Пазіцыя душы
На працягу гісторыі чалавецтва абвостранае пачуццё справядлівасці было для сумленных, разумных людзей мацней страху прад рэакцыйнымі сіламі, узурпатарскім гвалтам. Яны не баяліся адстойваць праўду і здаровы сэнс жыцця ў любы, нават самы небяспечны час, хоць часта рызыкавалі ўсім.
З асаблівай павагай і ўдзячнасцю ўспамінаецца выдатны вучоны, акадэмік У. Вярнадскі, які вызначаўся шырынёй даследчыцкіх інтарэсаў, магутным талентам навуковага прадбачання, высокай інтэлігентнасцю. Ён, назіраючы за культурным і маральным станам насельніцтва ў СССР, убачыў яўную дэградацыю і публічна запатрабаваў ад улады і ад грамадзян узяцца за розум, аднавіць «общественный стыд». Супраць нахабнай сталінскай узурпацыі ўлады, нагнятання класавай нянавісці выступаў пісьменнік У. Караленка, які пісаў лісты ўраду, дзе асуджаў бальшавіцкі тэрор, заклікаў спыніць бясчынствы чэкістаў. Цытую радкі звароту ў Савет народных камісараў СССР яшчэ аднаго змагара за справядлівасць, сусветна вядомага фізіёлага, акадэміка І. Паўлава: «Революция застала меня почти в 70 лет. А в меня засело как-то твердое убеждение, что срок дельной человеческой жизни именно 70 лет. И поэтому я смело и открыто критиковал революцию. Я говорил себе: «Черт с ними! Пусть расстреляют. Все равно жизнь кончена, а я сделаю то, что требовало от меня мое достоинство». На меня поэтому не действовало ни приглашение в старую Чеку, правда, кончившееся ничем, ни угрозы при Зиновьеве в здешней «Правде» по поводу одного моего публичного чтения: «Можно ведь и ушибить…»
Бальшавіцкі гвалт над сваім народам смела крытыкавалі многія беларускія пісьменнікі, вучоныя, святары, вайскоўцы, інжынеры, рабочыя, сяляне, пра што сведчаць невераемныя маштабы беспадстаўных судоў і рэпрэсій пры Сталіне на нашай зямлі.
«Маральна-фізічныя» метады барацьбы правячага рэжыму з апанентамі, якія прымяняліся ў час станаўлення савецкай улады, аказаліся жывучымі. Яны заставаліся на ўзбраенні ў другой палове ХХ стагоддзя і перайшлі ў наступнае. Любога чалавека, які займаецца праўдзівым аналізам рэчаіснасці, з’яўляецца актыўным носьбітам ідэй прагрэсу, могуць і сёння ў адзін момант пазбавіць добрага імя, сацыяльнага статусу, працы. Робіцца гэта дзеля таго, каб ён не спрабаваў «толкнуть вперед человеческую мысль» (І. Паўлаў), «не вытыркаўся», а ціха сядзеў у палітычным і сацыяльным «балоце», якое за дваццаць гадоў аўтарытарызму поўнасцю накрыла нас, не дае выявіцца сумленнай і ініцыятыўнай Беларусі.
Зразумела, што не кожны ва ўмовах «паліцэйскай дзяржавы» адважыцца публічна адстойваць свае палітычныя погляды, адкрыта крытыкаваць цемрашальскія дзеянні ўлады.Тым не менш, для ўсіх грамадзян ёсць сфера, дзе не трэба асаблівай смеласці і неймаверных намаганняў, каб выяўляць рэальны гуманізм, спагаду, дабразычлівасць, салідарнасць, ствараць разумнае жыццё, што надзвычай патрэбна сучаснаму грамадству. Гэта звычайныя штодзённыя ўзаемаадносіны паміж людзьмі.
Пісьменнік Д. Гранін сцвярджае: «Кроме высокой гражданской позиции существует у каждого, самого обыкновенного человека, «позиция души» перед другими людьми. Милосердие. Жалость. Сострадание. Любовь. Главное. Это то, что отпущено любому человеку. Способность сострадать и прощать помогает оставаться человеком в любых условиях». Зыходзячы з такога меркавання, трэба канстатаваць, што ў беларусаў ёсць шмат праблем, якія тычацца «пазіцыі душы».
Напрыклад, у японцаў заведзена так: «Сёння заробіш ты, заўтра зараблю я». Яны навучыліся жыць і працаваць без зайздрасці да поспеху іншых, без злараднасці над чужымі памылкамі і няўдачамі, заўжды дапамагаючы ў межах магчымага парадай або дзеяннем тым, хто знаходзіцца побач.
