TOP

«Першага прэзыдэнта трэба было абіраць Вярхоўным Саветам»

Мечыслаў Грыб адзначае 28 верасьня сваё 75-годзьдзе. Менавіта ён у 1994 годзе падпісаў першую дэмакратычную Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

Кароткі час быў кіраўніком краіны: у 1994 годзе, да першых прэзыдэнцкіх выбараў, узначальваў Вярхоўны Савет 12 скліканьня.

Гледзячы на бадзёрага і жвавага Мечыслава Іванавіча, цяжка паверыць, што яму сёньня 75. Кажу яму пра гэта. Спадар Грыб сьмяецца:

«А Ленин такой молодой, и счастье у нас впереди…» Нічога асаблівага я для гэтага не раблю. Я жыву звычайным жыцьцём. Ем звычайную ежу, звычайна адпачываю. Праўда, займаюся фізкультурай амаль кожную раніцу, без выхадных і прахадных. Але я ня думаю, што гэта зьвязана зь фізкультурай. Можа, гены ў мяне такія? Мая маці пражыла вельмі цяжкое і складанае жыцьцё ў калгасе і памерла на 90-м годзе. А бацька загінуў у Вялікую Айчынную вайну. Але яго родны брат таксама пражыў 90 гадоў».

Мечыслаў Грыб успамінае, як падпісваў першую дэмакратычную Канстытуцыю Беларусі:

«Канстытуцыю прыняў Вярхоўны Савет 12 скліканьня, прагаласаваўшы за яе канстытуцыйнай бальшынёй. І гэты ж Савет асобнай пастановай даручыў мне як старшыні падпісаць Асноўны Закон нашай краіны. Што я зь вялікім задавальненьнем афіцыйна і публічна ў залі пасяджэньняў прэзыдыюму ВС і зрабіў.

Увесь гэты пісьмовы прыбор сакратарыят перадаў у Дзяржаўны музэй гісторыі Беларусі. Там ён пэўны час і стаяў. А потым — некуды зьнік. Я спрабаваў даведацца, дзе ён. Мне сказалі, што быццам у запасьніках. Але я дакладна ня ведаю».

Карэспандэнт: «Пройдзе час, і ўсё, мабыць, вернецца ў музэйную залю…»

«Калі ня выкінулі. У нас людзей забіваюць і хаваюць так, каб ніхто не знайшоў. А тут пісьмовы прыбор».

Мечыслаў Грыб кажа, што сёньня, вяртаючыся думкамі ў пражытае, ён не зьбіраецца пасыпаць галаву попелам:

«У цэлым я не магу скардзіцца на свой жыцьцёвы лёс. Таму што для простага сялянскага хлопца, без усялякай дапамогі збоку, ён склаўся вельмі нармальна. І калі я буду скардзіцца на свой лёс, то гэта ж будзе несправядліва.

Калі сёньня асэнсоўваць пражытыя 75 гадоў, то шмат што было зроблена так, як належыць. Шмат было і памылак. Я не хачу сёньня раскайвацца. Былі пэўныя абставіны, былі нейкія недакладнасьці. Розныя былі падзеі. Сёньня я гэта асэнсоўваю. Я гэта ўсё прызнаю».

Пытаюся, што Мечыслаў Іванавіч зрабіў бы цяпер інакш, калі б раптам зьявілася такая магчымасьць:

«Па-першае, зрабіў бы спробу пераканаць дэпутатаў, што пры ўвядзеньні інстытуту прэзыдэнцтва на першы, а можа нават і на два першыя тэрміны, кіраўніка дзяржавы трэба абіраць не агульнымі выбарамі, а дэпутатам Вярхоўнага Савету. Абгрунтаваў бы гэта так: гэтая пасада для Беларусі новая, невядомая. І таму да гэтага трэба падыходзіць з большай асьцярожнасьцю. Тады мы б маглі паглядзець, што з гэтай пасады атрымліваецца. А пасьля, як гэта ўсё ўсталявалася, перайшлі б на выбары ўсімі грамадзянамі. Мы думалі тады, што ў нас ужо ўсталявалася дэмакратыя. На жаль, памыліліся, пераспадзяваліся.

І другое. Нядрэнна было б, калі такая магчымасьць была, афіцыйна прыняць статус нэўтралітэту нашай краіны. На той час гэта было амаль немагчыма. Мы былі самай мілітарызаванай рэспублікай у Савецкім Саюзе. Тады налічвалася 240 тысяч войскаў Беларускай ваеннай акругі. Столькі было вайскоўцаў — і дзейных, і адстаўнікоў! Мы запісалі, што Беларусь імкнецца да нэўтралітэту. Але „імкнецца“ — гэта нічога не вызначае, гэта — ня статус нэўтралітэту».

Анатоль Лябедзька — таксама дэпутат парлямэнту двух скліканьняў, лідэр апазыцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі — кажа, што сёньня ён здымае капялюш перад спадаром Грыбам:

«Генэралаў у Беларусі багата. А вось генэралы з дэмакратычнымі поглядамі — у дэфіцыце. І тут Мечыславу Іванавічу трэба аддаць належнае за ягоную эвалюцыю. Пачынаў ён як вылучэнец камуністычнай партыі, як намэнклятуршчык, як чалавек, які ўтульна пачуваў сябе ў мінулым. Але ў мінулым ён не застаўся. Нягледзячы на ўзрост, на іншыя акалічнасьці, ён усё ж дрэйфаваў у бок дэмакратычных каштоўнасьцяў. І рабіў гэта абсалютна шчыра, адкрыта і сумленна. Мечыслаў Іванавіч — чалавек з поглядамі, з прынцыпамі. І калі патрэбна было прымаць вельмі важныя рашэньні, патрэбна было рабіць выбар, ён рабіў яго правільна».

Алег Трусаў добра ведае Мечыслава Грыба і па Вярхоўным Савеце 12 скліканьня, і па агульнай партыйнай працы на глебе сацыял-дэмакратыі. Але сёньня спадар Трусаў хоча гаварыць пра Мечыслава Іванавіча як старшыня Таварыства беларускай мовы:

«Гэта — другі кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён вярнуўся на родную беларускую мову пасьля таго, як 30 год на ёй не размаўляў. Аднавіў яе за паўгода і зараз на ёй размаўляе.

Па-другое, пры Грыбу была прынятая першая Канстытуцыя незалежнай краіны, дзе дзяржаўная мова была адна — беларуская. І ён яе падпісаў»

Уладзімер ГЛОД, Радыё Свабода

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.