TOP

«БАРОДАЎКА» ЦІ «АЛМАЗ»?

Будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі заняў 14-е месца ў спісе самых пачварных збудаванняў у свеце, складзеным аналітыкамі брытанскага выдання The Daily Telegraph. Здавалася, зусім без здзекуУрад наш пераконваў люд:— Такую вам бібліятэкуМы пабудуем — проста цуд!

Такой не бачылі і ў мары:
Як вокам кінь — бетон і шкло!
І падпірацьме дахам хмары!
А вырасла, на жаль, пачвара,
Якой ніколі не было.
Хацелі лепей, як заўсёды,
А выйшла ўсё наадварот.
І нездарма той «цуд прыроды»
«Бародаўкай» назваў народ.
На вецер выкінулі грошы
І раскашэлілі бюджэт,
Каб ад звыродлівай «раскошы»
Смяяўся потым цэлы свет.
Не след дзівіцца кпінам гэтым,
Бо ўсё наадварот у нас:
Што ганьбіцца астатнім светам,
Для нас, як гэты гмах, — «алмаз».
У свеце ўсім даўно пракляты,
Той, хто дыктат уласны ўвёў.
А ў нас чамусьці — «дзермакраты»,
Хто волі прагне і правоў.
Дзяржавы ўплыву ў свеце мала,
Паўсюль прыватнікі адны.
А ў нас дзяржава ўсё падмяла
(А гэта значыць, што чыны).
Прызнана ў свеце ўсім сягоння,
Што лад калгасны — атавізм.
Мы ж люд высковы ў хеўру гонім,
Будуем там сацыялізм.
У свеце той прызнаны-знаны,
Хто бізнес свой наладзіць змог.
А ў нас дзялкам няма пашаны,
Яны накшталт «вашывых блох».
Усе народы і плямёны
Шануюць мову, герб і сцяг.
Мы шлём жа прашчурам праклёны,
Балюючы на іх касцях.
Мы ўсе ахоплены хваробай,
Найбольш агіднаю з хвароб:
Выродлівае — даспадобы,
А ўсё, што годна, — неўспадоб.
Алесь НЯЎВЕСЬ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.