Народ спявае пра сябе
1994 год, росквіт «Звязды», адносная свабода і іншыя дробныя радасці... Нават не ведаю, каму ў галаву прыйшла крэатыўная ідэя: запрасіць чытачоў выказвацца аб жыцці і пра сябе чатырохрадкоўямі-прыпеўкамі...
Днямі вырашыў прывесці свае пажаўцелыя паперы ў больш-менш прыстойны выгляд. І адразу знайшоў гэтую брашурку — «Народ спявае пра сябе». Ах, як уздрыгнула душа… 1994 год, росквіт «Звязды», адносная свабода і іншыя дробныя радасці… Дарэчы, сённяшнія «Свободные новости плюс» нарадзіліся ў нетрах «Звязды». Так што усё адзін да аднаго.
Нават не ведаю, каму ў галаву прыйшла гэта, як цяпер прынята казаць, крэатыўная ідэя: запрасіць чытачоў выказвацца аб жыцці і пра сябе чатырохрадкоўямі-прыпеўкамі. Практычным увасабленнем ідэі займалася Алена Ціхановіч. Нашы кабінеты былі суседнімі, але тады я не вельмі цікавіўся прыпеўкамі. У мяне хапала сваіх ідэй, я іх проста рэалізоўваў. Аднак, час прайшоў, ваш пакорны слуга крыху паразумнеў. Перачытаў зборнік і прыйшоў да высновы, што… Што трэба іх цытаваць з невялікімі каментарамі.
Рысы нашага жыцця
Так назвалі першы раздзел прыпевак. Штосьці, зразумела, ужо састарэла, а штосьці гучыць актуальна і сёння. Павінен заўважыць, што на беларускай мове пішу першы раз з 2004 года. Баяўся: а раптам нічога не атрымаецца? Праўда, баяўся дарэмна, мова існавала ў мяне амаль на генным узроўні.
У фальклорную скарбніцу
Рад бы ўнесці хоць драбніцу,
Захаваць ад забыцця
Рысы нашага жыцця.
Калі хочаце, можаце лічыць гэтую прыпеўку эпіграфам да ўсяго тэксту. Па-мойму, падыходзіць. У зборнічку ўказаны прозвішчы ўсіх аўтараў, але дробным шрыфтам. Атрымаўся нечаканы эфект: усё выглядае сапраўды голасам народа. Ён зусім не «безмолвствует». Іншая справа, што наш народ зусім не жадае лішняй рэкламы. Лепш гэты народ уважліва слухаць, ці не так?
Падарыў мілы букет,
А ў букеце — рэпка,
А як будзе прэзідент,
Зажывем мы крэпка.
Так народ успрыняў ідэю прэзідэнцтва. Адчуваеце, людзі яе прымалі, але з пэўнай доляй скепсісу. Што датычыць СССР, то людзі ў 90-я выказваліся так:
Пан на сонцы грэе пуза,
Сны страшныя сняцца,
Спі, панок, няма Саюза,
Нечага баяцца.
А вось меркаванне пра эканоміку:
У застойныя часы
Несла сумку каўбасы.
У сумцы грошы ўжо нясу,
А ў кішэні — каўбасу.
Ці састарэла гэта прыпеўка, ці страціла сваю актуальнасць? Гэта як паглядзець.Каляровай паперы пад назвай грошы ў кішэнях прыкладна 30% беларусаў становіцца ўсё больш. Але ў астатніх 60% аб’ём грошай штосьці не павялічваецца. Думаю, яны ўсё ж каўбасу носяць у кішэнях.
Трэба адзначыць, што зборнік прыпевак стаў ужо бібліяграфічнай рэдкасцю. Што ж вы хочаце, тыраж быў невялікі — 10 тысяч асобнікаў.
Прыляцела к нам з паклонам
Гаспажа Інфляцыя:
Сабірай, народ, мільёны,
Будзе прэзентацыя.
