Украіна па-беларуску
З самага пачатку хачу пагадзіцца з кіраўніком Саюза беларускіх пісьменнікаў Барысам Сачанка: беларусы і ўкраінцы — самыя блізкія нацыі ў свеце. Прэзентацыя кнігі «Мастак» яшчэ раз пацвердзіла гэта больш як красамоўна.
Надрукавалі яе ў выдавецтве «Кнігазбор» і прымеркавалі да 200-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі. Складаецца кніга з твораў украінскага класіка, якія на беларускую мову пераклаў і стаў укладальнікам выдання Валер Стралко — этнічны украінец, які шмат год жыве ў Беларусі, па праву лічыцца сапраўдным майстрам мастацкага перакладу.
Кніга «Мастак» была выдадзена дзякуючы асабістаму спрыянню пасла Украіны ў Беларусі Міхаіла Ежэля і ганаровага консула Украіны ў Гродне Валянціна Байко.
Наўмысна не стану «грузіць» чытачоў цытатамі з кнігі. Застаўлю гэты «далікатэс» для асабістага адчування смаку беларускай мовы. Адзначу толькі, што атрымаўся ён якасным яшчэ і таму, што знаёмыя з дзяцінства «інгрэдыенты» ў дадзеным выпадку ўспрымаліся крыху па-новаму.
Дарэчы, літаральна за дзень да запінальнай прэзентацыі па ініцыятыве Паўла Севярынца быў створаны Беларускі камітэт салідарнасці з Украінай. Вельмі хочацца спадзявацца, што ён (як і пісьменнікі) будзе працаваць надзвычай эфектыўна і прадуктыўна.
Аляксандр ТАМКОВІЧ