Памятка Алеся Бяляцкага
Сваю чарговую кнігу старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна», віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі паэтычна назваў «Іртутнае срэбра жыцця», што надзвычай дысануе з умовамі яе напісання і гаворыць пра тонкую натуру, а пад час прэзентацыі дадаў вельмі слушнае — «Памятка жыцця»…
На мой погляд, гэтага амаль дастаткова, каб «вылічыць» яе змест. Канешне ж, ён пра тое, з чаго і складаецца наша прабыванне на гэтым свеце, то бок — падзей. Толькі пісаліся яны не толькі рукамі-вачамі, але і душой аўтара.
Таму я цалкам разумею Алену Лапцёнак (шчырая ёй падзяка ад чытачоў ), якая рыхтавала кнігу да друку і была вядучай прэзентацыі, — напісаныя за кратамі радкі немагчыма чытаць без слёз.
Дарэчы, плакалі над імі не толькі тыя, хто працаваў над кнігай, але і турэмны цэнзар. Жарт, канешне, і належыць ён самому Алесю Бяляцкаму. Хто бачыў (альбо чытаў) лісты Алеся, добра разумеюць, пра што гаворка. Почырк зробленага праўшой ляўшы, мякка кажучы, нельга лічыць узорна-каліграфічным.
А калі ўлічыць яшчэ тое, што Бяляцкі вельмі стараўся, каб яго менш зразумелі ў турме, можна выказаць шчырае спачуванне таму, хто «по долгу службы» чытаў тое, што накіравана не яму.
Аднак гэта, так сказаць, «дробязі жыцця», кніжка ж пра яе «срэбра». Тое, што як іртуць, праходзіць праз нашы пальцы. Зрэшты, падрабязна пераказваць змест няма сэнсу, бо неўзабаве ён паявіцца тут http://kamunikat.org/Bialacki_Ales.html, таму мне не хочацца пазбаўляць кожнага, хто наведвае гэтую віртуальную бібліятэку, асалоды асабіста прачытаць 230 старонак тэксту. І прыпадабняцца да чалавека, які пазбаўляе спартовых заўзятараў інтрыгі, калі паведамляе канчатковы лік гульні, якую тыя глядзяць «у запісу»…
Таму ад віртуальнага з задавальненнем зноў вяртаюся да рэальнага. Напэўна, было б цалкам лагічна надрукаваць стэнаграмы цудоўных выступаў на прэзентацыі аднаго з лепшых паэтаў сучаснасці Уладзіміра Някляева, старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанны Літвіной (Бяляцкі — сябра БАЖ), вядомага барда і таксама добрага паэта Эдуарда Акуліна, які сябруе з Бяляцкім яшчэ са студэнцкіх гадоў, былых палітзняволеных Зміцера Дашкевіча, Павала Севярынца і праваабаронцы Ірыны Пракопчык, але для гэтага (выбачайце штамп) спатрэбіцца не адна газета. Таму вазьму на сябе нахабства ўкласці ўсё прагучаўшае ў адно слова — МУЖЧЫНА. Менавіта вялікімі літарамі.
Аляксандр ТАМКОВІЧ