Як і іншыя, я ведаў, што выдатны паэт і цудоўны чалавек Генадзь Бураўкін вельмі цяжка хворы, і свае апошнія дні трымаецца па-геройску мужна. Як і іншыя (будзем шчырымі) у думках я чакаў непазбежны фінал, але, калі той прыйшоў (выбачайце “прапісную” ісціну), маральна аказаўся да гэтага непадрыхтаваным.
І не толькі таму, што пад час зыходу ПАЭТА З ВЯЛІКАЙ ЛІТАРЫ аказаўся за межамі Беларусі. Сэрца балела ад разумення таго, што кожны з нас страціў частку нечага надзвычай неабходнага, важнага, галоўнага.
Пасля вяртання дамоў зноў перачытаў маналог, які для маёй кнігі “Лёсы” Генадзь Мікалаевіч зрабіў 31 снежня 2008 года. За некалькі гадзін да святкавання Новага года, бо на новы жыццёвы ўзровень ён не хацеў браць з мінулага нейкае нявыкананае абяцанне.
Чытаў і чуў яго голас. Уважлівы. Мудры. Інтэлігенты.
А з дапамогай фота (у тым ліку Сяргея Шапрана) яшчэ раз убачыў Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна на асабістым лецішчы, разам з жонкай Юліяй Якаўлеўнай, літаратарамі Уладзімірам Караткевічам, Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным, Уладзімірам Някляевым, палітыкам Пятром Машэравым.
Дзіцячыя ўспаміны
“…Дарэчы, якраз у той час у ва мне абудзілася цікавасць да роднага мастацкага слова. Доўгімі цёмнымі вечарамі, сцішыўшыся, мы слухалі расповеды маці, яе песні і вершы, што запомніліся ёй са школы. Тады вось і паланіла мяне хараство паэтычнага выказвання, такое зразумелае і чароўнае, поўнае блізкіх рэалій і незвычайна суладнага гучання. Недзе глыбока ў душы варухнулася тайная мара паспрабаваць і самому скласці нешта такое ж. Толькі хіба да гэтага было, калі на кожным кроку падсцерагала смерць і заўтрашні дзень не абяцаў нічога светлага?..
Лёс быў спагадлівы да нашай сям’і. З вайны вярнуўся, хоць і пакалечаны, але жывы бацька, а з ім нам было куды лягчэй перажыць і галадуху, і ўсю тую неўладкаванасць і беднасць, што абрынуліся на зруйнаваны і вынішчаны былы партызанскі край. Я пайшоў у Расонскую школу, хінуўся да кніг, даведаўся, што аўтарамі вершаў, якія чытала на памяць мама, былі Янка Купала і Кандрат Крапіва, сам пачаў нешта складаць у рыфму, усё больш пераконваючыся, як гэта цяжка і якімі непаслухмянымі часам бываюць родныя словы.
У 1952 годзе мы пераехалі пад Полацк, і я заканчваў першую сярэднюю школу гэтага слаўнага і любімага мною горада. Кожны дзень я хадзіў за дзевяць кіламетраў у школу і зусім позна вяртаўся назад, бо старшыя класы займаліся ў трэцюю змену, а былі ж яшчэ камсамольскія сходы і розныя гурткі, якія мяне цікавілі. Добра памятаю, як завейнымі зімнімі начамі суправаджалі мяне агеньчыкі ваўчыных вачэй, як у душу запаўзаў страх і хацелася бегчы, але жаданне быць (ці хоць здавацца) дарослым перамагала, і я ўпарта прадзіраўся пад калючым ветрам да няблізкай і цёплай матулінай хаты…
Няпроста паступіў на аддзяленне журналістыкі філфака Белдзяржуніверсітэта (было ажно 10 чалавек на адно студэнцкае месца) і пачаў, не скажу каб апантана, але ахвотна “грызці граніт” навукі. Адразу ж адчуў, як не хапала (пры ўсёй маёй хаатычнай начытанасці) вельмі многіх ведаў, асабліва па гісторыі роднага краю і сусветнай культуры. Дапамагалі (зноў жа!) кнігі і сябры. На нашым курсе сабралася цэлая група дужа таленавітых і дапытлівых хлопцаў: Васіль Зуёнак, Міхась Стральцоў, Юрась Свірка, Сымон Блатун, Мікола Гіль, Уладзімір Скапа, Герман Кірылаў, Алесь Дзятлаў… На беларускім аддзяленні займаўся Рыгор Барадулін. Трошкі старэйшымі за нас былі Іван Пташнікаў і Іван Чыгрынаў. Па-сяброўскі апекаваліся намі ўжо вядомыя на той час паэты Ніл Гілевіч і Уладзіслаў Мядзведскі. І былі яшчэ “інтэрнацкія ўніверсітэты”, дзе па-маладому жорстка правяраліся чалавечая надзейнасць і дабрыня, шчырасць і ўзаемадапамога — усе тыя якасці, без якіх немагчыма было ні паспяхова ўладкоўваць сваё жыццё, ні пачуваць сябе годным і патрэбным у грамадстве. А яшчэ былі сустрэчы з жывымі класікамі Аркадзем Куляшовым і Максімам Танкам, Міхасём Лыньковым і Петрусём Броўкам, гістарычны дваццаты партыйны з’езд з развенчаннем культу асобы Сталіна, начныя зацятыя спрэчкі пра літаратуру і беларускую ідэю… Без ўсяго гэтага не было б і не магло быць нашага пакалення “шасцідзясятнікаў”, прыналежнасцю да якога я ганаруся.
