TOP

Зацяжныя манеўры

Уначы, калі ў затоенай цішы душу адведваюць радкі або проста не спіцца і нешта чытаю, недзе пасля другой гадзіны, я вымушаны перарваць занятак. Праз расчыненыя дзверы, што вядуць да лоджыі, урываюцца каманды дыспетчараў, якія кіруюць манеўроўкай цеплавозаў, перамяшчэннем вагонаў, платформаў і цыстэрнаў. 

Блізкая чыгунка, своеасаблівая мова якой прыглушана дзённым гарадскім шумам, уладна напамінае аб сабе ў начны час. У такія хвіліны мае думкі ад лакальнай рэйкавай манеўроўкі міжволі выходзяць да маштабных манеўраў.

Спачатку гаворка пойдзе не пра перадыслакацыю баявой тэхнікі і палявыя трэніроўкі вайскоўцаў, якія адбываюцца ў розных рэгіёнах Расіі і Беларусі, нават не пра гібрыдную вайну, што грыміць непадалёку. Не маючы надта добрага музычнага слыху, я ўсё ж зацягну старую песню пра галоўнае — грамадства павінна спыніць пустое манеўраванне, якое не набліжае лепшую будучыню, а вяртае нас у змрочнае мінулае, дакладна вызначыць курс у палітыцы, эканоміцы, у адносінах да культуры, роднай мовы, настроіцца на адраджэнне беларускасці, на будаўніцтва дэмакратычнай краіны. Пакуль што мы жывем у раздвоенасці. З аднаго боку, пераканаліся, што нам патрэбны еўрапейскія каштоўнасці, еўрапейскае ўспрыняцце рэчаіснасці і еўрапейская сістэма кіравання дзяржавай, каб можна было праводзіць рэформы, каб не душыла наменклатурная карупцыя, а з другога — нічога не хочам мяняць, баімся самастойнасці, не змагаемся за свае правы і свабоды. З гэтай прычыны трэцяе дзесяцігоддзе раздзіраемся паміж азіяцкім дэспатызмам і еўрапейскай дэмакратыяй, застаемся «азіёпамі».

Афіцыйна аб’яўленая палітыка шматвектарнасці жыве на паперы, а рэальнае развіццё айчыннай эканомікі залежыць найперш ад стасункаў з Расіяй і Еўразвязам, якія актыўна абменьваюцца, нібы шпажысты, уколамі-санкцыямі. За пазыкі, за танныя газ і нафту Масква патрабуе ад Беларусі выразнай палітычнай падтрымкі, а Захад за фінансавую дапамогу — правядзення радыкальных рэформаў, вызвалення палітычных вязняў.

Калі Расія, выдаючы ўрэзаную дапамогу Беларусі, задавальняецца банальнымі клятвамі пра сяброўства і вернасць, якія Мінску нічога не каштуюць, то з дакладным выкананнем умоў Еўразвязу і МВФ больш клопатна, бо гэта пагражае існаванню аўтарытарнага рэжыму. А таму тутэйшыя чыноўнікі імітуюць бурлівую дзейнасць, забяспечваюць зацяжное дыпламатычнае манеўраванне «паміж молатам і кавадлам», скіраванае ў першую чаргу на захаванне ўлады «палітычным доўгажыхаром».

Эканамічныя праблемы — гэта пастаянны галаўны боль для рэжыму. Але ён не адзіны. Пасля агрэсіўных дзеянняў Расіі супраць Украіны беларускім вярхам стала цяжка даказваць свой нейтралітэт. Прадастаўленне Мінскам пляцоўкі для перамоў па ўкраінскім канфлікце нічога не мяняе. Як бы ні хацеў кіраўнік Беларусі выкарыстаць абставіны і стаць «міратворцам», але размешчаныя на нашай тэрыторыі расійскія ваенныя базы, абавязацельствы, звязаныя з Саюзнай дзяржавай, могуць у любы момант схіліць да баявых дзеянняў. Выкруціцца ад удзелу і ад адказнасці за яго — проста немагчыма, а сітуацыя набліжаецца да крытычнай.

Расія, якая не можа сцвердзіць сябе «звышдзяржавай» толькі эканамічным развіццём, узяла курс на актыўную мілітарызацыю. Поўным ходам ідзе пастаўка новай зброі ў армію. У 2015 годзе запланавана правесці 4000 (!) ваенных вучэнняў і манеўраў. Можна ўявіць, якая фантастычная сума грошай, заробленых народам, ператворыцца ў пыл на палігонах! Але галоўнае, што армія не беражэ людзей. Толькі за лета адбылося 6 інцыдэнтаў з ваеннымі самалётамі, а ў Омску развалілася толькі што адрамантаваная казарма дэсантнікаў, у выніку чаго 24 чалавекі загінулі, шмат паранена.

