ДАЯРКА З ВЁСКІ НЕ РАЗУМЕЕ, ЧАМУ ЯЕ ЗАРОБАК ЗА МЕСЯЦ 1,3 МЛН
З вёскі Селішча Чэрыкаўскага раёна на «гарачую лінію» газеты звярнулася са скаргай на нізкую зарплату жанчына — аператар машыннага даення, якая працуе ў СВК «Язерскі».
Заяўніца гаварыла, што за апошнія месяцы ў сярэднім выходзіла па 1,3 мільёна рублёў. Быццам бы работнікі не ведаюць расцэнак і не разумеюць, адкуль бяруцца канчатковыя лічбы налічанай заработнай платы.
Ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання Чэрыкаўскага райвыканкама ў адказ на наш запыт запэўнілі, што паказчыкі працы работнікаў гаспадаркі вывешваюцца для азнаямлення штомесяц. А потым даслалі падрабязны разлік заработнай платы аператара машыннага даення за адзін з месяцаў.
Норма загрузкі для гэтага работніка склала ў ім 40 галоў. Расцэнкі на момант звароту былі агучаны наступныя: за адзін цэнтнер малака гатунку «экстра» і вышэйшага — 7 000, за першы гатунак — 5 385, другі гатунак — 3 000 рублёў. Нашай заяўніцай у «справаздачны» перыяд было надоена 44,79 цэнтнера малака гатунку «экстра» і вышэйшага, 2,187 цэнтнера першага і 17,22 цэнтнера — другога гатунку. У выніку, з улікам вышэйназваных расцэнак, работніцы за надой малака было налічана 482 959 рублёў.
За ўтрыманне адной цялушкі плацяць 7 545 рублёў. «У гэтай групе было 16 галоў». У выніку за месяц дадаткова налічана яшчэ 120 720 рублёў. За прывагу цялят прафілакторнага перыяду да 20-дзённага ўзросту, з улікам існуючых расцэнак (а прывага склала 1,2 цэнтнера) налічана было 153 622 рублі. З улікам святочных, санітарнага дня, класнасці (151 460 рублёў), каэфіцыенту працоўнага ўдзелу (50 працэнтаў — 378 650 рублёў), даплатай за стаж (8 працэнтаў — 39 360 рублёў) выніковая сума заработнай платы за месяц склала 1 435 620 рублёў.
Эканамісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і райвыканкама былі здзіўлены, чаму работніца не звярнулася найперш да іх па тлумачэнні, а патэлефанавала ў рэдакцыю.
Сяргей РАСОЛЬКА, «Звязда»