Шлях да ўлады
Узаемаадносіны з уладай, стасункі з чынавенствам — тэма дастаткова складаная і вострая, вакол якой у інтэлігенцкім асяроддзі доўгімі гадамі вядуцца часам непрымірымыя спрэчкі. Не буду прыводзіць славутых выказванняў прызнаных аўтарытэтаў, спашлюся на свой уласны досвед працы на так званых адказных дзяржаўных пасадах.
Улада заўсёды персаніфікуецца і ўвасабляецца ў канкрэтных людзях, і, уласна кажучы, якія людзі ва ўладзе, такая і сама ўлада. Прыродная інтэлігентнасць Пятра Міронавіча Машэрава, шчырая зацікаўленасць роднай культурай Ціхана Якаўлевіча Кісялёва ці Аляксандра Нічыпаравіча Аксёнава, вядома ж, спрыялі падкрэсленай павазе да пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў, што было традыцыйным для духоўнай атмасферы ў Беларусі сямідзесятых — васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Яны часта тэлефанавалі мне як старшыні Белтэлерадыё пасля трансляцый сустрэч з Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным, Андрэем Макаёнкам, пасля прэм’ер тэлеспектакляў і тэлефільмаў, і не толькі выказвалі сваю поўную падтрымку, а і цікавіліся ўмовамі жыцця выдатных творцаў, іх планамі і праблемамі. Як дарагую рэліквію я захоўваю лісты ад Кірылы Трафімавіча Мазурава з Масквы, дзе ён прыгадвае мае вершы (аказваецца, ён чытаў іх!). Не магу забыць, як праз свайго памочніка ён, член Палітбюро ЦК КПСС, калі я быў галоўным рэдактарам “Маладосці”, прасіў прыслаць некаторыя нумары часопіса з публікацыямі Мележа, Брыля, Адамовіча. І рабілася ўсё гэта не напаказ, а, як кажуць, па загадзе сэрца.
Дзяржаўная праца, якая выпала на маю долю, безумоўна, замінала творчасці. Дванаццаць гадоў кіравання Беларускім тэлебачаннем і радыё “адабралі” ў мяне як найменей тры кніжкі вершаў, але і далі нямала цікавай інфармацыі, адчуванне далучанасці да, як нядаўна модна было казаць, лёсавызначальных спраў, пазнаёмілі з многімі выдатнымі людзьмі. Не буду ўтойваць, што мне было прыемна, калі П.М.Машэраў, Ц.Я.Кісялёў, А.Т.Кузьмін пыталіся ў мяне не толькі пра тэле- і радыёпраграммы, а і пра вершы, не прапускаючы без увагі ніводнай маёй публікацыі.
Былі, вядома, і зусім іншыя чыноўнікі. Так, на адной з прадстаўнічых нарад высокі ідэалагічны кіраўнік вельмі эмацыянальна раскрытыкаваў маю кніжку “Пяшчота”, якую склалі вершы пра каханне: “На ўздыме эканомікі, у той час, калі ўвесь савецкі народ напружвае сілы, каб выканаць заданні партыі, паэт, адказны дзяржаўны работнік кінуўся ў лірыку; яму закарцела пісаць не аб працоўным энтузіязме мас, а пра любошчы…”.
Наогул нізкая культура, слабая адукаванасць чыноўнікаў (асабліва высокага рангу) — вялікая бяда для краіны, лёсам якой яны распараджаюцца, тым самым наносячы непапраўны ўрон яе аўтарытэту ў свеце.
