Напісанае застаецца
Наш час не гуманістычны, а прагматычны і жорсткі. Месца літаратуры ў жыцці людзей значна звузілася. Але ўсё роўна надыходзіць хвіліна, калі чалавек бярэ ў рукі кнігу, яе электронны заменнік або садзіцца да кампутара, каб знайсці словы, якія яму патрэбны, якія падтрымаюць, суцешаць, натхняць на добрую справу.
Спакон веку ў небагатых беларускіх хатах і сціплых гарадскіх кватэрах быў куточак для душы, дзе захоўваліся хоць некалькі зачытаных томікаў. Сяляне і гараджане насуперак няспынным жыццёвым нягодам, як маглі, цягнуліся да святла, кнігі, культуры. Неўміручая прага духоўнасці дапамагала людзям станавіцца больш чалавечнымі, сумленнымі, высакароднымі.
Не толькі з маляўнічай прыроды, але паралельна з кніг пачынаў асваенне вялікага свету народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў, 90-годдзе з дня нараджэння якога мы адзначаем сёлета. У мемуарах «Доўгая дарога дадому» ён згадвае: «Яшчэ чытаць ня ўмеў, і першы мастацкі твор мне прачытаў бацька. Гэта быў знакаміты «Гой» Міхася Лынькова («І плакала Рыва…»).
Таленавіты хлопчык з невялікай вёскі Бычкі няпроста прабіваўся праз нястачу, як кажуць на Вушаччыне , «у людзі». А да літаратурнага шляху тым больш было далёка, бо наперадзе яго падпільноўвала жахлівая вайна. У запасным палку, у Саратаўскім пяхотным вучылішчы ён зазнаў нягоды ваеннай службы, аднак ацалеў пад бамбёжкамі там і ў першым маршы да Сталінграда. Фронт пачаўся для Васіля Быкава за Дняпром. Яго стралковы полк адразу трапіў у сапраўднае пекла. У студзені 1944 года каля вёскі Вялікая Севярынка пад Кіраваградам у цяжкім баі камандзір узвода мог загінуць, пра што сведчылі пахавальны ліст, прысланы бацькам, і яго прозвішча на помніку.
Але здарыўся цуд, і ён выжыў, акрыяў пасля ранення. Затым былі новыя ваенныя выпрабаванні ў Малдавіі, Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі, што адлюструецца ў таленавітых мастацкіх творах, якія з 60-х гадоў мінулага стагоддзя пачнуць шырока перакладацца на розныя мовы. Праз творчасць Васіля Быкава свет дачуўся пра Беларусь, якая ў яго асобе займела аўтарытэтную візітную картку. З набыццём краінай суверэннасці ён разам з ваеннай тэматыкай актыўна, таленавіта асэнсоўваў і сучасны матэрыял.
Зацікаўленую рэакцыю на выхад у свет кожнага новага твора пісьменніка мне даводзілася бачыць на яго сустрэчах з чытачамі. У 1987 годзе я запрасіў Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна як актыўных аўтараў часопіса «Полымя», дзе быў галоўным рэдактарам, на канферэнцыю ў г. Барысаў. Зала Палаца культуры была запоўненай да адказу, дарослыя стаялі ў праходах, школьнікі сядзелі перад сцэнай проста на падлозе. Іншай такой змястоўнай і надзвычай эмацыйнай сустрэчы, як гэта, што працягвалася чатыры гадзіны, я не помню. Васіль Уладзіміравіч адказваў на пытанні настолькі смела, што ў пэўных месцах аўдыторыя спалохана ахала або выбухала апладысментамі. Дарэчы, я папрасіў тэхніка Палаца культуры запісаць сустрэчу на магнітафон, даў яму новенькую якасную касету. Але нічога з гэтага не атрымалася, запіс быў кімсьці сцёрты…
Сёння Васіль Быкаў — самы папулярны нацыянальны пісьменнік, творы якога чытаюць прадстаўнікі ўсіх пакаленняў беларусаў. Акрамя літаратурнай спадчыны, ён пакінуў для нашчадкаў два выдатных прыклады.
Надоўга адлучаны ад роднай мовы на фронце і ў час пасляваеннай вайсковай службы на Далёкім Усходзе, Быкаў змог вярнуцца да яе і авалодаў так, што пачаў ствараць на ёй мастацкую прозу. Гэта ўрок суайчыннікам-лайдакам, хто апраўдвае сваю абыякавасць і нават варожасць да беларускай мовы цяжкасцю яе засваення.
Варта ўспомніць і ягоную мужнасць. Хто дапамагаў усім нам станавіцца больш адкрытымі і смелымі? Васіль Быкаў! Той «пятачок» горкай праўды, які з неймавернай цяжкасцю адваяваў франтавік у літаратуры, паступова пашыраўся, пакуль не стаў сапраўдным плацдармам, з якога пайшлі ў атаку на лакіроўку і хлусню дзесяткі таленавітых творцаў і тысячы звычайных людзей. Няшмат літаратараў прайшло такія выпрабаванні, як Васіль Быкаў, у час, калі, як кажа былы спецслужбовец, цяперашні прэзідэнт Расіі У. Пуцін: «ЦК цыкал, а ЧК чикал». Ён вытрымаў доўгі перыяд цкавання, аглабельных крытычных рэцэнзій.
Мне давялося не раз ратаваць старонкі яго твораў ад цэнзуры. Скажам, мала хто ведае, што аповесць «Знак бяды» стала прадметам абмеркавання нават на пасяджэнні Палітбюро ЦК КПСС.
Не лягчэй жылося яму і ў новым часе. Творы не рэзалі, але ў душу плявалі пастаянна. Па гэтай прычыне пісьменніку давялося працаваць у Фінляндыі, Германіі, Чэхіі…
Быкаў пакінуў літаратурную бібліятэку, дзе кожны твор на вагу золата, бо сведчыць аб патрабавальнасці да сябе, аб імкненні быць дакладным у дэталях, ні ў чым не грашыць супраць праўды. Я раіў бы моладзі вывучаць Вялікую Айчынную вайну не па заідэалагізаваных падручніках, напісаных напаўневукамі, а па яго кнігах.
Ёсць лацінскае выслоўе «Verba voland, scripta manent» (Словы адлятаюць, напісанае застаецца»). Сапраўды, напісанае не памірае нават тады, калі рукапісы і кнігі паляць на кастрах сярэдневяковай, гітлераўскай або сталінскай інквізіцыі, калі іх, як вязняў, кідаюць у астрогі спецархіваў, сховаў КДБ.
Беларуская літаратура паказала, што яна трывушчая, як і родная мова, якую чужыя і свае цемрашалы знішчаюць не адно стагоддзе. Знішчаюць, а яны жывуць. Васіль Уладзіміравіч у дачыненні да таго, што рукапісы не гараць, кінуў дасціпную рэпліку: «Як вядома, паперка ў сучаснай папяровай цывілізацыі — вялікая сіла. Рукапісы не гараць, але ня ўсе гараць і даносы, што ўвогуле памагае ісьціне, да якой імкнецца літаратура. Прынамсі павінна імкнуцца»…
Застаецца напісанае, але мне згадваецца яшчэ многае: прамоўленыя словы, душэўныя рухі. На матрыцы памяці раптам праступае нешта істотнае, а побач з ім амаль няўлоўнае. Васіль Быкаў не толькі вялікі пісьменнік, але і канкрэтны зямны чалавек, які выяўляўся ў жыццёвых сардэчных жэстах. У 1986 годзе, на другі дзень пасля прызначэння мяне галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», ён у заснежанай куртцы і берэце прыйшоў у рэдакцыю. У руцэ трымаў букет — дзевяць вялікіх чырвоных руж, здабытых, як пасля высветлілася, ажно ў Батанічным садзе. Прамовіў: «Віншую! Вазьмі кветкі. З сённяшняга дня я ўсе свае вялікія творы друкую ў «Полымі». І пайшоў. Як можна забыць такую рэкамендацыю, высакародную падтрымку старэйшага сябра! Пяшчотнымі былі яго адносіны не толькі да мяне, але і да маіх сямейнікаў. Неяк дачка паслала яму самаробную паштоўку. Васіль Уладзіміравіч не пашкадаваў часу і выштукаваў у адказ з лісцінак папараці, з кветак такое віншаванне, якое помніцца сваім хараством і цяпер.
Душэўная шчодрасць, прыроджаная мудрасць, глыбінная інтэлігентнасць дапамагалі яму і за пісьмовым сталом. Таму мастацкае і маральнае сілавое поле творчасці Быкава такое моцнае.
На жаль, не ўсе беларусы пачулі голас пісьменніка і зразумелі, што цяжка жыць у краіне, дзе ўладарыць аўтарытарны гвалт, дзе запалоханы «калектыў» выступае супраць любой самастойнай пазіцыі.
Суайчыннікі даюць шмат падстаў для балючага роздуму і нават адчаю. Але, лічу, што немагчыма да канца зняверыцца ў сваім народзе, які, нягледзячы на экстрэмальныя ўмовы для існавання, нараджае такіх выдатных сыноў, як Васіль Быкаў…
Сяргей ЗАКОННІКАЎ
Чытайце таксама: