TOP

Пулянне ў неба

Асноўнае палітычнае свята з грукатам прайшло. Цяпер, калі вайскоўцы «адстраляліся», чыноўнікі адрапартавалі, а разявакі супакоіліся, можна без ідэалагічнай істэрыкі, спакойна паразважаць: ці тады яно праводзіцца і як? Меркаванне грамадзян у інтэрнэце і ў незалежных СМІ адназначнае: дзень абраны не той і святкаваць трэба сціплей, без купецкага разгулу. 

Яшчэ раней, калі было абнародавана паведамленне пра пампезны ваенны парад і шэсце, у многіх людзей узнікла пытанне: навошта без юбілейнай даты, у год, аб’яўлены ўладай Годам беражлівасці, выкідаць грошы на вецер?

Пасля свята пытанняў з’явілася болей. Перад парадам, які любіць кіраўнік краіны, а таксама чыноўнікі, вайскоўцы, каб не толькі пакрасавацца, але і пасля «поспеху ў арганізацыі» ўдалага маршыравання мець падзяку або новую зорку на пагонах, сталіца стаіць на вушах. Людзям не даюць спаць трэніроўкі. Прытым логіку зразумець цяжка. Калі рэпетыцыі праходу яшчэ неяк апраўданы, то бабаханне феерверкаў выклікае поўнае недаўменне.

Свята пакінула дзіўнае ўражанне. Атрыбуты яго былі: начальства стаяла на трыбуне, праходзілі вайскоўцы, тэхніка, спартсмены, луналі сцягі. З другога боку — не пакідала адчуванне, што наладжана ўсё для абмежаванай кагорты людзей (свята па прапусках!) і паўтарае вядомы антураж. Нават зводная рота ганаровай варты, скапіраваная з крамлёўскага падраздзялення часоў СССР, што «упорно тренируется месяцами, до 8 часов в день, чтобы достигнуть такого однообразия», не змагла ажывіць яго новымі прыёмамі. Віртуознасць герояў «плац-парада» выклікае нядобрыя асацыяцыі. Беларусы заўважаюць, што ўлада стараецца ўвесці «однообразие» у маштабах краіны, прымусіць хадзіць строем усё грамадства.

Міліцыя рапартавала, што ў свяце прыняло ўдзел 1,5 мільёна чалавек, хоць для гэтага трэба было б вывесці на вуліцы ляжачых хворых, інвалідаў і немаўлят. Тэлебачанне абвергла абсурдную лічбу. З верталётнай вышыні камеры паказалі, што не запоўнены нават газоны навокал месца правядзення свята, а далей ад яго — надзіва пусты, як вымерлы, горад.

Французскія журналісты з «RFI « заўважылі гэта: «Значная частка гараджан свята (Дзень Незалежнасці) відавочна ігнаруе, кіруецца на прыроду ці займаецца сваімі справамі. Для многіх сёлетні Дзень Незалежнасці — проста выхадны. Эстэтыка арганізаваных уладамі свят выклікае нараканні значнай часткі беларусаў. Яны задаюцца пытаннямі: каму патрэбны парад, калі яго неаднаразовыя рэпетыцыі не толькі перашкаджалі звычайнаму жыццю сталіцы Беларусі па вечарах і начах, але сапсавалі дарожнае пакрыццё на галоўных магістралях горада? У колькі абышлася падаткаплацельшчыкам дэманстрацыя ваеннай і эканамічнай моцы? Ці выпадкова Дзень Незалежнасці Беларусі супаў з днём нараджэння Франца Кафкі?»

Апошняе пытанне французаў з яўным намёкам. Творчасць аўстрыйскага пісьменніка якраз вызначаецца майстэрскай выявай розных фантастычных пераўвасабленняў, жахаў і кашмараў.

Дзень незалежнасці ва ўсіх краінах свету лічыцца галоўным святам, якое абгрунтавана нацыянальнай гісторыяй, дружна прынята насельніцтвам, а таму адзначаецца светла, радасна. На жаль, у Беларусі вызначэнне даты адбывалася без абмеркавання грамадзянамі, валюнтарысцкім спосабам зверху. Фармальнасці нібыта былі захаваны, але мы ведаем, як «бліскуча» праводзяцца ў нас выбары і рэферэндумы.

