Хто лепш умее лічыць?

Перад чарговым павышэннем аплаты камунальных паслуг або праезду ў грамадскім транспарце прапаганда заўсёды патэтычна расказвае, як улада клапоціцца пра насельніцтва. Але тут жа ідуць папрокі грамадзянам за тое, што яны не аплачваюць поўнасцю сабекошт паслуг, якімі карыстаюцца. 

У нашай краіне непаразуменне паміж уладай і насельніцтвам у сферы фарміравання тарыфаў на розныя паслугі цягнецца дзесяцігоддзямі і, праўду кажучы, абрыдла. Людзі згаджаюцца, што па некаторых пазіцыях яны недаплачваюць, толькі просяць паказаць не туфту, а рэальныя разлікі. Але, напрыклад, жыллёва-камунальная галіна, якая даўно стала «чорнай дзіркай» у гаспадарчым космасе Беларусі, ідэю адкрытасці і празрыстасці не прымае. Відаць, яе кіраўніцтва вучыцца ў тых, хто праводзіць выбары. Прытым чыноўнікі паводзяць сябе так, нібыта лічаць, што насельніцтва пагалоўна не ведае арыфметыкі. Методыка падлікаў, якой яны карыстаюцца, дзіўная. Раней казалі, што спажыўцы аплачваюць каля 50—60% сабекошту жыллёва-камунальных паслуг. Затым аплата рэгулярна павышалася, а гэты паказчык чамусьці змяншаўся. Афіцыйна сцвярджаецца, што ў 2013 г. мы аплачвалі каля 25%, у 2014 г. — 30% сабекошту паслуг. Але некаторыя чыноўнікі прыводзяць іншую лічбу — 22%. Як той казаў, у такіх разліках сам чорт можа ногі зламаць.

З якога толькі боку ні падступаліся вярхі да каверзнай праблемы! У 2012 годзе на нарадзе ўраду кіраўнік краіны прапанаваў: «Давайте сделаем так: богатый человек 120—150 процентов пусть платит коммунальных расходов, бедный человек, с которого взять сегодня нечего, 25—30 процентов. И мы решим проблему». Праўда, не ўдакладнялася — па якіх крытэрыях неабходна падзяліць насельніцтва на багатых і бедных. Але «манілаўшчына» не прайшла, пра яе ўжо і не ўспамінаюць.

У мінулым годзе, прымаючы з дакладам старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю А. Якабсона, прэзідэнт заявіў: «Для меня это очень важный вопрос, болезненный вопрос для населения. Самое главное — мы должны знать реальную цену и сравнить ее с той ценой жилищно-коммунальных услуг, которую мы сейчас предлагаем населению. Мы должны, в конце концов, разобраться, чего стоят услуги ЖКХ». Суразмоўнік яго запэўніў: «Мы там по многим направлениям идём и принимаем целый ряд мер. Тогда удельный вес тех тарифов, которые платит население, станет совершенно другим в общем графике. То есть мы не идем по пути, что население должно платить больше, а напротив — сокращение затрат».

Прадстаўнікі КДК выявілі безгаспадарчасць, якая павялічвае сабекошт паслуг, у тым ліку і распаўсюджаную прычыну няправільнасці тарыфаў. Вось радкі справаздачы: «В ходе проверки ГП ЖРЭТ Первомайского района ( г. Витебск) выяснилось, что в представленном расчете затрат для определения планово-расчетных цен по техническому обслуживанию жилищного фонда должностные лица предприятия неправомерно включили затраты сверх установленных нормативов. Превышение составило около 10 млрд рублей, что привело к завышению расчетных цен на 12,9%. Такие случаи не единичны, поскольку предприятиям ЖКХ элементарно выгодно завышать свои расчеты».

У Беларусі на працягу амаль года працуе міжведамасная рабочая група па праблемных пытаннях у жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Заяўлена, што ў хуткім часе яна прапануе новыя падыходы па ўдасканаленні галіны. Калі той час прыйдзе — невядома.

