Дзень памяці ахвяр сталінізму яшчэ раз напомніў, што я жыву ў дзяржаве неспасціжнага абсурду і зла. На Кальварыйскіх могілках, дзе ў крывавыя гады расстраляных «ворагаў народа» закапвалі ў дол уначы, цішком, хаваючы злачынствы, людзей з нацыянальным сцягам, з вянкамі і жалобнымі свечкамі сустрэлі прадстаўнікі спецслужбаў, трымаючы «наперавес» відэакамеры.
Далей усё было, нібы ў халтурных баевіках тэлебачання, кругласутачна спажываемых насельніцтвам. Загадчык могілак, па беларускай завядзёнцы ў камуфляжы, з ордэнам «Бить врага беспощадно» ад прадпрыемства «Сэнс—Геральдыка» на грудзях, заступіў людзям дарогу і запатрабаваў пісьмовы дазвол на правядзенне акцыі. Тлумачэнні пра тое, што ўшанаванне памяці продкаў не патрабуе ніякіх папер, а затым паказаныя афіцыйныя пасведчанні яго не супакоілі, ён доўга званіў у міліцыю.
Але група ўжо рушыла наперад у суправаджэнні «людзей у цывільным», адзін з якіх, фанабэрыста паказваючы, што іхняй «фірме», як і ў сталінскія часы, усё дазволена, знянацку моцна ўдарыў па фотакамеры актывіста. Мы ішлі па могілках, як па варожай тэрыторыі. Людзей з вянкамі і свечкамі нядобрым позіркам змерала нават прыбіральшчыца з мятлой і вёдрамі, якая збірала ля сцежкі смецце. Яна выявіла «выключную пільнасць», бо тэрмінова пачала абзвоньваць «вышэйшыя інстанцыі».
Што ж крамольнае адбылося на Кальварыйскіх могілках? Прадстаўнікі руху «Разам» у выступленнях выказалі павагу да бязвінна забітых савецкіх грамадзян, выклалі на траве, кранутай марознай шэранню, сімвалічны крыж з запаленых лампадак, паклалі вянок і праспявалі гімн «Магутны Божа». Затым яны працягнулі жалобны марафон па месцах знішчэння людзей, якіх шмат у сталіцы і ў яе ваколіцах.
Дык у чым справа? Чаму ўлада так баіцца кожнага шоргату ў людской масе, любой свабоднай праявы грамадскай актыўнасці? Адказ у народнай прымаўцы: «Ведае кошка, чыё сала з’ела!» Службовы люд Беларусі ў вялікай масе вызначаецца не толькі пыхлівасцю, прадажнасцю, сквапнасцю да грошай, да нерухомасці, клопатамі пра выгоды ўзурпатара ўлады і пра ўласныя інтарэсы, але і спавяданнем ідэі сталінскага парадку. Гэта тыповыя гадаванцы зла, якое ў СССР своечасова не было асуджана і пакарана, а таму пусціла карані ў наш дзень.
Тэмай сталінскіх рэпрэсій і пераадолення савецкага таталітарызму асабіста я займаюся ўсё свядомае жыццё. А пачалося з любові да чалавека, мною ніколі не бачанага, да дзядзькі — паэта Сяргея Ракіты (Сяргея Васільевіча Законнікава), што загінуў у ГУЛАГу і ў памяць пра якога мне далі такое ж імя.
У дзень, калі афіцыйна паведамілі пра смерць Сталіна, мы, чацвёра малых дзяцей дырэктара школы, сядзелі яшчэ сонныя на ложку ў прышкольным пакойчыку і няўцямна назіралі, як горка плакалі настаўніцы, як бацька з сухімі вачыма глядзеў у вакно, курыў пад расчыненай форткай і пра нешта моўчкі думаў.
Маўчанне парушыцца пасля атрымання даведкі пра рэабілітацыю. Са слоў бацькі і бабулі крыху высвеціцца трагічны лёс дзядзькі: арышт у 1936 годзе, мінская, магілёўская, горкаўская турмы. Праўда прыходзіла па драбніцы з розных крыніц, яна да канца яшчэ не праяснена. Апошнім прыпынкам С. Ракіты стаў лагер ля станцыі Сухабязводнае (Унжлаг), дзе ён, харчуючыся нішчымнай баландаю, працаваў на лесапавале, нарыхтоўваў драўніну для будоўляў, для выпуску шпал, лыж, зброі (прыклады да вінтовак, карабінаў, аўтаматаў). У ранніх вершах і ў трыпціху «Лесапавал» я, не ведаючы фактаў, выказаў версіі наконт ліста дзядзькі з просьбай накіраваць на фронт, удзелу ў лагерным паўстанні, новага тэрміну пакарання і нявысветленай смерці. Знойдзеныя дакументы пацвердзілі паэтычныя здагадкі. Відаць, пэўная генная тэлепатыя ўсё ж ёсць…
Можа, у дол пахавалі,
Можа, сняжком замяло…
На чалавекапавале
Нормы тады не было.