Рэжым змяніў былую дату Дня незалежнасці на 3 ліпеня, спадзеючыся, што гэта спадабаецца, бо спрацуе адлакіраваная і намёртва ўбітая прапагандай у свядомасць электарата героіка вайны. Але ж у краіне, акрамя бяздумных спажыўцоў прымітыўных фальсіфікацый, ёсць незашораныя людзі, што паказалі нават першыя прэзідэнцкія выбары і два рэферэндумы, калі частка грамадзян «не клюнула» на дэмагогію і папулізм. Як нельга прымусіць сілай дзяўчыну пакахаць нялюбага, так немагчыма адукаванаму, культурнаму беларусу прыняць гістарычную і эстэтычную неабгрунтаванасць, яўную эклектычнасць сцяга, герба, гімна, згадзіцца з іншымі падтасоўкамі. 3 ліпеня 1944 года танкі Чырвонай Арміі ўварваліся толькі ў Мінск, а вялікая частка Беларусі была яшчэ пад ботамі фашыстаў. Якая ж гэта незалежнасць?

Кіраўніцтва Беларусі, Расіі ўхапілася і трымаецца за Перамогу 1945 года, бо яна дапамагае ўтрымліваць уладу, бо ў сучасным жыцці цяжка знайсці нешта гераічнае. Рэчаіснасць больш характарызуюць гвалтаўнікі, злодзеі, махляры, п’яніцы. Але ж і апошняя крывавая вайна — гэта не толькі гераізм, але і каласальныя ахвяры, пра якія трэба памятаць і гаварыць.

Чытачам будзе карысна ведаць меркаванне на гэты конт выдатнага паэта, франтавіка Б. Акуджавы. Неяк напярэдадні Дня Перамогі яму патэлефанаваў басавіты, «тлусты» генеральскі голас: «Вы должны как участник Великой Отечественной войны выступить перед военнослужащими, которыми я командую…» Гаварыў ён нудна, доўга, націскаючы на слова «должны». Булат Шалвавіч адказаў: «Я никому ничего не должен. Никакую великую войну не знаю. Была великая бойня. Людей убивали тысячами. Выступать у вас я не буду».

Ідэалагічная эксплуатацыя вайны прыкрывае разрастанне сілавога блока, што неапраўдана ні канстытуцыйным статусам Беларусі, ні геапалітычным становішчам, ні ўнутранай сітуацыяй. Княства Манака таксама мае армію, але яна меншая па колькасці, чым сімфанічны аркестр. Краіне дастаткова невялікай, кампактнай, мабільнай арміі, бо, нягледзячы на штодзённыя прапагандысцкія згадкі пра ворагаў, ніхто на нас нападаць не збіраецца. Калі і будзе захоп, то не ваенным, а іншым метадам.

Смешным выглядае таксама маханне тутэйшых палітыкаў кулаком перад нейкім абстрактным агрэсарам з-за шырокай спіны Расіі. Свет выдатна ведае, што ўяўляе сабой Беларусь у эканамічных і ваенных адносінах. Патэнцыял яе вельмі сціплы…

Практыка паказала, што бескантрольнае асваенне бюджэтных асігнаванняў на армію прыводзіць да маштабных злоўжыванняў, аб чым сведчыць татальны крадзеж у Міністэрстве абароны РФ, дзе махляры нагрэблі мільярды рублёў. Пра такія дзеянні ў Беларусі (у меншых аб’ёмах), улада, хоць скрозь зубы, але таксама паведамляе насельніцтву. Акрамя таго, на постсавецкай прасторы выбухаюць склады старых артылерыйскіх запасаў. Часта гінуць вайскоўцы і мірныя людзі, даводзіцца высяляць цэлыя пасёлкі, выплачваць кампенсацыю. Разумнаму чалавеку ясна, што выдаткі на армію — на 50% тупое пулянне ў неба. Гэта тычыцца і разбухлага чыноўніцкага апарата, міліцыі, спецслужбаў.

Дарэчы сказаць, што самі салюты страцілі прыцягальнасць. Сёння без іх не абыходзяцца ўсялякія саміты, міжнародныя нарады, карпаратывы, начныя сходкі моладзі, звычайныя п’янкі. Справядліва піша жыхар Бешанковіцкага раёна А. Данчанка: «Мо хопіць без канца і краю весяліцца, баляваць і святкаваць, а лепш глянуць, што творыцца насамрэч у краіне?»

Сяджу, думаю, а за начным акном зноў выбухаюць петарды, узлятаюць ракеты. Цяжка сказаць, чым адрозніваецца рэстаранна-дваровая вакханалія ад святочнага санкцыянаванага пуляння, калі разявакі глядзяць у неба, дзе народныя грошы, у тым ліку і іхнія, на імгненне ўспыхваюць каляровымі агнямі, каб ператварыцца ў дым і развеяцца.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.