Зь дзіцячага садку звольніліся ледзьве ня ўсім калектывам
Чатыры гарадзенскія садкі з пачатку новага году перайшлі з падначаленьня «Гродна Азот» на балянс гарана. Заробкі ў выхавацелек з амаль пяці мільёнаў зьнізіліся да двух. Людзі масава пазвальняліся.
З новага году былыя ведамасныя дзіцячыя садкі, якія належалі вытворчаму аб’яднаньню «Азот», будуць утрымлівацца на сродкі гарадзкога бюджэту. Працаўніцы гэтых садкоў пачалі пісаць заявы на звальненьне.
Былая выхавацелька садку № 42 спадарыня Вольга распавяла, што яны напісалі заявы практычна ўсім калектывам разам з загадчыцай, бо не хацелі страціць разьліковыя выплаты, якія па звальненьні ім выплаціў «Гродна Азот». З больш чым 50 чалавек, паводле яе, засталіся працаваць толькі сем:
«І добрую разьліковую выплату атрымала. Разам з заробкам я атрымала 43 мільёны. Дый сама стаўка ў мяне ў месяц складала 2 мільёны 800 тысяч, а з даплатамі і яшчэ калі даводзілася працаваць у дзьве зьмены, то я мела каля 5 мільёнаў. А тут нам прапанавалі стаўку 2 мільёны».
Ейная калега па працы спадарыня Святлана дадае:
«Людзі сыходзяць, бо заробкі нізкія і не адпавядаюць такой працы. Ня ведаю, хто прыйдзе туды, але раз яны не хацелі турбавацца пра нас, кваліфікаваных пэдагогаў, то што тут скажаш!»
Трывогу адразу забілі бацькі. Адна з спадарынь распавядае, што ейнае дзіця, вярнуўшыся з садку дамоў, папрасіла есьці. Раней такога не бывала. Яна пачала высьвятляць прычыну. Выявілася, што нават кухараў у садку нестае:
«І штат выхавацелек не ўкамплектаваны. Дайшло да таго, што групы пачалі аб’ядноўваць, прычым дзяцей трох гадоў — з тымі, каму ўжо шэсьць. Гэта ненармальна. Выхавацелька не павінна займацца адразу некалькімі групамі».
Новая загадчыца Лілія Лукша кажа, што ўсе 11 групаў у садку функцыянуюць і ў іх пакуль па адным выхавацелю, але, маўляў, кожны дзень набіраюць новых працаўнікоў, паўсюль даюцца аб’явы. Яшчэ яна дадала, што ня вельмі разумее тых пэдагогаў, якія пакінулі дзяцей, не дачакаўшыся, пакуль на іх месцы прыйдуць новыя выхавацелі:
«За кожнай групай былі замацаваныя выхавацелі. Некаторыя зь іх сышлі і нічога нават не сказалі бацькам, а дзеці ж да іх прызвычаіліся. Разумееце, пэдагог — гэта прызваньне. Яны павінны былі дачакацца, пакуль на іх месца прыйдзе новы чалавек».
Спадарыня Алена водзіць у гэты садок дачку і кажа, што ня мае крыўды на выхавацелек, якія пасыходзілі, бо не хацелі страчваць на заробках, ня кажучы пра добрыя разьліковыя. Яна зьдзіўляецца, што ў гарадзенскім гарана, дзе больш як за два тыдні ведалі, што звальняецца амаль увесь калектыў, не зрабілі належных захадаў:
«Ведалі ж пра гэта заранёў. Я лічу, што ўся адказнасьць за сытуацыю ляжыць на аддзеле адукацыі гарвыканкаму. Я, да прыкладу, сабе таксама шукаю заўсёды лепшага, і калі б мне не хапала грошай, то не працавала б на голым энтузіязьме. Ясна, што тут дзеці, але асуджаць выхавацелек, якія звольніліся, я не магу і ня буду».
Міхал КАРНЕВІЧ, Радыё Свабода