаў шмат. На даху аднаго з дамоў расце бярозка. Вецер занёс насенне, каб на кашмарнай глебе, дзе зліпліся бітум, смецце, пыл, узнялося дрэўца. Бярозка жыве, трапеча галінкамі, але мае прадвырашана трагічны лёс. Як толькі падрасце, моцны парыў ветру выверне яе з каранямі, бо ім няма куды заглыбляцца.
Народная мудрасць кажа: «Старыя грахі кідаюць доўгія цені». Бяду, якую прынёс пракляты чалавечы фактар (недысцыплінаванасць, разгільдзяйства, абыякавасць), мы расхлёбваем 27 гадоў, а канца-краю ёй не відаць. Галоўнае зло — гэта масавае пагаршэнне здароўя насельніцтва, заўчасныя смерці людзей. Але даецца ў знакі і сам разбураны аб’ект, які назвалі «Дзяржаўнае спецыялізаванае прадпрыемства Чарнобыльская АЭС». Не так проста зняць яго з эксплуатацыі. Гэты працэс ажыццяўляецца па варыянце адкладзенага дэмантажу, што прадугледжвае доўгую вытрымку ў закансерваваным стане элементаў энергаблока. Агульны тэрмін вытрымкі можа быць ад 50 да 100 гадоў.
Перад пачаткам этапу канчатковага закрыцця ЧАЭС трэба будзе стварыць завод па перапрацоўцы вадкіх радыеактыўных адыходаў, схоў адпрацаванага ядзернага паліва, прамысловы комплекс па абыходжанні з цвёрдымі радыеактыўнымі адыходамі, схоў для часовага захоўвання высокаактыўных радыеактыўных адыходаў і іншае.
Персанал на ЧАЭС — 3, 5 тысячы чалавек, а яшчэ працуе каля 2 тысяч прадстаўнікоў падрадчыкаў. Ім хапае планавых клопатаў, але пастаянна здараюцца і аварыі. 12 лютага 2013 года абрынуўся дах машыннай залы блока № 4, раней падобнае (у меншых маштабах) адбылося з блокам № 2. Саркафаг пасечаны расколінамі.
Уяўляеце, якая незагойная болька крывяніць на межах Украіны і Беларусі, даймае мільёны людзей? А колькі марнуецца працы, грошай, якімі скананне атамнага монстра забяспечваюць міжнародная дапамога і бюджэт Украіны!
Да кіраўніцтва Беларусі жахлівы ўрок Чарнобыля не дайшоў. Без згоды народа пачалося будаўніцтва Астравецкай АЭС. Я быў у цудоўнай лясной і азёрнай мясціне, якая знішчаецца, бачыў уварванне туды тэхнікі. Курорт трэба было б узводзіць, а не ядзерную пачвару!
Першы віцэ-прэм’ер урада У. Сямашка, адкрываючы міжнародную выставу «Атамэкспа — Беларусь-2013», заявіў: «Заканчваецца падрыхтоўчы перыяд для ўзвядзення першага блока АЭС. Работы мы вядзем з апярэджаннем графіка на чатыры месяцы».
А куды ж вы спяшаецеся, што катлаван капалі без архітэктурнага праекта? Так не церпіцца мець расійскую халяву? Няўжо боязна, што з роту выслізне ласы кавалак? Супакойцеся! Расіі выгадна сплавіць недасканалую АЭС, якую яна ж і будзе абслугоўваць, каб узяць на яшчэ адзін павадок Беларусь.
Жудасна, што вяртаецца савецкі лозунг: «Выканаем пяцігодку за тры гады!» У студзені 1986 года бадзёры рапарт, як у Сямашкі, прагучаў пра скарачэнне тэрмінаў рамонту на Чарнобыльскай АЭС, а праз тры месяцы выбухнуў чацвёрты блок.
Чыноўнікам можна, канешне, набірацца аптымізму ад украінскай бабулі Ганны, якая кажа: «Я радыяцыю гарэлкай праганяю!», але я больш давяраю спецыялістам. На пытанне журналістаў: «Што чакае, калі дах абваліцца на рэшткі чацвёртага блока ЧАЭС?» — яны адказалі даходліва: «Страшновато будет!»
