TOP

У вакуумнай упакоўцы

Беларусь, нягледзячы на сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, імклівае развіццё інтэрнэту, на выезд людзей за мяжу і ўезд да нас іншаземцаў, на правядзенне міжнародных форумаў, канферэнцый, еўрапейскіх і сусветных спартыўных чэмпіянатаў, знаходзіцца ў своеасаблівай вакуумнай упакоўцы. 

Безумоўна, сённяшні стан грамадства нельга параўноўваць з перыядам панавання сталінскай «жалезнай заслоны», калі не было абмену з астатнім светам не толькі людзьмі (выключэнне складалі дыпламатычныя зносіны і вельмі рэдкія навуковыя, культурныя, спартыўныя кантакты), але і проста праўдзівымі навінамі. Дзяржаўнае будаўніцтва, выхаванне «новага чалавека» ў СССР вялося не толькі без пастаяннага позірку на замежнае жыццё, без параўнання з ім сваіх дасягненняў, але і ў амаль поўнай ізаляванасці ад гістарычнай нацыянальнай спадчыны кожнага народа, які ўваходзіў у савецкую імперыю. Чым гэта скончылася? Публіцыст М. Эдэльштэйн піша: «Не сохранилось ни веры в здравый смысл, ни ощущения связи времен, ни даже элементарного представления о человеческом быте. Оттого, кстати, так нелеп нынешний российский консерватизм — что консервировать, если ничего не осталось? Дворяне, казаки — куда ни глянь, всюду скверный анекдот вместо исторической преемственности».

Нічога не атрымліваецца з аднаўленнем добрых традыцый, нацыянальным адраджэннем і ў Беларусі, хоць такая задача была пастаўлена адразу пасля набыцця суверэннасці. Сувязь часоў распалася, а рэстаўраваць яе ні ўлада, ні насельніцтва няздольныя па многіх прычынах.

Дэградацыя арганізатарскіх здольнасцяў кіраўнікоў, працоўнага ўмельства насельніцтва і агульнай маральнай атмасферы як пачалася з кананнем СССР , так і працягваецца ў час незалежнасці. Дасціпна сказала пра гэты працэс краснадарская журналістка Л. Навасельская ў артыкуле «Бедные мы, бедные» («Знамя», № 12, 2013): «Тоталитарная страна — как продукт в вакуумной упаковке: он сколько угодно может храниться в девственном состоянии и мгновенно портится при вскрытии». Назіранне Ларысы Іванаўны грунтуецца на ўласным вопыце стасункаў з чыноўнікамі «новай Расіі». Яны яшчэ больш бесчалавечныя, сквапныя, чым ранейшыя. Бюракраты не далі ёй спакойна, планамерна займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, задушылі грашовымі паборамі, падаткамі і праверкамі.

За мінулы год у Расіі спынілі сваю дзейнасць 650 тысяч прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу. Такая ж тэндэнцыя назіраецца ў Беларусі, але дакладныя лічбы ў нашых СМІ не друкуюцца.

Мясцовыя рэаліі выразна паказваюць, што пры дапамозе аўтарытарнай ідэалогіі, масіраванай прапаганды, адміністратыўнага рэсурсу, шматлікіх сілавікоў закрыць грамадства ў вакуумную ўпакоўку не так і складана. У выніку мы маем непадкантрольную ўладу, выбары, на якіх не выбіраюць, суды, дзе не судзяць, сродкі масавай інфармацыі, якія не нясуць праўды.

Самі чыноўнікі таксама знаходзяцца ў вакуумнай упакоўцы. Меркантылізм у рамках службовых абавязкаў і ўласныя інтарэсы ставяцца імі вышэй за ўсё. А на людзей, якія ўнізе, яны звычайна глядзяць калі не грэбліва, то абыякава і паблажліва. Яны раздражнёна кідаюць тэлефонныя трубкі або ў лепшым выпадку адсылаюць да свайго вышэйшага начальства, якога па інфармацыі сакратарак і памочнікаў ніколі не бывае на месцы. Вось і задумваецца просты грамадзянін — каму патрэбны гэтыя людзі? Адказ выспявае несуцяшальны: самім сабе!

Метафара вакуумнай упакоўкі ахоплівае ўсе сферы нашага жыцця. Гэта не толькі высокія платы каля катэджаў-палацаў, якімі адгароджваюцца багатыя ад беднага люду. Напрыклад, абаронай ад уплыву знешняга свету займаецца найперш улада, але не менш і само насельніцтва. Многія жыхары Беларусі пасылаюць сваіх дзяцей вучыцца на Захадзе, а дома не спыняюць нападкі на развітыя краіны. Сучасныя тэхналогіі, якасныя, прыгожыя рэчы ахвотна закупляем, бытавы прагрэс мы бярэм, а дэмакратычны лад жыцця — не!

