НЕ СОРАМНА?
Кожны дзень па розных тэлевізійных каналах выдаецца ахінея пра даўнія цывілізацыі і касмічных прышэльцаў, пра тое, што светам кіруюць нашчадкі старажытных яшчараў. А што? Гледзячы на многіх сучасных лідараў, можна дапусціць і такое. Ва ўсякім выпадку, дзякуючы ім на планеце ўсталявалася эпоха татальнага цынізму, хлусні і гвалту.
Прыклад адкату ў змрочнае мінулае падае постсавецкая тэрыторыя. У той або іншай форме аўтарытарызм прысутнічае тут усюды, акрамя Літвы, Латвіі і Эстоніі. Не ведаю, як каму, а мне сорамна за тое, што беларусы сядзяць у рабстве, але робяць выгляд, што не разумеюць гэтага, некаторыя з іх нават хваляцца гасцям, што жывуць выдатна. А тыя разносяць па свеце казкі пра «чысты Мінск», «багатыя калгасы», «шчаслівыя, заможныя сем’і». Усім замежным «салаўям», якія заліваюцца пра райскае жыццё ў Беларусі, я заўсёды кажу: «Калі ў нас так цудоўна, то прыязджайце і жывіце!» Тыя — ні нагой! Аўтарытарны лад хваляць, бо маюць за гэта аплату, але жыць тут не жадаюць.
Што тычыцца ўнутранай прапаганды, то яна стала пачварнай машынай знішчэння людскога ўмення думаць. У сувязі з гэтым згадваюцца словы рускага філосафа А. Увядзенскага: «Мышление — это деятельность прежде всего сравнивающая». Беларускі рэжым масіраванай пахвальбой уласнымі «дасягненнямі» і пастаянным прыніжэннем замежнага дабрабыту зводзіць на нішто класічную практыку параўнання свайго і чужога, каб мець разумныя высновы і правільны выбар. Атрутныя кроплі хлусні точаць людскія душы. Уяўляеце, колькі паскудства ў грамадстве нарабілі за амаль два дзесяцігоддзі функцыянеры, якія плююць на дэмакратыю, на правы і свабоды чалавека, на разумны эканамічны курс, на нашу гісторыю, родную мову, культуру, але займаюць пасады, трыбуны, кантралююць тэлебачанне, радыё, друк?
Аўтарытарны рэжым прывучыў людзей жыць толькі адным днём, палахліва боўтацца ў балоце прымітыўнага існавання, не думаць пра будучыню. Дзеля чаго? Начальніцкія мэты выкрыў рускі пісьменнік М. Успенскі: «С человеком же замороченным, деморализованным, растерянным, запуганным и концом света и полицейской дубинкой, можно сделать что угодно. Внушить самую нелепую и убийственную идею. Ограбить до нитки и одновременно убедить в его собственном, человека, величии и праве».
Тутэйшаму люду, які «патрыятычна» гарланіць на афіцыйных тусоўках «Мы беларусы!», ніколькі не сорамна не ведаць уласнай гісторыі, не толькі старажытнай, але і бліжэйшай па часе. Яго не клапоціць, што ў незалежнай Беларусі няма праўдзівых падручнікаў пра ХХ стагоддзе, пра войны, якія пракаціліся па роднай зямлі. Ідэолагі якочуць: «Не дазволім пераглядаць праўду пра апошнюю вайну!» Але праўду пра Вялікую Айчынную вайну яшчэ трэба шчыра сказаць і запісаць у падручніках гісторыі, а тады ўжо абараняць. Або, напрыклад, чаму мы святкуем Дзень абаронцаў Айчыны 23 лютага? Якое дачыненне мае да нас гэтая дата? Такі абсурд у беларускай рэчаіснасці можна пералічваць бясконца.
Кіраўніцтву краіны «сацыяльнай скіраванасці» не сорамна за гіганцкі разрыў паміж багатымі і беднымі, які яно ўсталявала. А мне ўспамінаюцца дакументы пра блакадны Ленінград. У гасцініцы, дзе спыняўся сталінскі апрычнік А. Жданаў, у меню простых пастаяльцаў былі кавалак хлеба і шклянка кіпеню, а «правадыру» халуі пастаянна неслі поўныя кошыкі з віном і прысмакамі.
Мясцовы правіцель робіць выгляд перад насельніцтвам, што кіруе цэнамі: б’е кулаком па стале, крычыць на падначаленых. Тыя прыкідваюцца, што дрыжаць ад страху і займаюцца зніжэннем коштаў. Ды цэны зноў растуць. Правіцель, вытворцы, перакупшчыкі, гандаль задаволены, ім не сорамна, што цяжар жыцця пераклалі на спажыўца. Але і той не саромеецца звыкла глытаць уладны падман, пустапарожняе вяканне.
