TOP

Будзьма, беларусы!

23 — 24 ліпеня 2013 г. у Мінску праходзіў VІ з’езд беларусаў свету, на які з’ехалася каля 300 дэлегатаў з 17 краін. Форум абмеркаваў актуальную тэму: «Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці». Захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці даўно стала галоўнай праблемай для беларусаў як у Айчыне, так і за яе межамі, але яна не рашаецца. 

Плённасць мерапрыемства вызначаецца па арганізацыі і змястоўнасці. Што тычыцца падрыхтоўкі з’езду, то ва ўмовах, калі немагчыма дамовіцца нават з арэндай памяшкання (прытулак беларусам свету ў Рэспубліцы Беларусь даў Міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёганэса Раў!), цяжка знайсці сродкі па аплаце пражывання, харчавання і культурнай праграмы для ўдзельнікаў, кіраўнік Міжнароднага грамадскага аб’яднання ЗБС «Бацькаўшчына» А. Макоўская, старшыня Рады Н. Шыдлоўская разам з рабочай групай і спонсарамі змаглі зрабіць немагчымае. Удзельнікі форуму адчувалі сардэчную гасціннасць, ён прайшоў зладжана.

Пра змест з’езду гаварыць няпроста. Не хачу нікога крыўдзіць, але побач з грунтоўнымі дакладамі і выступленнямі была непатрэбшчына. Увогуле, склалася ўражанне, што некаторыя дэлегаты не рыхтаваліся да размовы, слаба арыентуюцца ў айчыннай гісторыі, у рэаліях жыцця сучаснай Беларусі. Але ў цэлым на пленарным пасяджэнні і на секцыях адбылася карысная дыскусія па набалелых пытаннях.

Неяк, выступаючы на кангрэсе беларусістаў, народны пісьменнік Беларусі В. Быкаў сказаў: «Менавіта боль — гэта наш гістарычны спадарожнік, які ні на год не пакідаў нас у мінулым, не пакідае і зараз». Болем за маральны стан беларусаў, абуранасцю антынацыянальнымі дзеяннямі ўлады былі прасякнуты выступленні многіх дэлегатаў з’езду. Ці ж можна спакойна слухаць вядомага гісторыка, прафесара Беластоцкага і Гданьскага ўніверсітэтаў А. Глагоўскую, якая паведаміла, што ўязную візу ў Рэспубліку Беларусь не атрымаў грамадскі дзеяч з Беласточчыны, сябра Вялікай Рады ЗБС «Бацькаўшчына» Я. Вапа, што група беластоцкіх дэлегатаў правяла цэлы дзень у вестыбюлі беларускага консульства, чакаючы станоўчага рашэння з візамі?

Падзел грамадзян у Беларусі па палітычных матывах на «сваіх» і «чужых» аўтарытарная ўлада перанесла і на дыяспару: адны нацыянальныя суполкі, хоць крыху, але падтрымлівае, іншыя — не. Увогуле, праект закона «Аб беларусах за мяжой» парламент за 20 гадоў так і не абмеркаваў, не прыняў. Адсюль узнікаюць пытанні, якія агучваюцца на кожным чарговым з’ездзе і ад якіх чыноўнікам няўтульна.

Самым высокім прадстаўніком улады на гэты раз быў міністр культуры Б. Святлоў, які падрабязна расказаў пра ініцыятывы і праграмы, запэўніў, што дзяржава будзе клапаціцца пра суродзічаў за межамі краіны. Беларусы свету чулі шмат такіх справаздач. Але яны бачаць, што прыгожыя словы і рэчаіснасць разыходзяцца, як у моры караблі. Як зберагчы беларускасць у чужым асяроддзі, калі яна размываецца, не захоўваецца на радзіме?

Прадстаўнік Міністэрства адукацыі на пытанні адказваў па-руску (!). Калі яму зрабілі заўвагу, сказаў: «Я умею говорить по-белорусски, но говорю так, как мне поручено». У адной фразе месціцца ўся сутнасць аўтарытарнай Беларусі! Умею, але не буду, бо не даручана начальствам, бо няма каманды. Дарэчы, чыноўнік нават паспрабаваў нешта вымавіць на роднай мове, але пасля двух слоў пыкнуў, мыкнуў і змоўк. Гэта ганебны вынік працы зрусіфікаванага міністэрства, дзе ён служыць. Сёння толькі 16% дзяцей краіны вучацца ў базавай і сярэдняй школе па-беларуску.

