Самаліквідацыя

Новы навучальны год, які пачаўся радаснай гаманою ў школах, гімназіях, ліцэях, ВНУ, успрымаецца жыхарамі краіны як свята. Гледзячы на дзяцей і моладзь, весялей, цяплей жыць старэйшым пакаленням. Але ў душы не прападае пачуццё сіратлівасці. У людскім віры амаль не гучыць родная мова. 

Запісным аптымістам у дачыненні да лёсу беларускай мовы, у тым ліку маладым ды раннім, выхаваным на дэмагогіі, на міфах прапаганды, раю азір­нуцца навокал. У гастраноме мама гучна (культура паводзінаў яшчэ тая!) размаўляе па мабільніку з сынам-школьнікам: «Ты уроки уже выучил? Нет? Так чего же ты дурью маешься?» Яна нядоўга слухае тлумачэнне, а затым выбухае: «Да не суй ты мне свою беларускую мову! Говори понятно, переводи! Что ты опять что-то мычишь по-белорусски? Ты хочешь, чтобы я перевела тебя в класс с белорусским языком обучения? Так я тебе это быстро устрою. Не хнычь! «Выяўленчае мастацтва» — это вроде бы изобразительное искусство. Будете рисовать, понял? Делай уроки быстро, ведь папа придет и проверит. На улицу не пустит, велик не получишь. Давай, не расслабляйся. Пока!»

Сцэнка для Беларусі тыповая. Гэтая строгая мама, калі б выйшла замуж за іншаземца, як міленькая вучыла б мову яго краіны і не пікнула б. А тут яна паказвае сябе ад пят да макушкі «рюскай», дэманстратыўна адгароджваецца ад свайго.

Сітуацыя з функцыянаваннем роднай мовы сапраўды жахлівая. Выгнаная адусюль, пазбаўленая годнага статусу, яна не можа нармальна развівацца, непазбежна выраджаецца. Сапраўдная беларуская мова гучыць не часта. Маю на ўвазе правільнае вымаўленне, пабудову фразы, лексічнае напаўненне. Слабое валоданне выяўляюць не толькі вучні і студэнты, але і іхнія настаўнікі. Філолагі і нават некаторыя літаратары не ўмеюць пісаць жывой, вобразнай мовай, збіваюцца на манатоннае апісальніцтва і штампы. Зніклі высакакласныя беларускія карэктары і рэдактары.

Апазіцыйнасць да айчыннага слова пастаянна прысутнічае на тэлебачанні. Гэта ў дадатак да таго, што яно і тут загнана ў кут. Дыктар прамаўляе: «На цабе, наша молад-з, над-зэя!» Чалавеку, які валодае роднай мовай, нават выгаварыць такое каверканне немагчыма. Няўжо простую фразу: «На цябе, наша моладзь, надзея!» — вымавіць цяжка? Не думаю, дыктараў жа вучаць. У гэтым канкрэтным выпадку бачна, што чалавек выпендрываецца, паказвае ўласнае грэблівае стаўленне да беларускасці.

Дэградацыя грамадства ў моўным плане дайшла да кропкі незвароту, а рэктар БДУ С. Абламейка лічыць, што нацыянальны ўніверсітэт Беларусі не патрэбен. Ён заявіў: «Наш университет — это ведущее высшее учебное заведение страны, и он прекрасно справляется с ролью национального университета. Мы выполняем те же функции, что и ведущие вузы наших соседей — Московский и Санкт-Петербургский государственные университеты, хоть слова «национальный» в их названиях нет, кроме Киевского национального университета имени Тараса Шевченко, но такой статус подразумевается».

Які статус падразумявае шаноўны Сяргей Уладзіміравіч – невядома, але здаецца, што ён «зблытаў божы дар з яечняй». Мне давялося быць ва ўсіх ВНУ, пералічаных ім, а ў Кіеўскім універсітэце неаднойчы выступаць перад студэнтамі і выкладчыкамі. Таму з веданнем сітуацыі напомню, што мова навучання ў Маскве і Санкт-Пецярбургу — руская, у Кіеве — украінская. Дадам, што і ў Рымскім універсітэце, дзе я сустракаўся са славістамі, мова навучання — італьянская, у Варшаўскім — польская. Так разумна заведзена ва ўсім свеце! А на якой мове вучацца студэнты флагмана беларускай вышэйшай адукацыі, які «прекрасно справляется с ролью национального»? На рускай! Дык ці забяспечвае ён карэннай нацыянальнасці, якая згодна перапісу складае пераважную большасць у краіне, права навучання на роднай мове? Не! Вось вам і тпр-р-р-у, што называецца — прыехалі!

