Наладжванне заможнага, змястоўнага прыватнага жыцця, у якім культурна расце чалавек, можа дапамагчы хутчэйшай трансфармацыі тутэйшага люду ў сапраўдны народ. Але аўтарытарны рэжым нават дэкларатыўна такую задачу перад сабой ніколі не ставіў, бо безмаёмасным, бяспраўным і затурканым насельніцтвам лягчэй кіраваць.
Звярнуцца да праблем прыватнага жыцця беларусаў мяне змусіла тое, што яны амаль не аналізуюцца. Сёння жыхары краіны раскіданы па сацыяльных кутках не толькі згодна заканамерных працэсаў або асабістых якасцяў і магчымасцяў. Аўтарытарны рэжым даўно ўнёс валюнтарысцкія карэктывы. Акрамя традыцыйных «рабацяг» і спецыялістаў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы і будаўніцтве, настаўнікаў, урачоў, юрыстаў, навуковай і творчай інтэлігенцыі, дробных прадпрымальнікаў, у нас з’явіліся зусім новыя пласты людзей.
Мы жывем у эпоху робатападобнай наменклатуры, падпольнага алігархата і вельмі спецыфічнага сярэдняга класа. Гэта «лукашэнкаўскі чалавек», а ў Расіі яго называюць «пуцінскім». Ён народжаны мясцовай сістэмай палітыкі і эканомікі, якой кіруюць кланы, і трывала ўбудаваны ў кланавыя адносіны. Такому чалавеку камфортна жыць пры аўтарытарызме. Галоўны рэдактар «Русского журнала» А. Марозаў кажа: «Ценности свободы, теории нормативной демократии ему не только абсолютно чужды, они ему кажутся специально произведенными в каких-то пробирках».
Зразумела, прыватнае жыццё ў прадстаўнікоў кожнай сацыяльнай групы значна адрозніваецца, што служыць прычынай шматлікіх крыўд, зайздрасці, злосці і пастаяннай сацыяльнай канфрантацыі.
У прыватным жыцці асноўнае месца займае сям’я і ўсё, што звязана з ёю. Безумоўна, тут многа прыкладаў высокіх чалавечых узаемаадносінаў, але ёсць і тэндэнцыі, якія насцярожваюць. Колькасць заключаных і скасаваных шлюбаў у Беларусі амаль зраўнялася. Пашыраецца бытавы гвалт, за якім штогод стаяць сотні тысяч жанчын, якія трываюць пабоі п’яных мужоў, дзесяткі забітых. У такім змрочным асяроддзі вырастаюць дзеці. Акрамя таго, з’явілася шмат адзінокіх людзей, якія, маючы сяброў або сябровак, сексуальных партнёраў, сацыяльныя сеткі, спортзалы, кафэ, не заводзяць сям’ю, што адмоўна ўплывае на дэмаграфічную сітуацыю ў краіне.
Я ведаю шмат людзей, якія ўмеюць у прыватным жыцці выдатна спалучаць турысцкія вандроўкі за мяжу, нейкае хобі, працу і адпачынак на лецішчы, дзе пахне шашлычным дымком, з наведваннем курсаў беларускай мовы, тэатраў, бібліятэк, музеяў, мастацкіх выстаў.
На жаль, не ўсе грамадзяне могуць наладзіць годнае прыватнае жыццё. У многіх значная частка яго праходзіць ля экрана тэлевізара. Гэта доля не толькі пенсіянераў, старых і хворых людзей, дзяцей, але і самых розных пластоў працуючага люду.
Тэлебачанне нагнятае страх. Па ўсіх каналах безупынку круцяць прымітыўныя міліцэйска-бандыцкія баевікі, судовыя серыялы, паказваюць кадры жорсткага разгону пратэстных маніфестацый, абліваюць паклёпніцкім брудам рэаліі жыцця дэмакратычных краін. Між крывавай прадукцыі рэгулярна запускаюцца перадачы, прысвечаныя «жоўтым» плёткам пра артыстаў кіно і поп-зорак. Словам, сядзіце ціхенька ў закутку, спажывайце тэлеэрзац, ні ў чым і нідзе не высоўвайцеся, і тады няма чаго баяцца, тады «вам будет счастье», як запэўніў адзін мясцовы аналітык.
