TOP

Жандар для ўскраін

Паварот сучаснай Расіі да таталітарызму і мілітарызму дасведчаных людзей не здзіўляе. Уся гісторыя суседняй краіны пабудавана на імперскім імкненні валодаць вялікімі тэрыторыямі, трымаць зваяваныя і далучаныя народы ў непахісным падпарадкаванні пры дапамозе асіміляцыі, прапагандысцкай апрацоўкі і сілы зброі. 

Кожную дзяржаву вызначаюць яе ўнутраныя і знешнія дзеянні. Французскі вандроўнік і літаратар маркіз Астольф дэ Кюсцін, які ў ХІХ стагоддзі пабыў у Расіі, напісаў: «Якой бы неабдымнай ні была гэтая імперыя, яна нішто іншае, як турма, ключ ад якой захоўваецца ў імператара». Цара Мікалая І, маючы на ўвазе ягоны статус «еўрапейскага жандара», ён справядліва назваў «турэмшчыкам адной трэці зямнога шара».

Расія здаўна не толькі не дапускала вольнасці і дэмакратыі ва ўласных межах, але яшчэ, заўзята адстойваючы рэжым манархіі, падаўляла масавыя паўстанні па ўсёй Еўропе з мэтай «не дапусціць рэвалюцыйнай заразы» ў сябе дома. Яе войскі пакінулі крывавыя сляды ў Польшчы, Венгрыі. Генерал-фельдмаршалу І. Паскевічу, які добра вядомы сваімі дзеяннямі і беларусам, Мікалай І загадваў: «Не жалей каналий!» Тым не менш, прыйшоў час, калі пад націскам новых палітычных і эканамічных запатрабаванняў расійскае самадзяржаўе абрынулася.

Аднак лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя, кастрычніцкі бальшавіцкі пераварот, стварэнне СССР на руінах манархіі не задаволілі амбіцый расійскіх марксістаў. Яны замахваліся на большае. Ідэю «сусветнай рэвалюцыі», якую У. Ленін і І. Сталін развівалі тэарэтычна, карцела ажыццявіць. Прыкладам рэвалюцыйнага псіхозу, які ахапіў тады нават разумных людзей, можа быць загад камандарма М. Тухачэўскага, аддадзены пры наступе на Польшчу ў 1920 годзе: «Бойцы рабочей революции. Устремите свои взоры на запад. На западе решаются судьбы мировой революции. Через труп белой Польши лежит путь к мировому пожару. На штыках понесем счастье и мир трудящемуся человечеству. На Запад! К решительным битвам, к громозвучным победам!» Але, натыкнуўшыся на знішчальны адпор палякаў, чырвонаармейскія штыкі не змаглі падтрымаць заходнееўрапейскіх рэвалюцыянераў.

Рускі гісторык, публіцыст, палітычны дзеяч А. Кізеветэр, кадэт і даўні апанент Леніна, за што яго ў1922 годзе выслалі за мяжу, адразу пасля смерці правадыра пралетарыяту напісаў: «Умерший на днях в Москве дурак с самого начала своего эксперимента так и заявлял в печатной брошюре, что коммунизм в России невозможен, но Россия есть та охапка сухого сена, которую всего легче подпалить для начатия мирового социального пожара. Россия при этом сгорит; ну и черт с ней, зато мир вступит в рай коммунизма». «Рыцары сусветнай рэвалюцыі» актыўнічалі і ў час праўлення Сталіна. На яго імя ішлі лісты з прапановамі наладзіць «чырвоны тэрор» у Англіі, Польшчы, Румыніі, Кітаі, Балгарыі, Германіі, Эстоніі. Такі парыў можна расцаніць як вар’яцтва, але ён адлюстроўваў настрой народнай масы. У 1928 годзе 77,5% школьнікаў лічылі адносіны Савецкага Саюза з буржуазнымі дзяржавамі — варожымі.

Затым бальшавікі раздзімалі «сусветны пажар» праз Камінтэрн, перадаючы з паўгалоднай краіны значныя валютныя асігнаванні на рэвалюцыйныя мэты пракамуністычным партыям. Але грошы — яшчэ не ўсё, савецкім людзям давялося праліваць кроў, прытым не толькі ў святой бітве — Вялікай Айчыннай вайне. З 1946 года і амаль да канца ХХ стагоддзя СССР, «помогая братьям по классу» і «защищая свои стратегические интересы», удзельнічаў у 46-ці ваенных канфліктах. Яны былі засакрэчаны і адкрыліся для шырокай аўдыторыі нядаўна. «Неаб’яўленыя» або «чорныя войны» вяліся ў Кітаі, Паўночнай Карэі, Венгрыі, Лаосе, Алжыры, Заходняй Новай Гвінеі, Чэхаславакіі, Егіпце, Йеменскай Арабскай Рэспубліцы, В’етнаме, Сірыі, Мазамбіку, Камбоджы, Бангладэш, Анголе, Эфіопіі, Ліване.