Некалькі дэлегатаў з Украіны і Расіі заявілі, што ў час глабалізацыі родная мова адыходзіць на задні план. Гэта наогул выглядае дзікунствам. Якая можа быць спрэчка пра важнасць сваёй мовы ў гурце прадстаўнікоў аднаго этнасу?

Патрыёт выхоўваецца роднай мовай, культурай. Губляючы іх, беларусы знікаюць у вялікім свеце. Без мовы нацыя гіне, яе проста не будзе. Таму ўдзельнікі з’езду ўсхвалявана ўспрымалі як словы роспачы М. Крысковіча: «Дзе я? У Беларусі ці ў нейкім іншым месцы?», так і рашучасць лідара віленскіх беларусаў Х. Нюнькі: «Мова — гэта наша ўсё!»

Чарка і скварка, якія аб’яўлены ўладай эталонам жыцця, салідарызуюць толькі абыякавы да духоўнасці электарат, але не могуць аб’яднаць нацыю. Дадзеная кожнаму народу самім Богам родная мова якраз і з’яўляецца цэментуючым чыннікам.

У ходзе дыскусіі выявіліся многія парадоксы і феномены. У краіне не хапае рабочых рук, але азербайджанцу лягчэй атрымаць беларускае грамадзянства, чым беларусу замежжа. Улада баіцца свядомых беларусаў. Для прыкладу скажу, што за апошні час больш мільёна казахаў вярнуліся на радзіму.

Нам, насельнікам цудоўнай зямлі, дзе цякуць Дняпро, Заходняя Дзвіна, Нёман, Буг, Сож і Прыпяць, гістарычна не пашанцавала. У народа захопнікі адабралі нават сапраўднае імя, а крывавы дыктатар Сталін бязлітасна абкарнаў тэрыторыю. Па-за межамі незалежнай краіны засталіся нашы многія святыні. Не адно стагоддзе нас адвучалі ад роднай мовы, культуры, гісторыі, традыцый. Здаецца, прыйшоў час узяцца за розум, ды нешта нічога талковага не атрымліваецца.

Я не прыхільнік тактыкі «малых крокаў», асабліва ў справе ратавання мовы, нацыі, калі неабходна дзейнічаць рашуча і радыкальна, бо любы адваяваны «зялёны лапічак беларускасці» зноў бязлітасна паглынае пустыня нігілізму і пустадомства, бюракратычнага боўдзільства і дурноты. Выдатна разумею, што без мадэрнізацыі грамадска-палітычнай сістэмы краіны не вырашацца ніякія нацыянальныя праблемы тутэйшых грамадзян і дыяспары. Але сваё выступленне я скончыў прапановай зноў уключыць у рэзалюцыю з’езду наданне роднай мове практычнай дзяржаўнасці, вяртанне беларускіх школ, адкрыццё нацыянальнага ўніверсітэта і словамі: «Кропля камень точыць».

Гледзячы на светлыя абліччы, чуючы голас душы сапраўдных беларусаў, маё сэрца тым не менш разрываў смутак. Магчыма, мы — апошнія будзіцелі народнага духу, нешчаслівыя рэаніматары нацыі, самаахвярныя намаганні якіх марныя, бо ўсё зайшло надта далёка? Але ведаю, што гэтыя слаўныя людзі будуць выконваць абавязак сумлення ў любой сітуацыі і да канца жыцця. Тут успамінаюцца словы англійскага палітыка У. Чэрчыля: «Нацыя без сумлення — гэта нацыя без душы. Нацыя без душы — гэта нацыя, асуджаная на гібель».

VІ з’езд беларусаў свету прыняў дакументы: рэзалюцыю «Беларуская мова — галоўны фактар захавання беларускай нацыі», заяву «Аб акце добрай волі» ў падтрымку палітычных вязняў. У выніковай рэзалюцыі ёсць словы, якія павінны нарэшце дайсці да свядомасці кожнага суродзіча: «Толькі самі беларусы могуць захаваць сваю нацыю, умацаваць і развіць нацыянальную дзяржаву. У гэтай святой справе павінны аб’яднацца ўсе беларусы незалежна ад палітычных і рэлігійных поглядаў і перакананняў».

Свядомым беларусам трэба штодня біць таранам праўды і розуму ў глухія сцены, якія ўзведзены аўтарытарнай уладай на шляху народа да ўратавання, да свабоды, дэмакратыі і дабрабыту. Каб вылечыць запалоханы, замбіраваны люд, больш эфектыўных лекаў яшчэ не прыдумана.

Аптымістычныя заклікі «Жыве Беларусь! Будзьма, беларусы!», якія часта гучалі на з’ездзе, застаюцца навечна.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.