Пакуль чыноўнікі раяцца, спрачаюцца і ваююць паміж сабой, тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі не стаяць. З 1 лютага г.г. яны падскочылі на 20—40% . Асабліва цікавым выглядае штомесячны збор грошай на капітальны рамонт, які вырас значна. Згодна нарматываў гэтая паслуга ажыццяўляецца праз 25 гадоў. Мая сям’я 30 гадоў жыве ў адным доме, самі памянялі вокны на шклопакеты і водаправодныя трубы, не раз рамантавалі кватэру, але за ўласны кошт. Тое ж самае могуць сказаць сотні тысяч жыхароў краіны. Для ўсіх застаецца загадкай, як выдаткуюцца грошы, што збіраюць на капітальны рамонт. Але, можа, прэтэнзій не было б, калі б, як заведзена ў цывілізаваных краінах, адказныя асобы рабілі рэгулярныя справаздачы.

Няўжо гэта немагчыма — міністэрствам і ведамствам выявіць павагу да спажыўцоў і зрабіць рэальныя разлікі сабекошту паслуг, каб сітуацыя была навідавоку? Тады б меліся адказы на ўсе пытанні: якую долю аплачваем мы самі, колькі грошай дадае дзяржава, адкуль, з якіх крыніц узяты датацыйныя сродкі? Увогуле, я згодзен з карыстальнікамі інтэрнэту, якія пішуць: «Всю государственную статистику каждый гражданин должен знать, чтобы самому решить, как ему жить».

Крытычная і нават цынічная сітуацыя склалася з цэнамі на харчаванне, тавары, лекі. З аднаго боку, іх, як раяць спецыялісты, трэба адпускаць, бо каманднае кіраванне не спрацоўвае, «нябачная рука рынку» прысутнічае нават пры аўтарытарызме. Але пад шумок эканамічнага хаосу дзяржаўныя пастаўшчыкі і гандляры так «адпусціліся», што на іхнія апетыты не хопіць ніякіх зарплат і пенсій. Асабліва гэта тычыцца лекаў замежнай вытворчасці. Скажам, прэпарат, які ў Польшчы ў пераразліку на беларускія рублі прадаецца за 160 тысяч, у нас каштуе 550 тысяч. Літаральна на працягу года кошт многіх імпартных лекаў вырас у 2—4 разы! Такім чынам параметры і так надзвычай сціплага беларускага дабрабыту сціскаюцца. Стала праблемай не наведванне тэатра і пакупка кнігі, а набыццё элементарнага харчавання і жыццёва неабходных лекаў.

На папрокі чыноўнікаў людзі кажуць: «Мы не супраць. Хай дзяржава бярэ з нас рэальныя 100% аплаты жыллёва-камунальных паслуг, грамадскага транспарту, але забяспечыць атрыманне адэкватных зарплат і пенсій». Вось тут мы і падышлі да самай галоўнай праблемы — зрабіць гэта не дазваляе стан айчыннай эканомікі, якая, згодна ацэнкі экспертаў, «характеризуется высокой ресурсоемкостью производства и низкими потребительскими качествами производимой продукции».

З гэтай прычыны кіраўніцтва краіны для рашэння складаных праблем ужывае простыя спосабы. Пераразмеркаванне агульных сродкаў у нас падобна на дзялёжку «общака», якая прывяла да скандальнай сацыяльнай няроўнасці. Адным з паказальных прыкладаў стала тое, што пенсіянеры-чыноўнікі перыяду аўтарытарызму атрымліваюць грошы адразу за сябе і за «того парня», якога рэжым абабраў, каб дагадзіць сваім верным служкам.

СССР, на базе якога больш дваццаці гадоў будуюцца незалежныя краіны, трымаўся пераважна на ідэалогіі, на чалавечым духоўным парыве, а не на эканоміцы і культуры, хоць генсек Л. Брэжнеў павучаў: «Экономика должна быть экономной». У наш прагматычны час камуністычная ўтопія мала каго зачароўвае, паўсюль пануе ўзведзенае ў абсалют спажыванне. Можа, гэта і кепска, ды такія рэаліі.

Нядаўна ў Беларусі зноў загучаў заклік: «Надо всем поджаться!». Але куды далей худзець беднаце? Можа, няхай лепш падціснуць свае папругі кіраўнікі, якія арганізавалі і любымі спосабамі ўтрымліваюць правальную эканоміку, усе тыя, хто абабраў краіну і раскашуе, прысмактаўшыся да ўлады?

Беларускае насельніцтва яшчэ не стала грамадзянскай супольнасцю, не навучылася абараняць свае свабоды і правы, але лічыць яно ўмее не горш, чым чыноўнікі.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Бесталкоўшчына

Віток мілітарызацыі

Стваральная талерантнасць

 

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023