Гіпноз махляроў
У Беларусі даўно дзейнічаюць «спецыялісты» па збыту падробак. Звычайна гэта «сямейная пара палякаў» або «людзі паўднёвай знешнасці», якія на аўто з еўранумарамі «вяртаюцца дахаты». Карыстаючыся даверлівасцю нашых людзей, яны ўгаворваюць купіць са скідкай «фірмовы тавар», бо «яго могуць канфіскаваць пры перасячэнні мяжы».
Спрытнюгаў, якія займаюцца крымінальным бізнесам, хапала ў любыя часы, гэта племя — жывучае, невыводнае. Але ў апошні час яны асабліва актывізаваліся. Таму трэба асцерагацца ўсіх нечаканых знаёмстваў на вуліцы, не ўступаць у размову з людзьмі, якія прапануюць набыць нейкія рэчы, нават калі гэта абгрунтоўваецца праўдападобнай жыццёвай сітуацыяй, ніколі не паддавацца на іхнюю настырлівасць. Неабходна памятаць, што яны маюць навыкі псіхалагічнага ўздзеяння, выдатна адчуваюць сітуацыю, могуць загаварыць каго заўгодна і абабраць да ніткі, не шкадуючы ні пенсіянераў, ні інвалідаў.
Побытавае махлярства, з якім, дарэчы, праваахоўныя органы змагаюцца нехаця, высвечвае сутнасць нашага жыцця з розных ракурсаў. З аднаго боку, можна радавацца, што ў многіх беларусаў не прапала пачуццё спагады, спачування кожнаму, хто трапіў у складаную сітуацыю. А з другога — краіна знаходзіцца ў такім палітычным і эканамічным становішчы, якое не забяспечвае грамадзянам магчымасць зарабляць прыстойныя грошы, набываць у магазінах якасныя тавары, мець нармальны дабрабыт, таму і «клююць» мясцовыя спажыўцы на нібыта танную «нажыўку».
З жулікамі, якія атакуюць Беларусь, каб нажыць капітал на продажы па фантастычных коштах кітайскіх і іншых падробак, што выдаюцца за прадукцыю вядомых фірмаў, можна справіцца самому насельніцтву — проста не купляць фальшыўкі.
Намнога складаней весці змаганне з махлярамі, якія маюць высокі статус, носяць у кішэнях салідныя пасведчанні. Гэта яны мацуюць аўтарытарную сістэму, каб пад яе крылом займацца хабарніцтвам, карупцыяй, прысабечваць кавалкі народнага багацця, каб пастаянна гіпнатызаваць прапагандысцкім «бацькоўскім клопатам» мільёны простых людзей, адначасова перакладаючы цяжар усіх эканамічных і сацыяльных праблем на іхнія плечы.
Заглядаючы ў гісторыю, пераконваешся, што практычна нічога ў асяроддзі чыноўніцтва не мяняецца. У 1911 годзе ў прамове кадэта Ф. Родзічава ў Дзяржаўнай думе Расіі прагучалі гнеўныя словы: «Власть отдается в руки людей, которые говорят: получай деньги за то, что ты подлец, и чем больше ты будешь подлец, тем больше будут твои получки /…/ и тем выше будет власть твоя». Пра змрочнае ўладарства подласці і карупцыі гаварыў таксама лідар фракцыі «октябристов» А. Гучкоў: «Для этой банды существовали только соображения карьеры и интересы личного благосостояния, расчета, корысти». З царскай Расіі транзітам праз таталітарны СССР багаты вопыт службовых злоўжыванняў, вялікіх крадзяжоў перакачаваў у постсавецкія суверэнныя краіны.
Затое асноўную масу насельніцтва аўтарытарныя рэжымы трымаюць на мізэрным пайку, сціскаючы і яго рэгулярным павелічэннем пабораў праз гандаль, падаткі, паслугі ЖКГ. Статыстыка канстатуе, што толькі 50% расіян маюць нейкія грашовыя назапашванні, а другая палова жыве ад зарплаты да зарплаты, ад пенсіі да пенсіі. У нас сітуацыя не лепшая, але гіпнатызёры з тэлескрыні на поўным сур’ёзе заяўляюць: «Белорусский социальный пакет ставят в пример во всем мире». Праўда, імёны канкрэтных аўтараў і тэксты іхніх высокіх ацэнак яны не прыводзяць, а таму гледачы разумеюць, хто змайстраваў «пераможную» фальшыўку.
