У закрытым рэжыме

Я часта думаю пра тое, чаму суайчыннікі, якія займелі суверэннасць, ніяк не могуць узбіцца на цывілізаванае жыццё, застаюцца безабароннымі прад аўтарытарызмам, узурпацыяй улады? Прычын гэтаму шмат. Сярод іншых вельмі важнай лічу рэжым закрытасці, у якім існуюць многія пакаленні беларусаў.

Нашы продкі доўга жылі ў складзе царскай Расіі, а старэйшыя сучаснікі — у СССР, дзе былі істотныя прававыя і ідэалагічныя адрозненні ад астатняга свету. Гэта пакінула на беларускім грамадстве глыбокі, разбуральны адбітак, які дагэтуль не сціраецца. Што маю на ўвазе? Найперш тое, што імперская Расія задоўга да кастрычніцкага перавароту стала тыповай паліцэйскай дзяржавай, дзе ўлада дзейнічала метадам таемных правакацый, абапіраючыся на «цёмныя сілы», нагнятаючы гвалт і страх. У сенсацыйнай прамове князя С. Урусава на пасяджэнні І Дзяржаўнай думы 8 чэрвеня 1906 года, якая прысвячалася гэтай тэме, прагучалі такія словы: «Здесь скрывается большая опасность, и она не исчезнет, пока на дела управления и на судьбы страны будут оказывать влияние люди, по воспитанию — вахмистры и городовые, а по убеждениям — погромщики». А дэпутат, сацыял-дэмакрат І. Пакроўскі зазначаў: «Ясно, что мы имеем дело с системой провокации. Провокация необходима там, где царит произвол, произвол отдельных администраторов. Объявив всех граждан врагами правительства, к ним необходимо поставить или к каждому по шпику, или нужно прибегнуть к провокации».

Што тычыцца беларусаў, то расійская паліцэйская дзяржава ціснула на іх не толькі ў палітычным і сацыяльным, але яшчэ і ў нацыянальным плане, вынішчаючы родную мову, звычаі, традыцыі, ператвараючы самабытны народ у безаблічнае насельніцтва.

З прыходам да ўлады бальшавікоў рэжым гвалту і закрытасці не знік, а наадварот — пашырыўся. Пры Сталіне «автоматизм подчинения низа верху» (А. Твардоўскі) дасягнуў апагея. Сам правадыр рэдка паказваўся на масавых мерапрыемствах, абмяжоўваўся звычайна папойкамі з бліжэйшымі халуямі, вечарынкамі з удзелам артыстаў, наведваннем тэатраў. Затое ў СССР з ранку да вечара па радыё гучала хвалебная балбатня пра яго, а партрэты кідаліся ў вочы паўсюль: ад газет да вуліц і плошчаў. Пасля смерці вусатага тырана, калі савецкія людзі адчулі маленькі глыток свабоды, вышэйзгаданы выдатны рускі паэт заўважыў: «Мы как бы вышли из некоего возраста, и нам как-то неловко, не подходит то, и не по душе, что с нами обращаются как с малыми детьми, не говорят правды, скрывают «запретное» и навязывают мысли и представления, которые не по возрасту. Действительно, как все виднее стало далеко вокруг, всем виднее кроме «впередсмотрящих», пожалуй». Але, на жаль, сапраўднага разняволення людзей, набыцця імі здольнасці самастойна мысліць, рашаць і будаваць уласны лёс не адбылося.

Сёння закрыты рэжым зноў ахоплівае вялікую тэрыторыю беларускага жыцця, пачынаючы ад удзелу ў палітычных мерапрыемствах і да бытавых пытанняў. Пасля 1994 года ніводныя выбары ў краіне не праходзілі адкрыта, свабодна. У гэтым сэнсе цяперашняя аўтарытарная Беларусь пераплюнула царскую Расію, у парламенце якой усё-ткі мелася шырокая апазіцыя, якая магла крытыкаваць урад, праводзіць у жыццё свае канструктыўныя ідэі.

Нядаўна кіраўнік краіны заявіў: «Тайн никаких нет». Як бы не так! У нас многае засакрэчана, як кажуць у народзе — «замётана і адкусана». Нават элементарныя звесткі ці простую дапамогу атрымаць у тутэйшых чыноўнікаў немагчыма. Яны кідаюць, выключаюць тэлефонныя трубкі або ў лепшым выпадку адсылаюць да вышэйшага начальства, якога, згодна інфармацыі сакратарак і памочнікаў, ніколі няма на месцы.

Прагматызм, меркантылізм у межах службовых абавязкаў і ўласныя інтарэсы цяпер ставяцца вышэй за ўсё. Чыноўніцкая армія, «салдаты» якой з прыходам на любую пасаду не толькі маюць засакрэчаныя аклады і прэміі, але і імгненна абрастаюць нерухомасцю, гламурным барахлом, акцыямі, рахункамі, абыякава і пагардліва глядзіць на насельніцтва. Разрыў паміж уладай і простым працоўным людам павялічыўся неверагодна. Сапраўды — каму патрэбны чалавечкі, якія недзе ўнізе варушацца, стараюцца выжыць? Толькі самім сабе!

Беларусь уваходзіць у дваццатку краін, што актыўна гандлююць зброяй. Але хто можа сказаць, якая сума грошай на працягу двух дзесяцігоддзяў за гэты смяротны тавар атрымана і на якіх рахунках асела? Такой інфармацыі ў грамадства няма.

Закрыты рэжым можна ўбачыць на прыкладзе БелАЭС. Па-першае, яе будаўніцтва пачалося без згоды насельніцтва, усенародны рэферэндум так і не праведзены, па-другое, спецыялістамі Дзяржатамнагляду «…выявлен ряд нарушений при проведении гидроизоляционных работ, входного контроля оборудования, строительных, бетонных и арматурных работ, при установке и монтаже грузоподъемного оборудования». Як бескантрольна, спехам прымалася рашэнне, такія ж абыякавыя адносіны да ўзвядзення небяспечнага аб’екта! Спасылкі на тое, што «сходные нарушения выявляются на всех АЭС», не вытрымліваюць крытыкі. Мы добра памятаем, як «ударна», з апярэджаннем тэрмінаў вялося будаўніцтва Чарнобыльскай АЭС і якой жудаснай трагедыяй скончылася яе эксплуатацыя. Каля паўднёвай мяжы краіны ёсць незагойная, страшная рана. Няўжо трэба, каб апакаліпсіс паўтарыўся і на поўначы, створаны ўжо на роднай зямлі і сваімі рукамі?

У закрыты рэжым заганяюцца і простыя жыццёвыя пытанні. Скажам, дзейнасць жыллёва-камунальнай гаспадаркі хвалюе людзей у многіх краінах свету. Жыхары Ірландыі выйшлі нядаўна на дэманстрацыі з патрабаваннем аплаціць частку камунальных выдаткаў з дзяржаўнага бюджэту. Але там рэальныя лічбы, звязаныя з ЖКГ, заўсёды адкрыты грамадству. Людзям вядомы цэны, тарыфы, яны могуць кантраляваць усе разлікі.

У нас жа бытавыя службы папракаюць насельніцтва, што яно стопрацэнтна не аплачвае камунальныя паслугі, але не паказваюць гэтыя лічбы. Яны проста павышаюць аплату. Улады баяцца публікаваць разлікі, бо яны выявяць ненармальнасць беларускай эканомікі.

У закрытасці, якая засланяе сацыяльную несправядлівасць, ёсць выдаткі маральна-этычнага характару. Яна плодзіць зайздрасць і нянавісць. Дайшло да таго, што дастаўшчыкі пенсій павінны быць заслонай цынізму ўлады — прыкрываць даланёй ведамасць, каб чалавек не ўбачыў, што яго сусед атрымлівае ў 4—5 разоў болей грошай.

Нягледзячы на тое, што ў кватэрах і хатах ёсць тэлевізары, што палова грамадзян карыстаецца інтэрнэтам, у Беларусі пануе інфармацыйны вакуум. Насельніцтва бачыць знешнюю мітусню: ператасоўку кадраў, прэзідэнцкія прачуханкі на нарадах, а важныя ўнутраныя працэсы ад яго схаваны. Людзі, якія сталі заўзятымі, але прымітыўнымі палітыкамі на сваіх кухнях, рэальна паўплываць на прагрэсіўнае развіццё краіны не могуць:
 
Пакуль народ мой
Памяць лапіў,
Хацеў зрабіць на волю крок,
Яго ўжо зноў абулі ў лапці
І апранулі ў армячок.
 

Закрыты рэжым не вечны, тайнае стане яўным. Шкада толькі, што гэта здараецца запознена, што няма асуджэння вінаватых і пакаяння ўсіх, што праўда прамаўляецца не да канца. А таму непакаранае зло пачало сёння рабіць новы круг на абсягах былога СССР.

Сяргей Законнікаў

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023