Манеўры адбываюцца і ў інфармацыйнай сферы. Пісьменнік Б. Акунін пасля прагляду тэлеперадач піша: «Потом были новости про Россию: неуклонно растет боеготовность российской армии, проводятся маневры, танки стреляют, ракеты летают, Шойгу рапортует. Дальше, наверное, пошло бы про «хлеборобы Кубанщины засыпали в закрома Родины» и про «невесело простым американцам», но я решил, что достаточно».

Разагрэў расійскага імперскага патрыятызму ідзе цяпер па многіх кірунках: дыскрэдытацыя ўсімі сродкамі прапаганды ўкраінскай улады, падтрымка любымі спосабамі і метадамі данецкіх і луганскіх сепаратыстаў, паралельнае ўслаўленне афіцыйнай палітыкі Крамля. Акцэнты часта пераносяцца, нешта ўзмацняецца, а іншае прыцішваецца, але плынь агрэсіўнай апрацоўкі народа не спыняецца. У выніку ў грамадстве адбываецца сацыяльна-псіхалагічнае ўзрушэнне, змена палітычных поглядаў у бок імпершчыны нават у адукаваных, разумных людзей. Ідзе прывыканне да вайны. Вельмі трапна сказала пра гэта вядомая расійская актрыса Л. Ахеджакава: «И вот когда я смотрю шабаши телевизионные, очень страшно становится. Мне кажется, что результатом этого будет какая-то страшная война. Они разогревают, как примус, ингредиенты войны. Они кипятят войну».

А тым часам на фоне «халоднай вайны», якая зноў узнікла паміж Расіяй і Захадам, каб няўхільна набіраць абароты, ні на адзін дзень не спыняецца перастрэлка на ўсходзе Украіны, гінуць вайскоўцы і мірныя людзі.

Чаму Расія змагла дазволіць сабе захапіць Крым, арганізаваць крывавую патасоўку ў Данбасе, глядзець скрозь пальцы на раскраданне народных грошай супрацоўнікамі Міністэрства абароны? Усё адбываецца з-за таго, што наменклатура і апекаваныя ёю сілавікі не кантралююцца грамадствам. Такая практыка цягнецца з савецкага часу.

Для сучаснай Расіі мілітарызацыя становіцца самамэтай. Яна можа трапіць у тую ж пастку, у якой апынуўся СССР, калі ўсе эканамічныя рэсурсы перакачваліся ў ваенна-прамысловы комплекс, што і скончылася гібеллю агрэсіўнай імперыі.

Мяне ніколі не пераконвала зацяганае меркаванне пра тое, што народ, які не хоча ўтрымліваць сваю армію, будзе карміць чужую. Па-першае, ніколі не трэба да бясконцасці раздзімаць колькасць вайскоўцаў і ўзбраення, армія павінна быць высокапрафесійнай, кампактнай і мабільнай, па-другое, людзі са зброяй у руках вызначаны абараняць Айчыну, і не больш таго.

Сённяшняя сітуацыя напамінае пачатак саракавых гадоў ХХ стагоддзя. На рэканструкцыі былых баталій экскурсавод далдоніць хлопчыку: «Русские непобедимы!» Гэтыя словы гаворыць той, хто вітае агрэсіўныя дзеянні, але сам не спяшаецца пайсці туды, дзе ёсць небяспека быць забітым. Пра вайну трэба гаварыць сумленна, праўдзіва. Дзеянні Расіі — гэта не барацьба за выжыванне, бо тэрыторый і рэсурсаў у яе хапае, дай Бог столькі кожнаму!

Ваенныя манеўры ў нашых краях зацягваюцца, пра што сведчаць лагеры ў Гродзенскай вобласці, да якіх мае дачыненне… царква. Тэлеканал АНТ паказаў сюжэт: юнакі і дзяўчаты бягуць крос, страляюць па мішэнях, ды не абыяк, а «с молитвой».

Наогул, ці не занадта шмат развялося ў Беларусі прышлых і мясцовых «інструктараў», якія эксплуатуюць бяспройгрышную тэму патрыятызму, зводзячы ўсё да вайны? Маладым людзям трэба быць не «гарматным мясам», а стваральнікамі мірнага, светлага і шчаслівага жыцця.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Эпідэмія страху

Шлях яднання

Гіпноз махляроў

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.