«Ты виноват лишь тем, что хочется мне кушать»
Упэўнены, гэтую вядомую фразу з крылоўскай басні не раз узгадвалі, калі гаворка ішла пра так званыя прэвентыўныя затрыманні. Аднак у гэтым годзе іх колькасць, як кажуць, «зашкалівае». Асабліва, калі ўлічыць хакейны чэмпіянат свету. Дарэчы, менавіта ён наглядна паказаў, што пад каток існуючай улады могуць трапіць не толькі палітычныя апаненты.
На чарговай прэс-канферэнцыі праваабарончага цэнтра «Вясна» гаварылі менавіта пра гэта. Гаварылі аргументавана, як і мае быць юрыстам накшталт Валянціна Стэфановіча і Паўла Сапелкі. І эмацыйна, на што, безумоўна, мае рацыю адзін з рэкардсменаў «адсідак», каардынатар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі, які толькі ў бягучым годзе правёў за кратамі 57 сутак, а ўвогуле ў няволі знаходзіўся 292 дні і начы.
Менавіта ён «маляўніча» выклаў схему прэвентыўнага затрымання: «Калі я жыў дома, то ўвесь час перад любым мерапрыемствам да мяне пачыналі наведвацца супрацоўнікі РУУС, прасілі маці, каб сказала, дзе мяне знайсці, маўляў, «мы з ім толькі паразмаўляем». Яна ведала, чым заканчваюцца размовы з нашай міліцыяй, таму яны, хутчэй за ўсё, чулі, што «яго няма», «ён тут не жыве..»
… Калі ты выходзіш з месца, дзе жывеш (а яны ведаюць, дзе ты знаходзішся), то да цябе падыходзяць некалькі чалавек, звычайна у цывільнай вопратцы. Гэта ці АМАП, ці наркакантроль, ці крымінальны вышук.
Памятаю, перад выбарамі, калі я быў даверанай асобай кандыдата Саннікава, гэта быў аддзел па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Часцей за ўсё яны нават паказваюць табе нейкі дакумент хуценька. А пасля кажуць, каб ты паказаў свой дакумент. Калі ў цябе дакументаў няма, кажуць, што трэба ўдакладніць тваю асобу. Калі дакумент ёсць — яго забіраюць і кажуць, што трэба прайсці з імі. Далей усё залежыць ад таго, колькі іх. Калі два — будуць цябе ўгаворваць прайсці з імі. Калі іх тры-чатыры чалавекі, а побач няма ніякіх журналістаў, то ўсё адбываецца прасцей: табе заварочваюць «ласты» назад, валакуць у аўтамабіль, вязуць у райаддзел. І з моманту, калі цябе затрымалі, ты фактычна цалкам выключаны з прававога поля. Больш нікога твае правы не турбуюць.
Часцяком акалічнасці сваёй справы даведваешся непасрэдна ад суддзі падчас працэсу».
На прэс-канферэнцыі таксама была агучаная заява Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і праваабарончага цэнтра «Вясна» з патрабаваннем спынення пераследу Паўла Вінаградава. Праваабаронцы абвясцілі пра кампанію ў сацыяльных сетках за вызваленне грамадзянскага актывіста.
Аляксандр Тамковіч