TOP

У адной асобе

Мінулае стагоддзе, пражытае чалавецтвам «на разрыў», у рэвалюцыях і войнах, прайшлося, як асфальтавым катком, па людской маралі. Народныя традыцыі, нормы, звычаі разбураліся, на змену ім ва ўмовах гвалту сілы і зброі, крывавых рэпрэсій, беднасці, бясконцага змагання за лусту хлеба нараджаліся ўзаемаадносіны лагернага тыпу.

У ХХІ стагоддзе беларусы ўвайшлі з падточаным чарнобыльскай бядой фізічным здароўем, свядомасна, душэўна і нацыянальна спустошанымі, але з багатым вопытам няволі, страху, канфармізму, прадажніцтва, стукацтва і цынізму. Нашы асабістыя чалавечыя якасці, у якіх адмоўнае ўзяло верх над станоўчым, вінаватыя ў тым, што ў незалежнай Беларусі не знайшлося месца свабодзе, дэмакратыі і трывалым маральным нормам. Тут хутка ўсталяваўся аўтарытарызм, пры якім грамадства жыве не па Канстытуцыі і законах, а «по понятиям». Пра гэта сведчыць нават знешні антураж — турэмная лексіка, якую ўжываюць усе: ад крымінальніка да прэзідэнта.

У параўнанні з савецкім мінулым нічога не змянілася ў палітычным жыцці: свабодныя, сумленныя выбары адсутнічаюць, улада засяроджана ў руках аднаго чалавека, інфармацыйная прастора запоўнена прапагандай. А ў сферы спажывання «змены» ёсць: раней на з цяжкасцю сабраныя сродкі немагчыма было купіць штосьці патрэбнае, панаваў дэфіцыт, а цяпер у магазінах маецца ўсё, але ў кішэнях не хапае грошай. Мізэрнае павышэнне зарплат, пенсій адразу з’ядаюць аплата камунальных паслуг, цэны на харч, лекі, тавары. Насельніцтва існуе згодна фармулёўкі У. Леніна: «шаг вперёд, два шага назад», спаўзаючы ў мінус.

Нервова і няскладна развіваецца вельмі патрэбны пласт грамадства — прадпрымальніцтва. Калі верыць афіцыйным СМІ, то можна падумаць, што нядаўна рассакрэчаныя «акулы бізнесу» — гэта геніі прадпрымальніцкай думкі і дзеяння. Нічога падобнага! Іхні поспех трымаецца ў асноўным на кантактах з уладай. Нават калі правіцель патрабуе падзяліцца або памагчы ўратаваць нейкую дзяржаўную структуру, то яны не прагараюць, застаецца «детишкам на молочишко». А вось колькасць прадстаўнікоў нармальнага малога і сярэдняга бізнесу, на якіх грунтуецца эканоміка, за апошні час пад бюракратычным прэсам скарацілася.

Затое размножанае племя начальнікаў жыве ў новых, цяплічных умовах. Паказальнай рысай стала спалучэнне адной асобай службовага абавязку з іншай дзейнасцю, чаго ніколі не было раней. Чыноўнікі, дэпутаты і сілавікі шырокім фронтам атакавалі народнае багацце, а таксама бізнес і замацаваліся ў ім. Яны знаходзяцца як бы ў раздвоеным стане, але палавінкі знітаваны прагматыкай: службовец эфектыўна дапамагае бізнесоўцу, а бізнесовец — службоўцу. Нехта скажа, што такога не можа быць, што гэтаму кантынгенту займацца прадпрымальніцтвам нельга. Але для чаго існуюць жонкі, дзеці, бацькі, браты, сёстры, зяці, нявесткі, цешчы, сваты і іншая радня? Яны задзейнічаны і знаходзяцца пад клапатлівай апекай. Прытым сучасныя слугі народа не баяцца нікога і нічога, страцілі апошнія рэшткі сумлення. Яны кажуць: «Ну і што, калі краду? Затое я прэзідэнта падтрымліваю і нават люблю!» Ды і з прагматычнага боку ёсць рэзон. Калі накраў на ўсіх: на сябе, на дзяцей, унукаў і праўнукаў, то пару гадоў можна патрываць і за турэмнымі кратамі.

Але, нягледзячы на ліслівыя, дурныя паўторы «выполняя ваши поручения», на прызнанні ў вернасці і гарачай любові, кіраўнік краіны незадаволены якасцю працы высокіх чыноўнікаў, наладжвае ім рэгулярныя прачуханкі. Калі прэм’ер-міністру, віцэ-прэм’еру або міністру публічна ў твар кідаюцца словы незадавальнення амаль на мяжы лаянкі, то ясна, што справы ў краіне — дрэнь.

Ці ёсць у нас хоць адна галіна, дзе ўсё працуе адладжана, плённа, дзе начальнікі не крадуць? Згодна апошніх прызнанняў прэзідэнта, такога ўчастка гаспадарання няма.

Чума карупцыі распаўсюджваецца зверху ўніз. Арыентуючыся на босаў з Мінска і абласных цэнтраў, любы дробны чыноўнічак, які толькі што прыйшоў на пасаду, адразу распачынае будоўлю шыкоўнага катэджа, бярэ хабар, запускае рукі ў казну. Часта злоўжыванні службоўца на ранейшай пасадзе не перашкаджаюць яго павышэнню. Кожны раз, калі друкуюцца такія факты, то напрошваецца лагічнае пытанне: а хто рэкамендаваў, хто зацвярджаў злачынцу на высокай пасадзе? Чаму ім няма спагнання? Пра які парадак і дысцыпліну можна гаварыць, калі арышты адбываюцца ў такіх структурах, як міністэрствы або кіраванне справамі прэзідэнта?

На нарадах гучыць: «Нужен железный порядок!» Колькі разоў мы чулі гэтую фразу? А простыя людзі, аналізуючы сітуацыю, выказваюцца так: «Усіх высокапастаўленых злодзеяў адмазваюць!», «Рука руку мые!»

Агульнанародны набытак, які здабываецца нялёгкай працай, замежныя пазыкі — не гумка, іх не расцягнеш на ўсе начальніцкія сквапныя мэты. Пакуль кіраўнікі не вылезуць з балота карупцыі і крадзяжоў, насельніцтва будзе заставацца напаўгалодным, напаўпадлечаным.

Па ланцужку начальнікаў даходзім да верху. Аўтарытарны кіраўнік — гэта класічны прыклад спалучэння адной асобай функцый палітыка, гаспадарніка, уладальніка непадкантрольнага фонда, пракурора, суддзі, настаўніка, трэнера і г.д. Такі чалавек лічыць, што мае права рабіць усё, што заўгодна. Публіцыст Б. Мінаеў у артыкуле «Если история не кончается» («Октябрь», № 4, 2011) падкрэслівае: «Главная технология власти «одинокого сердца» диктатора: абсолютная отмена ограничений. То есть свобода. Свобода для одного человека. Свобода от всего.

Глубочайшее наслаждение этой свободой. В том (…) нет никакого пиара, нет политтехнологии, нет программы, нет идеи. Это именно веселье, радость, детское дворовое слово — кайф. Задумаешься, пожалуй».

Рэаліі паказваюць, якія дзіўныя страсці бушуюць у душы такіх асоб, якога кайфу ім хочацца, чым яны займаюцца, акрамя службы. Расійскі прэзідэнт У. Пуцін, які спрабуе выявіць сябе як мачо, пахваліўся, што злавіў у Тыве шчупака вагою звыш 20 кілаграмаў. Беларускі кіраўнік не пакінуў гэты факт без увагі, раптам на нарадзе па пытаннях удасканалення правіл палявання і рыбалоўства заявіў: «Я лично сома на 57 кг вытащил. 57, 24 и 7 кг — трех сомов поймал».

Кіраўнікі Беларусі і Расіі арыентуюцца на лідэраў Узбекістана, Казахстана, Туркменіі, якія ўзурпіравалі ўладу і збіраюцца сядзець на пасадзе да канца жыцця. Прыкладам стаў і прэзідэнт Зімбабвэ Р. Мугабэ, які любіць улезці ў любое пытанне, чыя трыбунная рыторыка пра ворагаў пераклікаецца з беларускімі і расійскімі спічамі. Яму стукнула 89 гадоў, з якіх 33 ён правіць. На дзень нараджэння выдаткавалі 600 тысяч долараў, у гонар імянінніка выпусцілі залатыя манеты, спяклі торт вагою 89 кілаграмаў. Абсурднасць пампезнага святкавання заключаецца ў тым, што ў казне краіны налічвалася толькі… 217 долараў!

Роздум завяршу штрыхом, які паказвае, чым адрозніваецца аўтарытарны лідар ад дэмакрата. Тутэйшы кіраўнік пастаянна падкрэслівае, што Беларусь існуе да таго часу, пакуль ён будзе прэзідэнтам, што ёй без яго прыйдзе канец. А былы прэзідэнт ЗША Дж. Буш-малодшы на адкрыцці бібліятэкі ў Даласе сказаў, што яму пашчасціла кіраваць такой смелай, высакароднай краінай, як Амерыка.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.