Мне смешна, калі начальнікі з бюракратычных кабінетаў пачынаюць арганізоўваць нейкі правільны, на іх думку, саюз пісьменнікаў, калі замест таго, каб лавіць злачынцаў, сівы генерал пачынае падбіраць (дарэчы, без відавочнага поспеху) хакейных трэнераў, калі, так і не правёўшы разумнай школьнай рэформы, бездапаможны міністр кідаецца ствараць не акрэслены ні ідэалагічна, ні арганізацыйна, нікому не патрэбны грамадскі рух.
Усё гэта, даруйце, дзіцячыя гульні дарослых разгубленых людзей, якія займаюць не свае месцы ў дзяржаўных структурах. Але ж іх дзеянні звязаны з вялікімі бюджэтнымі сродкамі, з лёсамі многіх тысяч людзей, з рэальнай палітыкай (калі гэта можна назваць такім адказным словам). А потым мы дзівімся, чаму няма выдатных з’яў у літаратуры, чаму нашы спевакі не прывозяць прызоў з міжнародных конкурсаў, чаму ў эканоміку не ідуць патокам замежныя інвестыцыі, чаму мы сіратліва стаім на ўзбочыне сучасных дэмакратычных і рынкавых працэсаў. Паглядзіце ўважліва на нашых галоўных чыноўнікаў, прааналізуйце іх дзеянні, пацікаўцеся, з кім з выдатных суайчыннікаў яны сябруюць, каму як дапамагаюць, — і вам усё стане ясна.
Праблема “ўлада і інтэлігенцыя, улада і народ” у нашай роднай краіне вельмі балючая і цяжкая…
Сям’я паэта
Я вельмі люблю сваю сям’ю. З жонкай Юляй мы разам паўвека. Было ўсякае, як і ў кожным зямным жыцці, але тое святое і светлае, што звязала нас яшчэ студэнтамі, як мне здаецца, засталося і дапамагло захаваць давер і павагу адно да аднаго да гэтага часу. Сын Аляксей — кандыдат тэхнічных навук, інфарматык. Дачка Святлана закончыла беларускае аддзяленне роднага філфака БДУ, свабодна валодае ангельскай мовай. Старэйшы ўнук Павел — студэнт хімфака БДУ. Сярэдні Ваня і малодшы Арсень вучацца ў беларускамоўных гімназіях. Мілай унучачцы Машы пяць гадоў.
Самае шчаслівае і дарагое для мяне — поўнае ўзаемаразуменне і аднадумства з дзецьмі ў галоўных памкненнях і прынцыпах. І сыну, і дачцэ блізкія мае зацікаўленні, мы, можна сказаць, аднолькавымі вачыма глядзім на сённяшні свет, на ўсе тыя ўзлёты і падзенні, праз якія няпроста прадзіраецца да цывілізаванай будучыні наша Беларусь. Спадзяюся, што і ўнукі з намі ў адной “камандзе”.
У час адпачынку
Ніякіх экзатычных хобі ў мяне няма. Самы любімы занятак у вольны час — ціхае лясное “паляванне”. Магу цэлымі днямі шукаць грыбы, прыслухоўваючыся да ўдумлівага дыхання саснякоў і бярэзнікаў, разгадваючы перапляценні імшастых сцяжынак, чуйна ловячы вухам радасны шчэбет птушак і роўны гул далёкіх бальшакоў. Няспешная сяброўская гамонка каля вогнішча, вечаровае маўчанне над булькатлівай рачулкай — найлепшае спрыянне для душэўнага спакою і разважлівага роздуму.
Люблю пабыць сам-насам з добрай кнігай. Хаця якое гэта хобі? Гэта абавязковая частка майго жыцця. Апошнім часам з асалодай і захапленнем перачытваю класіку — Купалу, Багдановіча, Коласа, Пушкіна, Гогаля. Дзіўлюся з іх празорлівасці, іхняга ведання чалавечай псіхалогіі, валодання словам. У так званых сённяшніх модных аўтараў гэтага, на жаль, трагічна мала.
Ніколі не паліў, а вось ад чаркі не адмаўляўся, сяброўскія застоллі не абмінаў, на што змарнаваў нямала сіл і часу. Славутая “славянская” слабасць скараціла жыццё не аднаму майму таленавітаму калегу. Пазнавата, на жаль, прыходзіш да разумення некаторых відавочных ісцін. Таму цяпер так даражыш кожным падораным табе днём, кожнай зямною радасцю. Хочацца паспець яшчэ сказаць пра тое, што з табой адбылося і здаецца важным не толькі табе аднаму.”
Аляксандр ТАМКОВІЧ
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…