TOP

Сетка прадуктовых крамаў перайшла на беларускую мову

Што гэта: маркетынгавы ход ці праява патрыятызму?

«Не сакрэт, што частка нашых інвестараў — літоўцы. Першае, што яны ў нас спыталі, — на якой мове мы размаўляем, ці размаўляем па-беларуску», — кажа менеджар па камунікацыях супермаркетаў «Март Ін» Алена Сітдзікава.

Літоўцы разумеюць, што большасць беларусаў у жыцці гавораць па-расейску, пiша «Наша Нiва». Але беларуская — другая дзяржаўная. Як ветлівыя госці, літоўцы вырашылі, што яе выкарыстанне будзе добрым ходам, павагай да краіны, у якой яны збіраюцца развіваць бізнэс.

«А таксама — што хаваць — ніхто больш пра гэтага не здагадаўся. Усе астатнія сеткі камунікуюць на рускай мове, не выкарыстоўваючы беларускую як сродак адрознення. Таму мы з задавальненнем зрабілі беларускую мову нашай адметнай рысай», — дадае Алена. Яна ж і займалася перакладам.

Натуральна, часам здараюцца памылкі. Напрыклад, адзін пільны жыхар Брэста параіў замяніць «куфаль» на «келіх» у рэкламным буклеце. «Лічу, што лепш так, чым аніяк. Мы вучымся разам з тымі, хто наведвае нашы крамы», — кажа дзяўчына.

Пакупнікі ды бізнэс-партнёры ідэю «беларусізацыі» «Март Іна» ўспрынялі пазітыўна.

Праблемы з разуменнем словаў ні ў каго не ўзнікалі. Зрэшты, галоўную інфармацыю для пакупнікоў — цэннікі — у краме вырашылі пакінуць па-расійску.

«Таму пакуль што беларуская — гэта рэкламныя лістоўкі і афармленне інтэр’ера.

То бок тое, што не выкліча дыскамфорт у людзей у працэсе выбару», — дадае Алена.

На яе думку, цалкам перайсці на беларускую ўдасца, толькі калі ўсе камунікацыі ў беларускім грамадстве пачнуцца на роднай мове. Тады хоцькі-няхоцькі людзі пачнуць разумець, прывыкаць, адаптавацца і карыстацца. Нейкая ж ідэалагічная праца ці заклікі да патрыятызму наўрад ці спрацуюць.

Першы «Март Ін» (вымаўляецца «марцін») адчыніўся ў жніўні 2012 у Мінску. Цяпер працуюць дзве крамы ў сталіцы, яшчэ па адной — у Брэсце, Бабруйску і Жодзіна. Сёлета плануецца адкрыць каля 10 новых крамаў у Ваўкавыску, Бабруйску, Гомелі, Брэсце і Салігорску. Уладальнікі — літоўскія бізнэсмэны браты Міндаўгас і Гінтарас Марцінкявічусы, якія таксама валодаюць доляй акцыі сеткі «Максіма».

Фото: znb-by.org

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.