У Беларусі правіцелем і прапагандай пастаянна нагнятаюцца насцярожаныя і нават варожыя адносіны да ЗША. А дарма, бо трэба павучыцца выключнай адкрытасці амерыканскага грамадства, дзе на агульнае абмеркаванне і суд выносяцца розныя наспелыя праблемы, усё добрае і кепскае, што маецца ў жыцці. З даўняга часу тут пануе разумны аптымізм і жыццеўстойлівасць, уменне рабіць высновы з таго негатыўнага, што адбылося, каб не паўтараць памылак у будучым.
А нашы рэаліі паказваюць, што ў беларусаў здольнасць да салідарнасці нібыта зусім адсутнічае ў генах. Мы ніяк не можам зразумець важнасці супрацоўніцтва, яднання. Нармальна жыць нам замінае патрыярхальная, кансерватыўная свядомасць, страта здольнасці да стварэння нечага новага, да самааналізу, самакрытыкі.
У нас усе — высокае начальства і звычайныя людзі, як, дарэчы, і ў Расіі, — часта хлусяць нават тады, калі ў гэтым няма патрэбы, не прызнаюць свае яўныя памылкі і віну, тым больш не просяць за іх прабачэння. Пакуль у грамадстве існуе такі маральны стан, ніколі не народзіцца грамадзянская супольнасць, якая будзе рэальна абараняць правы і свабоды, уплываць на якасць жыцця, кантраляваць уладу.
Мы штодзённа памятаем пра інфляцыю і дэвальвацыю, старанна лічым жабрачыя грошы, каб звесці канцы з канцамі, з горам напалам рашаем пэўныя лакальныя праблемы сацыяльнага кшталту, а не бачым пагрозы для самазахавання народа. Калі цяперашняе кіраўніцтва краіны ў нацыянальным плане неадукаванае і ненатхнёнае, то само насельніцтва — бяспамятнае і абыякавае. А між тым падзеі ва Украіне паказваюць, чым заканчваецца няўвага ўлады не толькі да дабрабыту народа, але і да этнічных праблем, росту свядомасці, да ўмацавання дзяржаўнасці шляхам адраджэння мовы карэннай нацыі, развіцця не чужой, а ўласнай культуры. Яна перарастае ў нацыянальны крызіс, які больш катастрафічны, чым правал у эканоміцы.
З кожным годам панавання аўтарытарызму беларусы страчваюць дадзеную Вышэйшай Воляю нацыянальную ўстойлівасць у свеце, каштоўную «пазіцыю душы». Не ведаю, як каму, а мне заўсёды сорамна і за канкрэтных невукаў, хлусаў, жулікаў, садыстаў, пустадомкаў, якія кіруюць намі, і за нас, хто не супраціўляецца цемрашальству, і ўвогуле, за маштабную «дэмаралізацыю духу, інфляцыю паняццяў» у грамадстве, калі чорнае выдаецца за белае і наадварот. Гэты непазбежны працэс ва ўмовах татальнага гвалту таленавіта выкрыў лаўрэат Нобелеўскай прэміі Г. Гэсэ ў рамане «Гульня ў бісер» (1943), аналізуючы іншую дыктатуру. Ён падкрэсліў асаблівую важнасць чалавечай здольнасці думаць, параўноўваць, выбіраць: «Людзі ведаюць або адчуваюць, калі мысленне страціць чысціню і пільнасць, то неўзабаве перастануць рухацца караблі і аўтамабілі, не будзе ўжо ніякага аўтарытэту ні ў лічыльнай лінейкі інжынера, ні ў матэматыкі банка і біржы, і настане хаос».
Знешне беларусы няблага апранутыя, абутыя, не галодныя, жывуць у больш-менш дагледжаных вёсках, пасёлках і гарадах, як гэта адзначаюць іншаземцы, якія толькі слізгаюць па паверхні нашай рэчаіснасці, але ўнутрана — якія мы? Ці думаем над жыццём, ці ёсць пазіцыя душы ў кожнага чалавека? Калі душа спіць, то ён, як папугай, будзе паўтараць тое, што вяшчаецца з трыбун і тэлеэкрана, верыць «пераможнай» утопіі.
Мне здаецца, што для нас даўно прыспела пара ўспомніць пра грамадскі сорам, які так клапаціў геніяльнага вучонага У. Вярнадскага.
Сяргей ЗАКОННІКАЎ
Чытайце таксама: