Ствараць беларускую энцыклапедыю можа кожны
Электронная энцыклапедыя Вікіпэдыя вызначаецца тым, што напісаць артыкул у ёй можа любы чалавек. Матэрыялы дублююцца на розных мовах. Беларускую «вікі» ад усіх адрознівае тое, што яе дзве: розняцца правапісам — «наркамаўкай» і «класічным правапісам».
Максім Ляшко піша для Вікіпэдыі, заснаванай на класічным правапісе, ці яшчэ яе называюць «тарашкевіцай».
Першым артыкулам Максіма быў накід пра Яганэсбург, у 2010 годзе. Зараз нават не памятае, якім чынам вырашыў пачаць пісаць у Вікіпэдыю. «Здаецца, не было артыкула пра нейкую падзею ці асобу, — кажа ён. — І я тады вырашыў паспрабаваць яго напісаць».
У Вікіпэдыі кожны можа ствараць ці паляпшаць артыкулы на свой густ, галоўнае прытрымлівацца правілаў, дадаваць крыніцы інфармацыі і не парушаць аўтарскае права. Найбольш Максіму падабаецца пісаць пра беларускую гісторыю і культуру. Але ён не абмяжоўвае сябе нейкай пэўнай тэматыкай — прымае ўдзел у тэматычных тыднях, калі ўся беларуская супольнасць вікіпэдыстаў працуе толькі ў адной вызначанай тэме.
Колькасць артыкулаў і аб’ём працы таксама ніхто не вызначае. «Усё залежыць ад настрою ды аб’ёму артыкула, — кажа Ляшко. — У сярэднім прысвячаю Вікіпэдыі трохі больш за гадзіну ў дзень».
Ніякіх грашовых ці нейкіх іншых узнагародаў ніхто не атрымлівае. Вікіпэдыя ва ўсім свеце — добраахвотны праект. «Усё, што маю, гэта задавальненне ад таго, калі мой артыкул хоць нехта чытае», — прызнаецца ён.
Пісаць у вікі можа кожны і на любой мове. Максім Ляшко раіць не баяцца пачаткоўцам рабіць першую праўку. «Пісанне ў Вікіпэдыі не патрабуе нейкіх звышразумовых здольнасцяў, было б толькі жаданне, — дзеліцца ён. — Простым з’яўляецца і інтэрфэйс Вікіпэдыі. Ёсць шэраг інструкцый, да таго ж, можна абапірацца на існуючыя артыкулы, а дасведчаныя ўдзельнікі вікі заўсёды гатовыя дапамагчы навічкам у засваенні пачатковага ўмення».
Некалі беларуская вікі была адна. Там сумесна існавалі артыкулы як тарашкевіцай, так і наркамаўкай. Але некалькі гадоў таму адбыўся падзел на два праекты. Цяпер яны адрозніваюцца правапісам, лексічна ды граматычна. «Класічны правапіс, не зрусіфікаваны палітычнымі камісіямі, падаецца мне бліжэйшым да сапраўднай беларускай мовы, — кажа Максім. — Уласныя імёны ды геаграфічныя назвы ў ім перадаюцца не праз расійскую мову, як тое робіцца ў наркамаўцы, а з мовы арыгіналу». Хаця хлопец і прызнае, што тарашкевіца таксама мае мінусы — напрыклад, наяўнасць паланізмаў.
На думку Максіма, аб’яднанне двух беларускіх вікі наўрад ці ўжо магчымае. «Вікіпідысты з наркамаўскага праекту не пагодзяцца бачыць тэкст тарашкевіцай, — мяркуе ён. — Да таго ж, як быць, калі нехта напіша артыкул адным правапісам, а да гэтага артыкула іншы чалавек захоча нешта дадаць іншым правапісам? Магчыма, калі-небудзь за правапісную рэформу возьмуцца людзі, якія насамрэч шануюць нашу мову і створаць новы агульны правапіс, тады надыдзе час аб’яднання».
Браніслаў КРУПОЎСКІ