Інфляцыя датычыць не толькі папяровых грошай. Інфляцыя кранае і чалавека, яго пачуцці.
Радзіма і мова
І ўчора, і сёння гэта тэма жыла ў свядомасці народа ўсё роўна. Сёння міністр адукацыі кажа, што сярэдняя школа будзе паступова пераходзіць на беларускую мову. Пачаць вырашылі з гісторыі Беларусі і геаграфіі. То так: увогуле, дзіўнавата вывучаць гісторыю Беларусі на рускай мове. Вось і Аляксандр Рыгоравіч нагадаў, якой краіны ён з’яўляецца грамадзянінам. Падзеі на Украіне, відаць, падштурхнулі яго да такога рэвалюцыйнага крока.
Але чытаем далей. Між іншым, народ і раней разумеў сітуацыю правільна.
Усталі Колас і Купала,
Ды ў гуслі ўдарылі:
Дзе ж ты, тая Беларусь,
Аб якой мы марылі.
Усталі Колас і Купала,
Усюды змены сёння.
Серп і Молат паламала
Капытом «Пагоня».
Перачытваеш прыпеўкі і не перастаеш думаць, што любы народ у сваёй грамадзе — мудры. А разам з тым з’едлівы да сябе. Вось, напрыклад:
Каталік у нас — «паляк»,
Праваслаўны — «рускі»…
Ты куды прапаў,
Люд мой беларускі?
Вакол палітыкі
Цікава, як прынялі людзі сваё становішча пасля аб’яўлення незалежнасці? З гумарам вісельніка…
Аддзялілісь ад Расіі:
«Эх, бывай, старэйшы брат!»
А праз месяц запрасілісь:
«Забяры ты нас назад!»
На мой незамылены погляд, найлепшае палітычнае чатырохрадкоўе атрымалася ў Галіны Сяргей з Гродна. Ацаніце:
Голы зад. Савет. «Аўрора».
Першамай. Парад. Парад…
Заняпад. Перабудова.
Зубры. Зайцы. Голы зад.
Што ні кажыце, а сцісласць — сястра таленту.
Ад дэпутатаў да прэзідэнта
Гэта небяспечны раздзел. Ён і раней быў не вельмі бяспечны, прайшло 20 гадоў, а небяспечнасць ніяк не адменяць. Раптам Лукашэнка пакрыўдзіцца? Сушыць сухары, ці што?
Лукашэнку-змагару
Калькулятар падару.
Лічы дачы, Шурачка,
Дахі ды падмурачкі.
Трэба сказаць, што народнае вока заўважала любую з адметных палітычных фігур. Нікога яно не зыбывала, кожная сястра атрымлівала сваю завушніцу.
Вышывала я хусцінку,
Слёзы капалі ў руку.
Падарыць каму не знаю,
Лукашэнку? Пазняку?
А вось яшчэ больш крута:
Я Зянону Пазняку
Булак з макам напяку,
Бо яму патрэбны сілы
Бараніць нас ад Расіі.
Пазняк нечым падобны на Гарбачова. Скажам так, абодва ўжо даўно неактуальныя. Адзін пахаваў СССР, другому дапамаглі пахаваць Рэспубліку Беларусь узору 1918 года. Увогуле, народ і сам выдатна разумее свае хібы:
Я б і Біла (Клінтана, — С.Ш.) палюбіла,
Толькі мне Зянон бліжэй.
Я б за мора пакаціла,
Ды Радзіма даражэй.
Ну і, нарэшце, апошняя «плюха», яна падводзіць рысу пад гэтым цікавым раздзелам.
Хоць і з горам папалам
Я складаю вершы:
Прысягнуў на вернасць нам
Аляксандр Першы.
Але канчаткова завяршыць лепш Цыцэронам: Ты павінен думаць, што позіркі ўсіх звернуты на цябе аднаго. Так бы мовіць, засцерагальны знак для любога палітыка. Любога…
Сергей Шевцов
Читайте также: