TOP

Дэтэктар хлусні

Нядаўна міністр МУС Расіі У. Калакольцаў унёс сур’ёзныя змены ў загад «О некоторых вопросах назначения на должности в органах внутренних дел РФ и увольнения со службы сотрудников». Цяпер службоўцы ад паставых да генералаў будуць праходзіць праверку з выкарыстаннем дэтэктара хлусні. 

Афіцыйныя паведамленні кажуць пра тое, што новаўвядзенне нацэлена на ўзмацненне барацьбы з карупцыяй у праваахоўных органах Расіі. Сапраўды, тут даўно склалася нядобрая сітуацыя. Нават абсалютна несамакрытычны прэзідэнт РФ У. Пуцін, які звычайна аддае перавагу дасягненням, вымушаны быў публічна заявіць, што рэформа ў сістэме МУС правалілася.

Падзеі ў суседняй краіне ўзяты мною запеўкай для роздуму нездарма. Пры аўтарытарнай уладзе, якая і ў Беларусі, і ў Расіі займаецца ў першую чаргу самазахаваннем, а затым астатнім, бескантрольна расце чыноўніцкі апарат і сілавы блок. Затым, нібыта агледзеўшыся, правіцелі распачынаюць на словах іх скарачэнне, але ўсё застаецца так, як было.

Напрыклад, у Расіі, дзе жыве 141 мільён чалавек, паліцыі больш, чым у ЗША, якія налічваюць 307 мільёнаў насельніцтва. А Беларусь па колькасці супрацоўнікаў праваахоўных органаў пераўзышла Польшчу, хоць у той у 4 разы больш жыхароў. Але хто скажа, што ва ўсходніх краінах вышэйшы дабрабыт і лепшы парадак, чым у заходніх? Ніхто! Якраз гэта і сведчыць пра тое, што каэфіцыент карыснага дзеяння кадраў чыноўнікаў і паліцыі (міліцыі) не заменіш колькасцю. Яна не спрацоўвае нават у ганебнай барацьбе з мірнай апазіцыяй!

У час адной з вандровак па Францыі мне ўдалося азнаёміцца з дзейнасцю паліцыі Ліёна, мець гутарку з камісарам і іншымі супрацоўнікамі, бачыць спецрэйд па вуліцах горада. Інспектар дывізіёна А. Ліард расказаў: «Трапіць на службу ў паліцыю няпроста. Каля тысячы чалавек штогод прыходзіць з арміі. Але і з іх мы прымаем далёка не кожнага. Прэтэндэнты праходзяць вельмі строгі, сур’ёзны конкурс. І затым ад пасады да пасады ідзе пастаянная праверка прафесійных і маральных якасцей супрацоўнікаў. Перад павышэннем па службе абавязкова здаем экзамены, праходзім прыдзірлівую атэстацыю. Дыпломы выдаюцца не агулам, а кожнаму ў залежнасці ад яго ведаў, вопыту, маральнасці. Ад таго, які ты дыплом атрымаў, залежыць і зарплата».

Дадам яшчэ, што ў французскіх паліцэйскіх заробак вельмі прыстойны, дасканала адпрацаваны механізм іх сацыяльнай абароненасці: салідная пенсія, дапамога, звязаная з траўмамі, з інваліднасцю, падтрымка сям’і, калі здараецца трагедыя. Надзвычай строга караецца напад на паліцэйскага (ад 6 месяцаў да 20 гадоў зняволення). Здаецца, схема простая, але надзейная, бо яна падтрымлівае галоўнае — праўдзівасць, маральнасць, сумленнасць тых, хто стаіць на варце закона. У ёй знаходзіцца месца і паліграфу, які пасабляе правяраць дзелавыя і асабістыя якасці службоўцаў.

У Беларусі і ў Расіі сітуацыя іншая. Тут замацавалася не толькі кругавая парука, але і кругавая абарона чыноўнікаў, кіраўнікоў, дэпутатаў, сілавікоў ад звычайных грамадзян, прарваць якую ніякі дэтэктар не дапаможа. У ход ідуць бюракратычныя адпіскі, пакіданне заяў і скаргаў без адказу, спісанне лістоў у архіў, замоўчванне крытыкі і, безумоўна, татальная хлусня. Яна жыве ўсюды: у прамовах, у СМІ, у школьных падручніках, яе пацвярджэннем з’яўляюцца паводзіны сведкаў-міліцыянераў (паліцэйскіх) на палітычных судах.