Гэтую страфу ўзяў эпіграфам да сваёй кнігі пакутнік сталінскіх турмаў і лагераў Павел Іванавіч Пруднікаў, які памятаў С. Ракіту. Я не выпадкова ўвёў у літаратуру новае жахлівае слова «чалавекапавал» і сказаў, што нормы не было. Якраз з Крамля заданні па знішчэнні людзей даводзіліся па ўсіх рэспубліках, але мелася на ўвазе тое, што планы перавыконваліся. Сам М. Хрушчоў — пазнейшы разбуральнік культу Сталіна — часта прасіў перагледзець лічбы ў бок павелічэння. Нават згодна заніжаных дадзеных НКУС, у 1937—1938 гадах расстрэльвалі ў сярэднім па 1000 (!) чалавек у дзень.
Чаму я расказаў пра дзядзьку? Таму што пакуты родзіча можна зразумець глыбей, чым абстрактнага чалавека, а яшчэ — у яго лёсе адлюстравалася трагічная доля соцень тысяч беларусаў.
Народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў у прадмове «Народ на Галгофе» да маёй кнігі паэм «Гэта мы» напісаў: «Пад гэтаю «расьпятай зоркай» нацыя змушана існаваць, мабыць, ад часоў пралетарскай рэвалюцыі ў Расеі. Менавіта тады Беларусь узышла на Галгофу з дзесяткамі і сотнямі «Курапатаў» на ёй. Сярод іх, безумоўна, — і нядаўна моўчкі адкрытыя «Цівалі» — жахлівае месца зьнішчэньня людзей разам з жывёлай. І нават іх пасьмяротнае вынішчэньне з дапамогай зусім сучаснага сродку тэхналагічнай эпохі — напалму. Каб не засталося ні сьледу, ні крыжа, ні памяці.
Так, сьледу на спаленай зямлі можа і не застацца, можа нічога не захавацца ў дбайна падчышчаных архівах, але нішто не зьнікае з душаў людзей. Людзкія пакуты і людзкая кроў бяз сьледу не мінаюцца нават на Беларусі, якая ня першае стагодзьдзе ідзе «дарогай у нікуды», дзе воля «толькі сьніцца», а «слава разьлятаецца, як дым». Каб народнае гора не разьляцелася, як дым, спакон часу існаваў фальклёр, а цяпер, пакуль яшчэ ня спрахла родная мова, ёсьць паэзія, якая ўсё бачыць і на ўсё рэагуе».
Пасля такіх пранікнёных слоў жудасна чытаць у інтэрнэце наступны опус: «Что такое 600 тысяч или даже 800 тысяч репрессированных, расстрелянных людей в Беларуси по сравнению с достижениями СССР при Сталине — индустриализация, коллективизация. Притом эти мрачные цифры, видимо, придумал З. Позняк». Сотні нанятых і самадзейных троляў у жалобныя дні аплёўвалі памяць ахвяраў Сталіна, а яму спявалі хвалу. Карыстальніца інтэрнэта піша: «Растет поколение, которое думает, что репрессии с 1917 по 1953гг. придумал Солженицын. Вот что грустно. И не менее грустно, что имеются те, кому очень выгодно, чтобы росло поколение, которое ТАК думает и у кого руки чешутся повторить». Яшчэ адзін аўтар дадае: «Сейчас не расстреливают, но тоже хорошего мало».
Сталін стараўся сваіх халуёў запэцкаць крывёю ахвяр. Сёння аўтакраты адказнасць за ўласныя злачынныя рашэнні ўскладваюць на насельніцтва — так захацеў народ. Вось чаму актуальна гучаць словы выдатнага француза Шарля дэ Голя: «Сталін не адышоў у мінулае, ён растварыўся ў будучым»…
Загадчык Кальварыйскага пагоста, які блытаецца ў трох соснах айчыннай гісторыі, не ведае таго, што ўсе яго папярэднікі — вартаўнікі могілак у сталінскі час — былі рэпрэсіраваны, бо лішнія сведкі забойцам не патрэбны.
«В государстве должен быть порядок?» — грозна пыталася камуфляжная асоба ў людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць продкаў, што загінулі ад рук сталінскіх катаў за нацыянальную і чалавечую годнасць, за незалежную Беларусь. Відаць, парадкам служкі аўтарытарызму лічаць магільную цішыню.
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…