Акрамя таго, людзей ад актыўнага ўдзелу ў палітычным і грамадскім жыцці адцягваюць афіцыйныя СМІ, у першую чаргу тэлебачанне, якое дзейнічае метадам нагнятання страху. Штодзённа паказваюцца кадры жорсткага разгону пратэстных маніфестацый, абліваюцца паклёпніцкім брудам рэаліі жыцця дэмакратычных краін.

Многія народы ў ХХІ стагоддзі рашаюць задачы вышэйшага парадку. А ў Беларусі грамадскім актывістам яшчэ даводзіцца займацца элементарным асветніцтвам, будзіць нацыянальную свядомасць, здаровы жыццёвы сэнс. У нас шмат суайчыннікаў, якія не сябруюць з роднай мовай, але вельмі добра засвоілі мову нянавісці да ўсяго беларускага. Яны схаваліся ад нацыянальных і грамадзянскіх абавязкаў у вакуумную ўпакоўку засваення чужога, дагэтуль не разумеючы, што без уласнай культуры мы не цікавыя нікому ў свеце.

Культурны чалавек — гэта перш за ўсё стваральнік. Ён заўжды зразумее свае памылкі і гатовы іх выправіць. А мы так не ўмеем. Прывыклі ганарыцца сваёй славутай «памяркоўнасцю», патрыярхальнасцю, паслухмянасцю.

Пастаянна ўлада нагадвае, што парушаць закон нельга нікому. Але гэта толькі словы. У рэальнасці вышэйшых начальнікаў судзяць у нас не так строга, як звычайны люд, а то і проста «адмазваюць» ад пакарання. Калі нехта дарваўся да высокага крэсла, то яму гарантавана «вакуумная ўпакоўка».

Нарэшце прывяду апошняе назіранне. Вы заўважылі, што нашы людзі (тыя нямногія, якія маюць фінансавыя магчымасці!) едуць адпачываць туды, дзе няма ні беларусаў, ні рускіх, ні ўкраінцаў, а значыць, спакваля становяцца «варожымі» да сваіх. Гэта яшчэ адзін варыянт вакуумнай упакоўкі.

Без актыўнага ўдзелу насельніцтва прагрэсіўных змен не адбудзецца. Каб разарваць кайданы аўтарытарнага рабства, народнае імкненне да свабоды і лепшага жыцця павінна быць шырокім, магутным.

У мінулую суботу, 31 мая, беларусы праводзілі ў апошні шлях, у Вечнасць любімага народам паэта Генадзя Бураўкіна, які быў маім бліжэйшым сябрам. Развітацца з ім прыйшло безліч людзей. Інтэрнэт проста выбухнуў ад болю, роспачы, ад усведамлення таго, каго страціла грамадства, ад шчымлівага разумення, як недарэчна і няправедна мы існуем у белым свеце. Зусім не так, як заклікаў таленавітымі паэтычнымі радкамі Генадзь — пясняр кахання, тонкі лірык, мудры філосаф, палымяны публіцыст, сапраўдны патрыёт Беларусі. Нагадаю словы ягонай «Малітвы»:

 
Мы здалёку ўбачылі свабоду
І яшчэ не вырваліся з пут…
Божа,
Не дабаў майму народу
Пошасці, няпраўды
І пакут.
 
У чужым нялюдскім землятрусе
Хіба ў нечым мелі мы віну?..
Божа,
Адвядзі ад Беларусі
Здраду,
Вераломства
І вайну.
 
Смутнаю парою нелюдзімай,
Калі ўсё наўкол ідзе на злом,
Божа,
Захіні маю Радзіму
Мудрасцю,
Спакоем
І цяплом!
 

Цяжка, балюча жыць у аўтарытарнай краіне, дзе толькі смерць выдатнага Паэта і вялікага Грамадзяніна можа прабіць вакуумную ўпакоўку масавай абыякавасці, ускалыхнуць пачуцці і розум людзей. Але і то — ненадоўга. А затым зноў надыходзіць і пануе панылая, рабская ціша. Да наступнай страты слаўнага чалавека …

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

Мінулае вяртаецца

Пазіцыя душы

У чыіх руках будучыня?

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.