Пасля распаду савецкай імперыі Расія, якой мроіцца веліч царскага часу, якая прэтэндуе на ролю супердзяржавы і не змірылася з утварэннем на ўскраінах незалежных краін, стараецца любымі спосабамі ўтрымаць іх у сваім сілавым полі. Пад трыбуннае словаблуддзе пра братэрства яна раўніва сочыць за «малодшымі братамі», каб тады, калі «зарваліся», ставіць іх «на месца». Кіраўнікі Расіі лічаць магчымым уплываць на суседзяў не толькі цэнамі на газ, нафту, крэдытамі, але нават зброяй, пра што сведчаць баявыя дзеянні ў Малдове, Грузіі, Украіне.

У сучаснай аўтарытарнай Расіі бальшавіцкае імкненне падтрымліваць рэвалюцыі ва ўсім свеце трансфармавалася ў «царскае навядзенне парадку» — падаўленне народаў, якія хочуць будаваць дэмакратычны лад. Афіцыйная прапаганда адмаўляе прысутнасць расійскіх ваенных частак у Данбасе, хоць на гранатамётах напісана «За Русь святую!», а само шавіністычна настроенае насельніцтва лічыць, што ўкраінцы — варожы народ, што з ім трэба весці вайну да пераможнага канца.

Міжнародныя пазіцыі Расіі цяпер слабыя, але У. Пуцін заявіў, што яна «становится сильнее», што «уступать, прогибаться и сюсюкать» не будзе. З дня ў дзень па расійскіх тэлеканалах гучаць фразы: «И вы такие же, как жалкие прибалтийские маргиналы»; «Мы считаем Украину своей частью»; «Мы за три дня дойдем до Киева»; «Мы закроем свою границу за Львовом»; «Белоруссия никуда от нас не уйдет». А пасля такой слоўнай агрэсіі гучыць наіўнае і крыўдлівае пытанне: «Почему нас не любят?»

Сумесь фанабэрыстасці, пыхлівасці і прыніжанасці, непаўнавартасці, вера ва ўласную выключнасць, у асобны гістарычны шлях — такія характэрныя рысы сучаснага расійскага грамадства.

Расіяне забываюцца на тое, што ўскраінныя народы зведалі ўціск савецкай улады, якая прыйшла з Крамля і рэзала іх па-жывому, дзелячы мяжой на «ўсходнікаў» і «заходнікаў», распальваючы класавую варажнечу, калі брат ішоў на брата, сын на бацьку. Сталінскія расстрэлы, ссылка на Поўнач, у Сібір, на Далёкі Усход — усё гэта помніцца ў пакаленнях. А Крэмль зноў узнімае вусатага тырана на п’едэстал!

Выконваць ролю жандара Расіі дапамагаюць аўтарытарныя рэжымы, якія ўзніклі ў постсавецкіх краінах. Трэба зазначыць, што тут уладу амаль паўсюдна захапілі людзі з дыктатарскімі замашкамі, якія прыкрываюцца простым народам для дасягнення ўласных меркантыльных, хцівых мэтаў.

Трывогу выклікае сённяшні стан Беларусі. Звычайна народ, адчуваючы знешнюю агрэсію, супраціўляецца згуртаванасцю і патрыятызмам. У нас жа няма пачуцця адказнасці. Паглыбляецца працэс асіміляцыі, страты роднай мовы, культуры, нацыянальнай свядомасці, а мы — не шманаем. Беларусь стала тэрыторыяй пражывання, а не Айчынай.

Польшча таксама была ўскраінай Расійскай імперыі. Тым не менш, палякі паказалі ўсяму свету, што яны не толькі патрыятычныя, гераічныя людзі, але і народ з высокай агульнай і палітычнай культурай, з цвёрдай прыхільнасцю да дэмакратыі. Беларусам ёсць чаму ў іх вучыцца, пра што сведчаць апошнія выбары прэзідэнта Польшчы.

Мы ведаем, што расійскіх ускраін даўно няма. На карце Еўропы ёсць раўнапраўныя суверэнныя краіны, у якіх маюцца нацыянальныя інтарэсы і задачы. Але супакойвацца няварта, Расія збіраецца застацца для іх жандарам яшчэ надоўга.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Бабуліны парады

Дабро або зло?

Невядомы салдат

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.