Але некаторых абывацеляў далучэнне да свецкага жыцця праз тэлевізійныя перадачы ўжо не задавальняе, ім хочацца самім стаяць на подыуме, быць героямі. Тэлебачанне абуджае ў гледачоў імкненне да самасцвярджэння праз экран, да выхаду на публіку. Гэтую з’яву аналізуе расійскі публіцыст К. Сальнікава: «В последние годы у нас упорно насаждается культ приватности, которая может быть якобы самодостаточной и якобы абсолютно благополучной. В рекламе нам регулярно поют о том, что можно жить в обществе и быть счастливым у себя на кухне, у себя в спальне, у себя на даче. Множатся программы, посвященные личным отношениям, моде, дизайну. Но, видимо, нашему населению скучно в тотальной приватности. Быть может, оно в душе и не верит в ее спасительность. Ведь и сниматься в телепрограммах столько народу рвется именно для того, чтобы оказаться у всех на виду, чтобы перестать быть только приватными людьми».
У сувязі з гэтым успамінаецца просьба героя неўміручай камедыі М. Гогаля «Ревизор», якому хацелася славы любым спосабам: «Да если этак и государю придется, то скажите и государю, что вот, мол, ваше императорское величество, в таком-то городе живет Петр Иванович Бобчинский». А другі Пётр Іванавіч — Добчынскі — так уяўляў выдатнае жыццё: «Вы будете в большом, большом счастии, в золотом платье ходить и деликатные разные супы кушать; очень забавно будете проводить время».
У нас развялося шмат добчынскіх і бобчынскіх, якія заварожаны гламурам і раскошаю, якія маніякальна хочуць, каб пра іхняе існаванне ведаў увесь свет. А сучасныя прататыпы ранейшага карупцыянера-гараднічага схавалі сваё прыватнае жыццё ў палацах за высокімі платамі і ў замежных абсягах…
Годнае прыватнае жыццё залежыць ад фінансавых магчымасцяў кожнай сям’і і асобнага чалавека. А таму дзяржава абавязана забяспечыць свабоднае прадпрымальніцтва мацнейшым грамадзянам і сацыяльныя гарантыі слабым — дзецям, інвалідам, старым.
Але ў нас людзей ацэньваюць не за выдатную працу на карысць краіны, а за лаяльнасць і ліслівасць. Ці ж, скажам, гэта справядліва, што ў роўных па заслугах і колішнім заробку людзей пенсія цяпер адрозніваецца ў 3—4, а то і больш разоў? Каб рабіць такое, чыноўнікам трэба дажыцца да поўнай страты сумлення.
Гаворка ідзе не пра нейкую ўсеагульную роўнасць, а пра элементарную справядлівасць. Некалі рускі філосаф, перакладчык М. Гнедзіч сказаў: «Нет равенства в природе, нет его на земле и не может быть в обществах человеческих». Але кожны грамадзянін, зыходзячы з уласных фізічных і разумовых магчымасцяў, мае права як мага поўна рэалізавацца, у тым ліку і ў асабістым жыцці, мець падтрымку ў выпадку неабходнасці.
Кепска, што сучаснае выжыванне на мяжы беднасці асноўнай масы нашага насельніцтва знішчае імкненне быць адукаваным і культурным чалавекам. А прыватнае жыццё даецца людзям менавіта для таго, каб настойліва займацца самавыхаваннем, навучыцца думаць. Замест гэтага дзяржава заганяе іх на парады, салюты, канцэрты папсы, розныя спартыўныя спаборніцтвы. Расійскі журналіст В. Славін, які пабыў у Мінску на чэмпіянаце свету па хакеі, сказаў: «Страшно смотреть на толпы пьяной молодежи».
А паралельна з масавымі гуляннямі сотні тысяч людзей цішком прапіваюць сваё адзінае жыццё. У бясконцы алкагольны марафон даўно ўцягнуты жанчыны, дзяўчаты. З гэтай прычыны хтосьці ў інтэрнэце змрочна жартуе: «Это наше беспробудное будущее».
Акрамя таго, на прыватнае жыццё ідзе наступ сілавых структур, прапаганды, афіцыйных СМІ, якія заклікаюць не да нацыянальнай салідарнасці, а да прымірэння з аўтарытарызмам.
Пакуль у беларусаў да канца не вынішчаны розум і душа, надышоў час агледзецца.Трэба помніць, што якраз у прыватным жыцці нараджаюцца гуманістычныя каштоўнасці, непадуладныя ні палітычнай, ні сацыяльнай кан’юнктуры.
Сяргей ЗАКОННІКАЎ
Чытайце таксама:
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…