TOP

У Беларусь — на спектакль!

На нядаўніх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі была рэкордная колькасць назіральнікаў як з СНД, так і з Захаду. Краіну наведала шмат палітолагаў, журналістаў. Здзіўляе, што такая цікавасць выявілася тады, калі закаранелы аўтарытарызм канчаткова знішчыў палітычную канкурэнтнасць. 

Галоўная задача любога грамадства — не дапусціць усталявання ў краіне дыктатуры або аўтарытарызму. Гэтая небяспека падпільноўвала ўсе народы СССР, якія атрымалі незалежнасць, бо вопыту жыцця ва ўмовах свабоды і самастойнасці ў іх не было. Сталінізм, не пераможаны і сёння, падказаў тады ўладалюбцам-«банапарцікам», як трэба пакарыстацца маніпуляцыяй масавай свядомасцю, каб зноў усталяваць рэжым асабістай неабмежаванай улады.

Віна за новае цемрашальства, безумоўна, ляжыць на саміх народах, якія не вучацца на памылках. Ірландская пісьменніца П. Трэверс, якая ў 30-х гадах ХХ стагоддзя наведала СССР, іранічна канстатавала: «Ленин обнаружил, что медведи могут плясать, а Сталин догадался, как вдеть им в носы кольца, чтобы водить по улицам. Но не скрывается ли где-то там, за всей этой хитроумной эксплуатацией, желание самого медведя, чтобы его водили? Не по собственной ли воле люди выбрали тиранов, которые подыгрывают их самым глубоким инстинктам и освобождают от необходимости думать самостоятельно?» Як трапна і актуальна гучаць мудрыя радкі ў дапасаванасці да аўтарытарнай Беларусі!

Але гэта не ўся праўда пра тое, як нараджаецца такі рэжым. Міжнародная дэмакратычная супольнасць магла б дапамагчы постсавецкім народам не сарвацца ў прорву аўтарытарызму, бо ў яе ёсць рычагі, каб ставіць на месца ўзурпатараў улады. На жаль, эканамічны інтарэс перасільвае справядлівасць, мараль, і выходзіць, што за бензін і дызельнае паліва не сорамна абдымацца нават з «д’яблам», не звяртаючы ўвагі на тое, як яго «капыты» топчуць душы заняволеных людзей. Непераборлівасць заходніх палітыкаў, міжнародных фінансавых структур прывяла да ўмацавання на постсавецкай тэрыторыі цэлай зоны аўтарытарных рэжымаў, аб’яднаных кругавой парукай. Гэта небяспечны альянс.

Вось і даводзіцца Захаду пільна ўглядацца ў тое, што робіцца на Усходзе, вывучаць недэмакратычную «экзотыку», глядзець спектакль абсурду. А што новае шукалі ў Беларусі назіральнікі з СНД — здагадацца цяжка. Яны прыехалі адтуль, дзе таксама правяць аўтакраты, дзейнічае адміністратыўны рэсурс, ёсць «каруселі», падтасоўкі, падман пры падліку галасоў.

Кіраўнік выканкама СНД С. Лебедзеў бадзёра заявіў, што «выборы соответствовали принципам проведения демократических выборов, были прозрачными, открытыми и конкурентными», адзначыў «повышение политической зрелости» беларусаў. Відаць, на яго думку, «демократия» і «зрелость» будуць у нас абсалютнымі, калі яўка і колькасць галасоў за дзеючага прэзідэнта дасягнуць 100%!

Міжнародныя назіральнікі парадаваліся, што на выбарах не было прымусу. А на якой падставе яны прыйшлі да такой высновы? Можа, таму, што не бачылі вялікія калоны людзей, якія крочаць на выбарчыя ўчасткі пад наглядам аўтаматчыкаў? Дык гэтага не трэба рабіць, начальству дастаткова проста прыгразіць: рабочым — звальненнем з працы, вяскоўцам — тым, што не дапамогуць апрацаваць прысядзібныя ўчасткі, студэнтам — пазбаўленнем інтэрната, няздачай залікаў і экзаменаў. Пра вайскоўцаў гаворкі няма, у іх загад выконваецца беспярэчна. У мясцовай наменклатуры ёсць дзясяткі спосабаў эфектыўнага, патрэбнага ёй уплыву на людскі выбар. Прытым папярэджанні і пагрозы робяцца вусна, іх нельга прад’явіць як доказы ўціску.

