Ірына Вештард: Я — зацятая аптымістка
Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард — адзіная жанчына ў Беларусі, якая ўзначальвае апазіцыйную партыю. Дый жыве не ў Мінску, а ў Смаргоні.
— Дык ці знайшлі вы сваё месца ў чыста мужчынскай кампаніі?
— Так склалася, што большасць кіруючых пасад у краіне займаюць мужчыны. Але асаблівых адносінаў, паслабленняў ці прэтэнзіяў да сябе з боку калег не заўважаю.
— Яны, даруйце за рэзкасць, не спраўляюцца са сваімі партыямі, жывучы ў Мінску, а вам даводзіцца бываць у сталіцы наездамі, пакідаючы Смаргонь. Дзе лепш прашчупваецца пульс беларускага жыцця — у сталіцы ці ў райцэнтры?
— Праблемы беларускага жыцця амаль аднолькава адчуваюцца што ў сталіцы, што ў правінцыі. Мо, у рэгіёнах складаней знайсці працу, таму працаўладкавацца, відаць, усё ж лягчэй у сталіцы.
На большасці прадпрыемстваў Смаргоні заробкі невысокія. Я сама жыву ў мікрараёне, які найбліжэй знаходзіцца да філіялу Мінскага трактарнага завода. Народ, які з усяго свету з’ехаўся туды некалi працаваць, мусiць выязджаць на заробкі ў суседнія краіны. Раней у Расію, цяпер усё больш імкнуцца патрапіць у Польшчу ці Літву.
Нават сляпому відавочна, што эканоміку трэба перабудоўваць. Дый у цэлым мне б хацелася, каб у нашай дзяржаве і кіраўніцтва з’явілася новае. Новы чалавек па-новаму гляне на жыццё і прапануе іншы выхад з сітуацыі.
— Дык апазіцыі і ўсе карты ў рукі — наперадзе прэзідэнцкая кампанія. Грамада вылучыла са сваіх шэрагаў жанчыну-прэтэндэнтку — Таццяну Караткевіч. Вы верыце, што жанчына можа процістаяць Лукашэнку і нават перамагчы?
— Хоць я і зацятая аптымістка, але, улічваючы, што правапрымяняльная практыка выбарчага заканадаўства ніяк не змянілася,не веру ў празрыстасць выбарчай кампаніі і ў празрысты падлік галасощ. Таму незалежна ад таго, мужчына пойдзе на выбары ці жанчына, пры ўсім маім аптымізме, не веру, што нехта з іх пераможа.
— Тады якія мэты вы пераследуеце, ведучы за сабой партыю на прэзідэнцкую кампанію?
— Паміж шэраговым грамадзянінам і старшынёй партыі ёсць розніца.
Як грамадзянцы, мне падаецца гарнай думка ў дзень выбараў навесці парадак у сваёй кватэры, схадзіць у госці. А як кіраўнік палітычнай партыі я разумею, што палітычная структура мусіць удзельнічаць у палітычнай кампаніі: назіраць за выбарамі, правесці кампанію ў падтрымку палітвязняў, падтрымаць дэмакратычных кандыдатаў.
Нягледзячы на адсутнасць адзінага кандыдата, пра якога я вельмі доўга марыла (я рабіла ўсё дзеля адзінства апазіцыі, дзеля вылучэння адзінага кандыдата — не атрымалася), падчас прэзідэнцкай кампаніі яшчэ магчымая выпрацоўка агульных падыходаў. На жаль, не заўсёды ўдаецца кіраваць амбіцыямі тых прэтэндэнтаў, якія вылучыліся, хоць крычы!
Я цешыла сябе надзеяй на адзінства, а яно не атрымалася… І што тут зробіш? Трэба працаваць далей.
Вельмі балюча ўспрыняла, што прадстаўнікі асобных палітычных структур на апошнім паседжанні «сямёркі» прагалавалі супраць Кангрэса дэмакратычных сіл. Я лічу, што адзінства апазіцыі і адзіны кандыдат — пры ўсіх цяжкасцях на шляху да яго — усё-такі значна лепш, чым мноства калон.
— Палітыка палітыкай, а абед, як кажуць, па раскладзе. Ці дае беларуская палітыка магчымасць зарабляць на хлеб з маслам? Ці для вас палітыка — больш хобі, чым прафесійны занятак?
— У маім узросце я магу быць больш незалежнай, не вылучаць неабгрунтаваныя амбіцыі. За сваё жыццё я зарабіла сабе на кавалак хлеба.
Прыйшла ў партыю ў першы год яе стварэння, затым больш за 20 гадоў займалася праваабарончай дзейнасцю. Некалі партыя знаходзілася на мяжы знішчэння, і толькі лянівы не казаў, што партыі прыйшоў канец. Аднак мы дагэтуль існуем як арганізацыя.
Памятаю, у маім мікрараёне ніяк не маглі адбыцца выбары. Былы намеснік дырэктара па камерцыі філіяла МТЗ тэлефануе і прапануе вылучыцца кандыдатам у дэпутаты. Я спачатку ўперлася, але ў выніку ўсё ж угаварылі. І на трэцім туры выбараў атрымала перамогу — далей выбіралася дэпутатам 16 гадоў. Не магу не згадаць Веру Уладзіміраўну Язерскую, якая нягледзячы ні на якія абставіны, годна лічыла галасы.
Мне цяжка сказаць, што для мяне палітыка — хобі ці род дзейнасці. Мне заўсёды падабалася працаваць з людзьмі і дзеля людзей.
— Палітыка — справа няўдзячная, і, як кажа Ярмошына, жанчыне ў ёй не месца — хай баршчы варыць. А як у вас з баршчамі?
— У мяне ёсць хобі: я больш за 30 гадоў (адразу пасля заканчэння ўніверсітэта) збіраю кулінарныя шэдэўры свету. Не толькі збіраю, але люблю згатаваць і катлеты па-кіеўскі, люблю спячы торт ці пірог. Сабрала вялізную кулінарную бібліятэку кніжную, а цяпер яшчэ і электронную.
Не хачу хваліцца, але мае сябры звычайна кажуць: смаката — пальчыкі абліжаш!
Юрась Дубина