TOP

«У камэры на Акрэсьціна сьмяяліся з майго прысуду»

У пятнiцу ўвечары з камэры турмы на Акрэсьціна ў Менску пасьля 7 сутак арышту выйшаў на волю Руслан Мірзоеў, які стаў вядомы сваімі відэафільмамі пра МАЗ і пра наркаманаў Курасоўшчыны.

Адразу пасьля выхаду з Акрэсьціна Руслан Мірзоеў даў інтэрвію карэспандэнту Свабоды.

— Руслан, якія ўражаньні ад Акрэсьціна?

— Асноўных уражаньняў два. Першае, пачынаеш цаніць хатнюю ежу, бо тое, чым там кормяць людзей, ежай назваць цяжка. Па-другое, увогуле пачынаеш цаніць волю і тыя магчымасьці, якія яна дае для паўнавартаснага жыцьця. Уявіце, што сядзіш у чатырох сьценах і мозг выносіць ад таго, што няма чым заняцца. Чытаць нічога не давалі, перачытаў нейкія абрыўкі газэт, якія выдаваліся для туалета. Кнігу, якую мне спрабавала перадаць жонка, не ўзялі. Вось гэтак і мыкаўся.

— А як вас затрымалі? На вуліцы, дома? Вядома толькі, што гэта адбылося ў мінулую пятніцу…

— Літаральна ў хаце. Рыхтаваліся паесьці, як прыходзіць да мяне ўчастковы з памочнікам і кажуць, што трэба паехаць у РУУС. Сказалі толькі, што хоча пагаварыць начальнік РУУС — і ўсе. Паехаў. Думаў, што возьмуць тлумачэньні і на гэтым адпусьцяць, але начальнік спачатку прачытаў мне цэлую лекцыю. Што я нібыта сваімі фільмамі падштурхоўваю да злачынстваў цэлае пакаленьне моладзі, і што я падрываю аўтарытэт міліцыі, якая змагаецца са злачыннасьцю, а я тут такое паказаў…

Слухаць гэта было сьмешна, але мне давялося маўчаць, бо думаю, потым адпусьцяць. Але пасьля гэтага са мной пра тое ж размаўляў яшчэ начальнік з Генэральнай пракуратуры, не памятаю прозьвішча. Зноў жа, што я нібыта падрываю ўсе грамадзтва. Нават калі пачалі складаць пратакол, думаў, што абмяжуюцца штрафам і адпусьцяць. Але не адпусьцілі. У пратаколе напісалі, што нецэнзурна лаяўся, чапляўся да мінакоў і не рэагаваў на заўвагі.

Калі першае сапраўды было — гэта я для свайго шоў абраў — то да нікога я не чапляўся і заўваг не чуў, гэта дакладна. Склалі пратакол і адправілі у камэру, дзе давялося прабыць да панядзелка. Але і ў панядзелак, калі прывезьлі ў суд, не думаў, што закончыцца арыштам. Па такім артыкуле — за лаянку — нікому ж суткі не даюць. І ўсе адбываецца за лічаныя хвіліны. А тут зрабілі цэлы спэктакль: судзьдзя ў мантыі, тэлебачаньне, тры гадзіны ідзе паседжаньне! Я потым, калі сукамэрнікам распавеў пра тое, як мяне судзілі і за што, людзі сьмяяліся.

— Вядомы рэжысэр Юры Хашчавацкі сказаў, што цябе пакаралі не за брыдкія словы, а за тое, што паказаў наркаманію і моладзевую злачыннасьць. Ты згодны з гэтым?

— А за што іншае? Канешне. Хаця гэта сьмешна. Яны хочуць у час інтэрнэту спыніць тое, што людзі ўсе абмяркоўваюць і ўсім цікавяцца. Нібыта мы жывем ў СССР ды за жалезнай заслонай! Тое, што я здымаў, у той жа Расеі паказваюць ў інтэрнэце значна вастрэй і шматкроць, а тут прыдумалі змагацца! Толькі ў нашай дзяржаве такое магчыма.

— Ты далей будзеш здымаць, ці на гэтым твае захапленьне відэа спыніцца?

— Скажу гэтак: мне трэба дабыць год хатняй хіміі, інакш мяне адправяць ў каленію на рэальны тэрмін. Участковы папярэдзіў, што будуць правяраць штодня, ужо ў 7 гадзінаў вечара мне трэбы быць дома інакш — ўсе. Мяркую, гэта не проста пагрозы. Таму мне трэба год пацярпець. Але жаданьне здымаць і нешта такое паказваць пра наша жыцьце — яно засталося, нават ўзмацнілася.

Да мяне вось зьвярнуліся людзі з арганізацыі, якая займаецца рэабілітацыяй наркаманаў. Яны кажуць, што такі відзік больш робіць ў змаганьні з наркотыкамі, чым што іншае. Я ж хацеў паказаць тое, што есьць ў такой сьмешнай форме, каб было цікава. І нешта атрымалася, відаць. Таму зусім ад гэтага я не адмовіўся, але трэба пачакаць.

— Шмат людзей за цябе перажываюць, вітаюць цябе. Трымайся! Што будзеш рабіць ў хуткім часе?

— Дзякуй. А ў панядзелак пайду на працу. Спадзяюся, усе атрымаецца.

Алег ГРУЗЬДЗІЛОВІЧ, Радые Свабода

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.