Кідаючы ў патрэбны момант чарговую «костку» (мізэрнае павышэнне зарплат або пенсій), выканаўчая ўлада ўвесь час кантралюе, падпраўляе настрой грамадзян, каб ён не дайшоў да рэвалюцыйнага кіпення, гэтым самым уплывае і на выбарчы працэс.
Выбарчая кампанія ў Беларусі складаецца не з канкурэнтнай барацьбы ідэй, прапаноў па паляпшэнні жыцця грамадства, а з балбатні пра вялікія перамогі і іх нязменнага арганізатара. Але Еўропе трэба прадэманстраваць нейкую «дэмакратычную фішку», таму вядомая гіпнатызёрша, якая за аказаныя паслугі босу таксама не падлягае ратацыі, натхнёна апавядае ў СМІ пра адкрытасць, канкурэнцыю, пра магчымы другі тур выбараў. Усё гэта — інфармацыйны харч для «палітычных інвалідаў», а незашораныя грамадзяне сустракаюць падноўленыя ідэалагічныя казкі саркастычным смехам. Але рагатаць на кухнях можна колькі заўгодна, а выбары пры аўтарытарным рэжыме пройдуць так, як заўсёды, і вынікі іх вядомыя.
Палітычнаму гіпнозу ў Беларусі дапамагаюць трагічныя падзеі ва Украіне, у арабскім рэгіёне, якімі прапагандысты застрашваюць грамадзян. З гэтай прычыны адзінае адрозненне сёлетніх выбараў ад ранейшых у тым, што адбудуцца яны пад новым заклікам: галасуйце за мяне, бо ў адваротным выпадку да вас прыйдзе вайна.
Аўтакрат з задавальненнем апрануў тогу міратворца, якую яму шчодра паднеслі еўрапейскія палітыкі, непаслядоўныя, часта ў выгадных для іх выпадках вельмі лаяльныя да ўзурпатараў улады і душыцеляў свабоды. Хоць афіцыйны Мінск антываенных заслуг не мае, застаецца ў агрэсіўнай Расіі марыянеткай і малодшым братам па зброі, але за пару непрарасійскіх выказванняў і за прадастаўленне пляцоўкі для перамоў па ўрэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны стаў часта ўспамінацца, выйшаў на дыпламатычную арбіту, ад чаго ў тутэйшых бюракратаў пайшла кругам галава. Замест таго каб праводзіць глыбокія структурныя эканамічныя рэформы, рашаць набалелыя праблемы ўнутры краіны, яны пачалі пакрыкваць на заходніх палітыкаў: «Нам некомфортно будет без российской нефти и газа. Также некомфортно без европейских технологий. Мы ждем денег из МВФ».
Патуранне аўтарытарызму канчаецца тым, што заходнія грошы ідуць не на тое, каб вывесці беларусаў да дэмакратычнага і годнага жыцця, а наадварот, на далейшае ўмацаванне ўлады, на сытую кармёжку махляроў.
Еўрапейскія палітыкі гэтага не бачаць, знаходзяцца пад гіпнозам, бо хочуць падманвацца нежыццядзейнымі праектамі накшталт «Усходняга партнёрства». Затое простыя людзі сутнасць існавання ў аўтакратычных краінах добра разумеюць. Расійскі культуролаг К. Фрумкін піша: «…Если население беднеет, пропаганда вряд ли сможет убедить его в обратном, здесь голос собственного кошелька всегда будет сильнее голоса радиодиктора». У гэтым выпадку грамадзяне выходзяць з-пад гіпнозу і пачынаюць змагацца за свае свабоды і правы.
Народныя хваляванні ў Арменіі, у час якіх узнік галоўны лозунг: «Хватит грабить!», з’явіліся важкім пацвярджэннем таго, што ўкраінскі Майдан быў не «пераваротам пад патранажам ЗША», як другі год пастаянна далдоніць расійская і ўслед за ёй беларуская прапаганда, а рэакцыяй на пачварную карупцыю, на чыноўніцкую ўсёдазволенасць, на занядбанне нацыянальных праблем і інтарэсаў.
У Еўропе і ЗША ў верхніх эшалонах улады таксама хапае махляроў, аматараў запусціць руку ў дзяржаўную кішэню, але там ёсць інстытуты кантролю і стрымлівання, каб своечасова абмежаваць апетыт або ізаляваць ад грамадства нахабнікаў, якія зарваліся. Ніякі гіпноз не дапамагае злодзеям уцячы ад пакарання, іх пасяляюць за кратамі.
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: