Хакей не пабудуе нам нацыю
Стужка ў Фэйсбуку поўніцца захапленьнем, што пасьля хакейных матчаў паўсюль па Менску (ажно ў Шабанах!) чуваць крыкі «Беларусь!» і нават «Жыве Беларусь!»
Крычаць, дый ладна. Гэта б засталося простым жыцьцёвым назіраньнем, калі б не суправаджалася выказваньнямі і нават артыкуламі ў прэсе ў рэчышчы «Такога раней не было», «Людзі становяцца нацыяй», «В такие моменты мы больше всего вспоминаем, что мы белорусы».
От так, нарэшце беларусаў нешта аб’яднала — цяпер мы гатовыя ўступіць у Эўразьвяз… Хаця, нашто нам той Эўразьвяз! — будуем уласную беларускую імпэрыю на глебе хакейных каштоўнасьцяў!
Наколькі ж мы сталі непатрабавальнымі, калі звычайную радасьць спартовых заўзятараў гатовыя ўспрымаць як праяву нацыянальнай еднасьці. Ну так, людзі крычаць «Беларусь». І што з гэтага вынікае? Вы пагаварыце зь імі, спытайцеся, за каго яны галасавалі на выбарах ці як яны ставяцца да ўкраінскай сытуацыі. Не выключаю, што моцна расчаруецеся.
Па тэлеканале СТВ паказалі сюжэт пасьля матчу, калі мужчына ў беларускай вышыванцы крычыць «Беларусь!» і потым кажа карэспандэнту — «Дзякуй прэзыдэнту, што ён усё гэта пабудаваў. Толькі дзякуючы яму ў нас такі чэмпіянат. Бе-ла-русь, Бе-ла-русь».
Дык вось, адкрыю вам адзін сакрэт: людзі, якія выступаюць за дэмакратыю і ўступленьне ў Эўразьвяз — радуюцца за Беларусь, калі яны выйграе. Але людзі, якія ненавідзяць беларускую мову і хочуць, каб Беларусь уступіла ў Расею — таксама радуюцца за Беларусь, калі яна выйграе.. Людзі, якія гатовыя «мачыць» апазыцыю, ненавідзяць «бандэраўцаў» і «Гейропу» — таксама крычаць «Бе-ла-русь!» і радуюцца, калі яна выйграе.
Беларусы настолькі розныя ў сваіх асноўных падыходах да жыцьця і палітыкі, што ніякая спартовая перамога ніякім чынам іх не збліжае. Мы ўжо перамагалі ў футбол у Галяндыі, выйгравалі ў хакей на Алімпіядзе ў швэдаў і на чэмпіянаце сьвету ў расейцаў, Несьцярэнка абганяла ўсіх на Алімпіядзе на стомэтроўцы, БАТЭ перамагала «Баварыю», Домрачава здабыла тры золаты на апошняй Алімпіядзе. Хто-небудзь можа мне патлумачыць, якія грамадзкія зрухі адбываліся ў гэты момант зь беларускай нацыяй на фоне спартовых перамог? У чым канкрэтна праяўлялася гэтая «нацыянальная еднасьць», «адчуваньне супольнага духу»? У грамадзтве ўзрастала падтрымка нацыянальнай культуры, нейкіх беларускіх каштоўнасьцяў? Не-а. Можа, беларусы, адчуўшы рост годнасьці ў выніку спартовых перамогаў, пачыналі больш змагацца за свае ўласныя грамадзянскія, сацыяльныя і палітычныя правы? Не-а.
Пабудова нацыі — гэта мільён пасьлядоўных крокаў, і спорт — адзін зь іх, істотны, але далёка не самы вырашальны (проста ён найбольш гучны і прыкметны для шырокай публікі)
Вось, дарэчы, Домрачава перамагала на Алімпіядзе ў Сочы ў лютым, а ў сакавіку было праведзена чарговае сацыялягічнае апытаньне НІСЭПД, Паводле яго, калі ў сьнежні за аб’яднаньне Расеі і Беларусі прагаласавалі б 23,9% апытаных, то ў сакавіку — 29,3% Гэта так спартовыя перамогі ўплываюць на патрыятызм і нацыянальную еднасьць?
Ды ніяк яны не ўплываюць. Пара перастаць чакаць ад спорту нацыятворнага цуду. Калі я заўзею за беларусаў падчас матчу разам зь нейкім чалавекам, мы радуемся, абдымаемся… але я ня маю ніякіх ілюзіяў. Я разумею, што матч скончыцца, і мы застанемся пры сваіх меркаваньнях па ўсіх асноўных жыцьцёвых прынцыпах, мы ня зблізіліся ні ў чым.
Гэта як у кінатэатры, дзе дзьве гадзіны «ўсе як адзін» гледачы перажываюць за свайго ўлюбёнага героя. Кіно заканчваецца, і ўсе вяртаюцца ў рэальнае жыцьцё, не спадзеючыся на дапамогу Чалавека-павука ў вырашэньні сваіх праблемаў. І на хакей, як на Супермэна, спадзявацца ня варта.
Віталь Цыганкоў, «Радыё Свабода»