TOP

Нас не зламаць, бо верым у праўду

Людмілу Кучуру і яе сяброў аб’ядноўвае ўпэўненасьць у тым, што судова-следчая сістэма дае збоі. Вынік — несправядлівыя, на іх погляд, выракі. 

Ужо 10 гадоў жанчыны дабіваюцца перагляду прысудаў як уласным сваякам, так і незнаёмым людзям, што дабіваюцца праўды:

— Майго мужа арыштавалі 10 год таму ў сувязі з забойствам дзяржінспектара камітэта па ахове жывёльнага і расліннага свету. Уся яго віна ў тым, што апынуўся ў найбліжэйшым да месца забойства пасёлку, ды да таго ж сам паляўнічы і ў доме знайшлі зарэгістраваную стрэльбу. Натуральна, я лічу, яго дачыненне да забойства не даказана. Усе хадайніцтвы, якія мы заяўлялі, былі адхіленыя судом. Экспертызы, якая б даказвала, што гэты дзяржінспектар забіты з стрэльбы майго мужа, няма. Ужо пасля касацыі, калі я наняла адваката, мы выявілі, што вельмі шмат дакументаў з матэрыялаў справы знікла… Мужу далі васемнаццаць гадоў. Для нас гэта быў шок…

Тады я і пачала дабівацца справядлівасці: хадзіць, пісаць скаргі. Моцы мне дадае ўпэўненасць, што мой муж сядзіць несправядліва. У Вярхоўным судзе пазнаёміліся з першымі пяццю чалавекамі, якія гэтаксама адстойвалі сваіх мужоў, братоў… Неўзабаве мы разам вырашылі напісаць калектыўны ліст прэзідэнту.

Паступова да нас далучаліся новыя людзі. Група разрасталася — зараз нас паўсотні. Мы з розных абласцей, у нас розныя справы — грамадзянскія, крымінальныя.

Тыя, каму на працягу гэтых гадоў пашчасціла вырашыць свае пытанні станоўча, усё роўна застаюцца з намі, падпісваюць усе нашы калектыўныя звароты ў розныя органы, міжнародныя арганізацыі і гэтак далей. Бо разумеюць: трэба дапамагчы тым, хто калісьці дапамог ім.

А дапамагчы ўдаецца самым розным людзям. Напрыклад, барысаўца Аляксандра Бабенку пасадзілі за забойства яшчэ ў непаўналетнім узросце. Як непаўнагадоваму, яму далі дзевяць гадоў, шэсць адседзеў. І вось разам з намі ягоная мама дамаглася вызвалення сына.

Але ёсць у нашай групе і справы, па якіх не ўдаецца дамагчыся выніку. У Ніны Цімафееўны Курнушка ў 2000 годзе на паляванні быў забіты сын. Да гэтага часу забойца не пакараны. Куды б знясіленая горам маці ні звярталася, ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмаўляюць.

У 2000 годзе была згвалтаваная і забітая 16-гадовая дачка Мікалая Мікалаевіча Лебедзя з Салігорску. Усе гэтыя гады ён дамагаецца пакарання вінаватых, але… Хоць бацька мае ўсе доказы і называе імёны злачынцаў.

Ёсць сярод нас былы суддзя і адвакат — Сяргей Ярашэвіч з Жлобіна. Ён прайшоў ужо 17 судовых інстанцый па сваёй справе, аднак нічога не можа даказаць. Дык калі былы суддзя і адвакат не ў стане дамагчыся праўды, уявіце, як цяжка нам, простым грамадзянам.

Тым больш зараз (ствараецца ўражанне) нехта з улады вырашыў, што для нас і так ужо шмат чаго зроблена, а ў выніку спыняюць перапіску, не адказваюць…

Гэта вельмі цяжка. Аднак мы ўжо столькі нацярпеліся, што здавацца не будзем. Бо спыніцца — гэта як здрадзіць тым, у каго верыш і каго абараняеш. 

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.