«Что зашифровано в народном голосовании?» — такое «філасофскае» пытанне задало гледачам тэлебачанне па выніках выбараў. А я ніякай філасофіі ў 83,5% галасоў за прэзідэнта не знаходжу, бо з іх тырчаць вушы адміністратыўнага рэсурсу і фальсіфікацый. Хто не слізгае па паверхні беларускага жыцця, акцэнтуючы ўвагу на «цішыні і парадку», «чыстых вуліцах», «дысцыплінаваных пешаходах і вадзіцелях», а зазірае ўглыб, той разумее, як «спецыфічна» тут працуюць прэзідэнт, «вертыкаль», парламент, сілавыя структуры, суды, дзяржаўныя СМІ.

Безумоўна, можна на выбарчых участках арганізаваць магазіны і буфеты, нібыта людзі прыйшлі сюды з «галоднага краю» месяц не еўшы, стварыць канцэртамі, салютамі ілюзію нейкага «народнага свята». Але калі няма галоўнага — адкрытага, сумленнага падліку галасоў, то няма і выбараў. Добра, што гэта заўважылі і адзначылі заходнія прынцыповыя назіральнікі.

Бяда толькі ў тым, што выбарчы спектакль, які адбыўся, не будзе належным чынам высмеяны і асуджаны. Як і раней, аўтакраты свету павіншавалі калегу з «пераканаўчай перамогай», а дэмакраты, хоць і крытыкуюць узурпатара, але не забываюцца пра эканамічны аспект стасункаў з Беларуссю (30% экспарту ідзе ў Еўразвяз!). Гэта на руку рэжыму, для якога прагматычны падыход Еўропы з’яўляецца ратавальным, дапамагае трымацца на плыву.

Пасля адмены санкцый нічога пазітыўнага чакаць не даводзіцца. Будуць працягвацца здзелкі паміж афіцыйным Мінскам і Еўразвязам у дачыненні да лёсу беларускіх палітзняволеных, якія, на мой погляд, у маральным плане не надта адрозніваюцца ад гандлю людзьмі, што вядзецца тэрарыстамі ў розных кутках планеты.

У кожным народзе ёсць людзі, якія лёгка падладжваюцца пад любую ідэалогію і іерархію, не выключаючы дэспатычную і жорсткую. Такіх грамадзян у Беларусі шмат. Заходнія палітыкі і эканамісты заяўляюць, што, даючы краіне крэдыты, яны клапоцяцца пра просты народ. Сцвярджэнне сумніўнае. Беларусь, маючы 1551 долар гадавога прыбытку на дарослага жыхара (крыху горшы паказчык мае толькі Украіна — 1437 долараў, якая ўцягнута Расіяй у вайну), паказвае, што велізарныя сродкі і прэферэнцыі, атрыманыя за 20 гадоў з Усходу і Захаду, выкарыстаны ёю неэфектыўна.

Акрамя таго, у краіне ёсць людзі, якія не прымаюць аўтарытарызм. Хто думае пра іх? Расійскі літаратуразнаўца М. Елісееў расказвае, як грамадзяне адстойвалі свабоду і справядлівасць у таталітарным СССР: «Мы-то поименно знаем тех, кто так или иначе стену прошиб, и догадываемся чего это им стоило. А сколько было таких, кто разбился всмятку: спился, сошел с ума, покончил с собой?» Сучасная сітуацыя не лепшая. Няўжо не зразумела, што кожная ўступка аўтарытарызму значна змяншае магчымасць дэмакратычных перамен?

Пастаянныя ваяжы ў Беларусь расійскіх і ўкраінскіх журналістаў, многіх заходніх палітыкаў, палітолагаў нагадваюць прыезд у 1931 годзе ў СССР і размову са Сталіным брытанскага пісьменніка Б. Шоу. Госць, якога сустрэлі з кветкамі, сцягамі, аркестрам, ганаровай вартай, размясцілі ў шыкоўных апартаментах, аплочваючы чэкі на любую суму, быў задаволены бальшавіцкім парадкам, згадзіўся з тэрорам, расстрэламі ў барацьбе за ўладу, захапляўся дзяўчатамі, якія разгружалі вагоны з цэментам, не заўважыў масавага голаду. Вярнуўшыся дахаты, ён назваў СССР «адзінай надзеяй свету».

Прыкладна так нараджаюцца казкі пра рай у Беларусі. Але «суверенной демократии» і «особого пути» тут няма, а ёсць цынізм узурпатара ўлады, які зацята ўтрымлівае яе, наладжваючы час ад часу выбарчыя спектаклі.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Разбалансаванасць

На нашай вуліцы — свята

Мандраж

Выконваючы даручэнні

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.