Неяк карэспандэнт газеты «Звязда» спытаўся ў С. Абламейкі: «Які грэх, на ваш погляд, самы страшны?» Ён адказаў: «Здрада… І ўсё ж пытанне гэта досыць складанае, філасофскае: ты можаш лічыць пэўны ўчынак здрадай, а іншы чалавек — не…» У звязку з гэтым мне, напрыклад, цікава ведаць: ці лічыць рэктар здраду беларусаў роднай мове за грэх? І не ў філасофскім сэнсе, а ў самым прамым…

На маю думку, нацыянальныя, сапраўды беларускія ўніверсітэты нашаму грамадству патрэбны, як паветра. Родная мова мела б перспектыву, калі б на ёй вялася адукацыя ва ўсіх навучальных установах краіны. Прад бацькамі, на якіх чыноўнікі спіхваюць адказнасць за русіфікацыю, тады б не стаяла праблема здрадніцкага выбару.

Не трэба засілле рускай мовы спісваць і на глабалізацыю, на тое, што да нас едуць вучыцца іншаземцы. Калі прычына ў гэтым, то навучанне ў беларускіх ВНУ лагічней было б весці на англійскай мове. Яна самая распаўсюджаная ў свеце!

Не трэба хітрыць і хлусіць, капаць уласнымі рукамі магілу роднай мове. Даю слова тыповым прадстаўнікам грамадства, якія зрусіфікаваныя, але маюць праўдзівае меркаванне па моўным пытанні, выказваюцца ў інтэрнэце. Адзін азіраецца ў мінулае: «Никто из моих дедушек и бабушек не говорил по-русски, меня ни разу в жизни не называли «внук», только «унучак», и признать русский язык основным — это для меня капитулировать перед московитами, использовать русско-татарскую мешанину вместо исконно славянского языка». Другі глядзіць у корань праблемы: «Я также говорю по-русски и ненавижу всё, что нам навязывают сверху. Но ведь русский язык как раз и был навязан белорусам сверху».

Успамінаю, як у маю глыбінную школку прысылалі рускамоўных настаўнікаў, а нас прымушалі карыстацца зручнымі для іх падручнікамі. Згадваецца і першы год вучобы ў БДУ. Мы рагаталі, слухаючы, як старшакурснікі перадражніваюць выкладчыц, якія ненавідзелі родную мову, хоць былі тутэйшымі і размаўлялі на трасянцы: «Как я рада, как я рада,

русификация идеть, как нада».

У знішчальным працэсе русіфікацыі якраз вінаваты самі беларусы, бо не абмяркоўваюць любое пытанне, як гэта робяць пагарджаныя ў нашых краях еўрапейцы, а бяздумна прымаюць усё, што спускаецца зверху. Разумнаму народу нельга навязаць ні іншую мову, ні чужыя ваенныя базы.

Роднай мовай мы не валодаем, затое засвойваем блатную феню, мацерную лаянку. Вось шыбуе чародка юнакоў і дзяўчатак, ім па 15—16 гадкоў. Самая меншая мацюкаецца на ўвесь голас і яшчэ заглядае ў твар хлопцу, чакае ад яго пахвалы за дзёрзкасць на публіцы.

Яшчэ параўнаўча маладыя муж і жонка крочаць па сталічнай вуліцы мірна, не лаюцца, але прадстаўніца лепшай паловы чалавецтва ўзбуджана расказвае: «Ты знаешь, Танька хотела меня на…бать. Привезла туфли из Италии, им базарная цена 40 долларов, а она, б…дь, загнула 80!»

Улада заклапочана нацыянальнай бяспекай, якую бачыць у калючым дроце на межах, ва ўзброенай да зубоў арміі. А яна ў першую чаргу трымаецца на захаванасці роднай мовы, культуры, традыцый.

Трэба сумленна прызнацца — у Беларусі свядома і несвядома адбываецца самаліквідацыя нацыі. Такім ганебным чынам, прадаючы і знішчаючы ўсё роднае і дарагое, мы прыйдзем туды, адкуль гераічныя продкі, часта цаною ўласнага жыцця, вырываліся, — у «Северо-Западный край» Расійскай імперыі…

Дзякуй Вышэйшай Волі за тое, што я, магчыма, гэты сорам не ўбачу.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Штампоўка робатаў

Час для подзвігу

Сумніўныя знаходкі

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023