У аўтарытарнай Беларусі замоўчванне і хлусня даўно на ўзбраенні. Яшчэ старанней будзе хавацца «атамная інфармацыя». Варта толькі ўспомніць, як улада доўга круцілася, перш чым паведаміць пра выбух на «Пінскдрэве», выказаць спачуванне сем’ям ахвяраў катастрофы.
Беларускія і расійскія чыноўнікі сцвярджаюць, што альтэрнатывы «мірнаму атаму» няма. А дырэктар «Экалагічна чыстых электрастанцый г.Шанаў» У. Зладэк (Германія) мае іншае меркаванне: «Многія лічаць АЭС рашэннем экалагічных праблем, гарантам поспеху любой краіны. З дапамогай аднабаковых аргументаў, дарагіх кампаній і працы лабістаў атамнай індустрыі ўдалося заманіць грамадскасць у пастку: можа, атамная энергетыка — гэта найменшае зло? Не! Пры больш дасканалым разглядзе становіцца ясна, што атамная энергетыка выгадна толькі тым, хто на ёй зарабляе».
Якраз пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС па ініцыятыве жыхароў горада Шанаў была створана арганізацыя «Экалагічна чыстыя электрастанцыі». Яна забяспечвае заводы і дамы энергіяй без атама. У тарыф на электраэнергію ўключаны гэтак званы «сонечны цэнт» для падтрымкі дэцэнтралізаваных уласных экалагічных станцый жыхароў. Выдатная праца гараджан адзначана нацыянальнымі і міжнароднымі прэміямі.
Германія ўзяла курс на без’ядзерную энергетыку. Да 2022 года яна спыняе ўсе АЭС, поўнасцю мяняе энергасістэму. А нямецкую гіганцкую эканоміку, мабыць, цяжэй забяпечваць электрычнасцю, чым беларускую! Прыклад флагмана Еўразвязу пераймаюць іншыя краіны.
Мой знаёмы, старшыня Экалагічнага праваабарончага цэнтра «Беллона» (Расія — Нарвегія) А. Нікіцін гаворыць: «Мы осознаем, что в России, где находится огромное количество запасов углеродного топлива, где имеются большие исторически сложившиеся предпосылки для развития ядерных технологий, очень сложно переломить общественное сознание и повернуть административные и финансовые ресурсы на развитие новых, прогрессивных технологий». Тым не менш, ён падкрэслівае важнасць прасоўвання «идей использования возобновляемой энергии солнца, воды, ветра, био— и терморесурсов «. Я таксама лічу, што гэта самы правільны шлях развіцця чалавецтва…
Кіраўнік Беларусі абрынуўся з крытыкай на Міністэрства энергетыкі, загадаў кантралёрам: «Выверните наизнанку всё!» Але ён забываецца, што чыноўнікі працуюць не на канечны вынік, не на разумнае, абгрунтаванае развіццё кожнай галіны гаспадарання, а на выкананне ягонай апошняй каманды. Ранейшыя загады забываюцца. Упэўнены, што са службовай і фінансавай дысцыплінай, якая цяпер пануе ў краіне, хоць 10 АЭС пабудуй, усё роўна электраэнергіі не хопіць!
Чарнобыль, Фукусіма… Колькі яшчэ папярэджанняў трэба чалавецтву? Амерыканскі пісьменнік У. Фолкнер у Нобелеўскай прамове сказаў: «Я веру ў чалавека ў межах яго здольнасцяў і абмежаванасці… Ён павінен выстаяць, пакуль хоць бы не вынайдзе, не прыдумае, не створыць для сваёй замены лепшую прыладу, чым ён сам». Але гэта — аддаленая перспектыва.
Перад беларусамі стаіць больш канкрэтная задача: выратаваць фізічнае і маральнае здароўе, узмацніць нацыянальную свядомасць, свой дух на грунце роднай мовы, культуры, гісторыі, сапраўднага патрыятызму. Калі мы гэта не зробім, то Беларусь чакае доля бярозкі, якая трапечацца ў горадзе-прывідзе Прыпяць на даху пустога дома пад хіжым чарнобыльскім ветрам.
Сяргей ЗАКОННІКАЎ