Доўгае знаходжанне ва ўладзе абавязкова нараджае ўсёдазволенасць. Гэта бачна па паводзінах аўтакратаў, якія маніпуліруюць законамі, лёсамі людзей, нават мараллю.
Нядаўна СМІ выдалі як вялікую сенсацыю рашэнне аб скасаванні шлюбу Уладзімірам і Людмілай Пуцінымі. Прытым афіцыйныя шчоўкапёры, якія атрымалі інструкцыі, прычынай назвалі «исключительную занятость» прэзідэнта, казалі пра «цивилизованность», «абсолютную публичность», «предельную искренность» гэтага ўчынку, а «главу государства объявили завидным женихом». Ну і сенсацыя! Ну і цывілізаванасць! Нічога сабе — «полностью погружен в работу»! Аматары «смажаных фактаў» у СНД, нягледзячы на засакрэчаныя таямніцы «мадрыдскага (у дадзеным выпадку крамлёўскага) двара», гадамі абмяркоўвалі на кухнях, у інтэрнэце і ў друку развал сям’і прэзідэнта з пляткарскімі падрабязнасцямі (жонка ў запоях, у манастыры і г.д.), смакавалі любошчы саноўнага лавеласа, і раптам — выбухнула «інфармацыйная бомба». Гэта не «бомба», панове журналісты, а «гнойны нарыў», які нарэшце лопнуў!
Няўжо журналістам не сорамна прапагандаваць махровы цынізм, выдаваць італьянскіх, французскіх, расійскіх, беларускіх «папікаў» за герояў-мачо? Такіх абшарпаных «хадакоў» у нас называюць іншым ёмкім словам, шкада, што прывесці яго нельга. Акрамя таго, калі яны не могуць стварыць і захаваць нармальную сям’ю, то як можна ім давяраць дзяржаву, а з другога боку — калі мяняюць партнёрш, як пальчаткі, то чаму самі сядзяць на троне незаменна і не дапускаюць нават думкі аб сыходзе? Не менш брыдка бачыць дзяўчат, жанчын, якія без ніякага сумнення завальваюцца ў «царскі» ложак, бо хочацца не кахання, а багацця, улады над людзьмі, сумніцельнай славы. Яны — як бяльмо на воку, выклікаюць у нармальных людзей не зайздрасць, а проста агіду.
Ніхто не кажа, колькі разоў некаму трэба жаніцца або скасоўваць шлюб. У кожнага чалавека ёсць асабістае жыццё, у якое пабочныя не дапускаюцца. Але да таго часу, пакуль у сям’і не здараюцца садызм, крымінальныя злачынствы.
Што тычыцца першых дзяржаўных асоб, то іхняя мера адказнасці за асабістае жыццё павінна быць надзвычай высокай. Хочуць яны таго ці не, але, займаючы галоўны пост, адразу становяцца прыкладам для пераймання ў людской масе.
Нельга перакульваць мараль з ног на галаву. У любыя часы пладзіць пазашлюбных дзяцей не лічылася доблесцю і геройствам. Гэта трагедыя для чалавека, які вырастае з псіхічнымі комплексамі, што затым «вылазіць бокам» і грамадству.
Народны артыст Расіі А. Міхайлаў, гаворачы пра паніжэнне ўзроўню маралі, падкрэсліў: «Без стыда человек оскотинивается». Справядлівыя словы!
Беларусь маўчыць. А я помню, як расла сацыяльная актыўнасць людзей. Калі на сталічную плошчу Леніна ў 1990 годзе прыйшлі галодныя рабочыя, перад якімі давялося выступаць і мне, то начальства спалатнела. Праўда, затым з-за палітычнай неадукаванасці грамадзян да ўлады зноў прарваліся дробныя наменклатуршчыкі бальшавіцкага кшталту, каб учапіцца за яе надоўга.
Але я чуў, як сто тысяч глотак выдыхаюць: «Далоў!» Думаю, што прыйдзе хвіліна, калі абураныя людзі, якіх улада не слухае, зноў выгукнуць у адным парыве: «Вам не сорамна?!»
Пакуль што насельніцтву не сорамна за невыводны страх. Не сорамна за абыякавасць і бяссільнасць. Але сённяшняе маўчанне мільёнаў тутэйшых — грэшнае.
Сяргей ЗАКОННІКАЎ