Генератарам хлусні пры аўтарытарызме з’яўляецца ідэалагічная машына. Так было ў СССР, тое ж працягваецца цяпер. Хлусня, народжаная наверсе, цячэ ўніз і атручвае ўсё грамадства, бо дзейнічае адмоўна як на тых, хто верыць, так і на людзей, якія яе не прымаюць. Нармальныя грамадзяне проста стамляюцца пастаянна слухаць і аспрэчваць штодзённы абсурд.

Прывяду два прыклады з гісторыі. Мікрабіёлагу Успенскаму следчы прадыктаваў, што трэба пісаць пра свае «злачынствы»: «Я гулял в парке культуры и отдыха. Когда я стоял в очереди за газировкой, ко мне подошел японский шпион и предложил отравить московский водопровод. Я согласился». Прафесар паспрабаваў пярэчыць, што не быў у гэтым парку і не піў газіроўку. Следчы абклаў яго такім матам, што стары тут жа падпісаў пратакол і забяспечыў сабе «вышэйшую меру». Гэты «дакумент» сталінскай эпохі напомніў пра здохлых пацукоў, якімі, згодна версіі «мудрых» органаў бяспекі, апазіцыянеры новага часу «спрабавалі атруціць мінскі водаправод».

У 1937 годзе нямецкі пісьменнік Л. Фейхтвангер па запрашэнні ўраду СССР прыехаў у Маскву, прысутнічаў на судовым працэсе па справе «паралельнага антысавецкага трацкісцкага цэнтра». Ён чуў генеральнага пракурора А. Вышынскага і выступы 17 падсудных, абвінавачаных у здрадзе Радзіме. Падсудныя расказвалі пра арганізацыю імі невераемных дыверсій і шпіянажу на карысць Японіі і Германіі.Член партыі з 1910 года, удзельнік лютаўскай і кастрычніцкай рэвалюцый, былы нам. наркама цяжкай прамысловасці Ю. Пятакоў выкрываў сябе так: «И вот я стою перед вами в грязи, раздавленный своими собственными преступлениями, лишенный всего по собственной вине, потерявший свою партию, не имеющий друзей, потерявший семью, потерявший самого себя…» Ён, Л. Серабракоў і яшчэ 11 чалавек былі асуджаны да расстрэлу, 4 — да розных тэрмінаў зняволення, двух з якіх пазней, згодна завочна вынесенага прысуду, расстралялі.

Следства і суд былі праведзены з грубымі парушэннямі закона. Пленум Вярхоўнага Суда СССР у 1988 годзе прысуд у адносінах да 8 зняволеных адмяніў і справу спыніў з прычыны адсутнасці ў дзеяннях асуджаных складу злачынства. Раней у судовым парадку рэабілітавалі іншых 9 асуджаных.

А як павёў сябе Л. Фейхтвангер? Ён вярнуўся ў Германію і напісаў кнігу «Москва, 1937», дзе ўсхваляў Сталіна і сталінізм. «Тупость, злая воля и косность стремятся к тому, чтобы опорочить, оклеветать, отрицать всё плодотворное, возникающее на Востоке», — пісаў літаратар. Доўга жыло тлумачэнне, што Л. Фейхтвангера і іншых замежных пісьменнікаў удалося падмануць, што яны паверылі сталінскай прапагандзе і лічылі падсудных вінаватымі. Але новыя архіўныя матэрыялы выявілі іншае. Яшчэ ў Маскве ў гутарцы з даўняй знаёмай А. Азарх пісьменнік хапаўся за галаву і паўтараў, што гэта не суд, а кашмарная пастаноўка, якая жахліва скончыцца. Ні кроплі даверу да суда і ўвогуле да савецкай улады ў яго не было.

Але чаму такое напісаў? Па палітычнай прагматычнай прычыне — левай заходняй інтэлігенцыі трэба было асуджаць капіталізм і абараняць сталінскі сацыялізм. І ніхто тады не праверыў яго на дэтэктары хлусні…

У незалежнай Беларусі ідуць палітычныя суды. Як мы бачым, ідэалагічная парадыгма «свабодамыслячы — іншадумца — апазіцыянер — вораг» аказалася больш жывучай, чым сам СССР. Многае паўтараецца. Былым часам патыхае ад прысудаў кандыдатам у прэзідэнты, ад цынічнага прымусу невінаватых падаваць прашэнні аб памілаванні. Трэба правяраць на паліграфе і заангажаваных журналістаў, экспертаў, якія наступаюць на старыя граблі — зноў з меркантыльнымі мэтамі хлусяць.

Ведаю, што зямляне ніколі не дажывуць да такога часу, калі вышэйшай ацэнкай чалавека будзе фраза: «Ты ўжо хлусіць развучыўся!» Але мне пра такое ўсё ж марыцца.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

Як ушчаміцца ў эліту?

Рэфлекс сабакі Паўлава

Сіндром халявы


Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.