Categories: Фельетон

Прыкінуўся Леў, што ён акалеў…

Леў у джунглях год каторыБыў царом сярод звяроў.На расправу-кару скоры,Ён усіх кусаў ці роў.

І таму зусім не дзіва,
Што пры гэтакім цары
Як па струнцы ўсе хадзілі,
Не пярэчылі звяры.
Не было між іх «бязмена»,
Што паквапіўся б на трон.
Кіраваў бы Леў бяззменна,
Прыгнятаў да скону дзён,
Ды набілася аскома
Ад дыктатарскіх уцех:
Пасядзець бы ціха дома,
Адпачыць крыху не грэх.
Толькі мучылі турботы:
Скажам, заўтра сыдзе ён,
Але што з ім будзе потым,
Калі іншы зойме трон?
Надаюць у хвост і ў грыву
Ці адваляць шмат даброт?
Леў рашыў, што перспектыву
Лепей ведаць напярод.
І, паклікаўшы Шакала,
Прастагнаў нямогла Леў:
— Пражыву я, мусіць, мала…
Занядужаў, во, самлеў…
Калі лапы я адкіну,
Калі цела гніць пачне,
Дык зацягнеце ў даліну.
Там зарыеце мяне…
Разарву цябе, паскуду,
Як не споўніш запавет!
Ну, ідзі… А я ўжо буду
Рыхтавацца ў іншы свет.
Ведаў Леў: пра стан ягоны
Заўтра ж будуць знаць усе,
Бо Шакал ужо сягоння
Вестку ў джунглях разнясе.
Так у рэшце рэшт і стала.
Абмяркоўвалі звяры,
Што пачулі ад Шакала:
Леў «адкіне кіпцюры»!
Для звяроў такая чутка —
Быццам сонейка з-за хмар.
Акрыялі ўсе, бо хутка
Будзе ў джунглях новы цар!
— Збыўся ўрэшце сон прарочы! —
Млеў ад шчасця Насарог. —
Марыў я і ўдзень, і ўночы,
Каб дыктатар гэты здох!
Пацірала Малпа лапы,
Радасць бліскала ўваччу:
— Як сканае, я ў сатрапа
На магіле паскачу!
Дружна цешыліся Зебры:
— Нас тыран за сцёгны скуб.
Пералічым гаду рэбры,
Як ужо ляжацьме труп!
І не сумна Антылопам,
Не разгледзелі бяды:
— Ён па прэрыі галопам
Нас ганяў туды-сюды!
Свята і для Леапарда,
Хоць яго не бэсціў Леў:
— Пры сустрэчы ён з пагардай
На мяне заўжды глядзеў.
Словам, радаваўся вельмі
Ад навіны кожны звер:
— Пашпурляем, як у цэль, мы
Камяні ў яго цяпер!
Толькі ўсё не пруцянее
Ненажэрны жываглот…
Тут жа выспела ідэя —
Бегемот разявіў рот:
— Пражыве нягоднік гэткі
Можа, год, а можа, два.
Дык пакуль, бадай, да клеткі
Прывучыць патрэбна Льва.
Хай сядзіць там у пакоры,
Не трывожыць наш спакой.
Дык зацягнем! Ён жа хворы!
Адалеем талакой!
А Шакал — адданы служка —
Да цара прыбег і Льву
Нашаптаў пра ўсё на вушка.
— Вас усіх перажыву!
Трон ніколі не пакіну! —
Леў раз’юшана зароў. —
Разарву! Сатру ў мякіну,
Пацячэ ракою кроў!
Каб пагроза прагучала
Не зусім пустою, Леў
Лапаю найперш Шакала
Па хрыбетніку агрэў.
Хто направа, хто налева —
Разбягаліся звяры.
Кракадзіл залез на дрэва,
Малпы хованка — ў нары…
Не ўгадзілі супастату,
Дык у джунглях з гэтых пор
Кожны стогне ад дыктату,
«Жэстачайшым» стаў тэрор!

Алесь НЯЎВЕСЬ

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Накраўшы багата, не трапіш за краты

Улада спадцішка пакліча Пазняка

Вось гэтак Саўмін шкадуе жанчын

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023