TOP

Цень двухгаловага арла

У герб Расійскай імперыі двухгаловы арол трапіў з Візантыі. Яго прывезла ў 1472 годзе нявеста вялікага князя, будучага маскоўскага цара Івана ІІІ Соф’я (Зоя Палеолаг). Камбінацыя выявы магутнага драпежнага птаха з мясцовым гербам у выглядзе Георгія Перамоганосца прыжылася і стала галоўным атрыбутам самадзяржаўя.

Пад двухгаловым арлом Масковія заваёўвала яраслаўскія, наўгародскія, цвярскія, пермскія землі, пашырала свае ўладанні ва ўсе бакі свету, паступова вырастала ў гіганцкую дзяржаву. Пры ўсіх царах у герб уносіліся змены, але грозны драпежнік заставаўся яго асноўным складнікам.

З прыходам бальшавікоў царскія атрыбуты былі адменены, ды нябачны воку цень двухгаловага арла ўсё ж прысутнічаў у жыцці СССР. Пра гэта сведчылі новая ўзурпацыя ўлады кіраўнікамі камуністычнай партыі, татальная русіфікацыя, якая праводзілася актыўна і кардынальна закранула кожны народ, што ўваходзіў у велізарную савецкую імперыю.

Пісьменнік Л. Зорын канстатуе: «Россия, почти уже четверть века не выходящая из состояния непрекращающейся войны, менявшей только внешний свой облик, должна была себя ощущать со всех сторон осажденной крепостью — лишь так она могла существовать в устойчиво-нищенской повседневности с разрушенным сверху донизу бытом, с крестьянством, отторгнутым от земли, либо заполнившим города, либо насильственно сбитым в артели, утратившим и образ, и смысл привычной тысячелетней жизни». Аналізуючы праўленне І. Сталіна, ён кажа: «Вместо народа ему потребовалось население, вместо соседей — враги, вместо друзей — лишь сателлиты».

Сапраўды, пра якое сяброўства магла ісці гаворка? Савецкі Саюз душыў імкненне людзей да свабоды ў Польшчы, ГДР, Венгрыі, Чэхаславакіі, вёў дзясяткі лакальных войнаў у розных кутках свету. Гэта праўда гісторыі! А на патугі аўтарытарнай прапаганды пераканаць беларусаў і расіян, што ва ўсіх ваенных канфліктах вінавата Амерыка, рэагуюць толькі закончаныя дэбілы.

Асноўнай мэтай існавання савецкай эканомікі тады стала мілітарызацыя. На ваенна-прамысловы комплекс, на армію працавала ўся краіна. Артыкулы ў бюджэце, якія тычыліся ўзбраення, былі засакрэчанымі. На ваенныя выдаткі грошы кідаліся нікім не мераныя і не лічаныя, што прывяло да небяспечнай перанасычанасці ўзброеных сіл асобнымі відамі боепрыпасаў, да праблем са знішчэннем хімічнай, бактэрыялагічнай зброі, з утылізацыяй старых мін, снарадаў і ракет.

Сталінскія традыцыі жывучыя, іх уплыў адчуваецца і ў ХХІ стагоддзі. У арсеналах Расіі і Беларусі яшчэ зараз даводзіцца змагацца з пажарамі, якія ўзнікаюць не толькі з прычыны безгаспадарчасці, але і ад самаўзгарання пратэрмінаванай прадукцыі.

Дарэчы, як масавыя крадзяжы, так і марнатраўства ў арміі — невыводныя. Затаваранае Міністэрства абароны РФ сёлета выставіла на аўкцыён марскія судны, аўтамабілі, хромавыя чаравікі, ватоўкі, якія няма куды дзець…

Трэба сказаць, што вайсковае жыццё ніколі не абыходзіцца без хлусні. На генеральнай рэпетыцыі парада Перамогі раптам заглох новы расійскі танк «Армата». Крэмль паведаміў для насельніцтва, што гэта яго спецыяльна заглушылі, бо ішла «трэніроўка эвакуацыі тэхнікі».

У час урачыстасцяў хацелі даставіць сцяг Перамогі на касмічную арбіту. Але згарэў карабель-транспарціроўшчык. Тады было бессаромна аб’яўлена, што сцяг ужо знаходзіцца на міжнароднай касмічнай станцыі.

Аўтакраты, якія красуюцца на ваенных парадах, таксама дэманструюць цынічную хлусню. Расійскі прэзідэнт даў каманду сілавікам захапіць Крым — тэрыторыю братняй (!) краіны, затым публічна прызнаўся ў злачынстве, што было растыражавана СМІ ўсяго свету, а пасля з трыбуны ААН абрынуўся на заходніх палітыкаў: «Что вы натворили с Украиной?» Абвінавачваннямі ў адрас ЗША яму падпеў беларускі кіраўнік.

Калі згадваеш, як бедна жыве расійская глыбінка, з якімі цяжкасцямі бацькі збіраюць грошы для смяротна хворых дзяцей, як пасля вяселля маладыя сем’і бядуюць без жылля, то рашэнне У. Пуціна браць сродкі для забеспячэння вайскоўцаў з Рэзервнага фонду здаецца неверагодна кашчунным. Прытым 20% дзяржаўнага бюджэту ўжо аддадзены на патрэбы арміі. Толькі ў Сірыі на баявыя дзеянні кожны дзень выдаткоўваецца мінімум 2,5 мільёна долараў.

Расія звыкла ваяваць, без нейкага змагання яна існаваць проста не можа. Тое, што, згодна сацыялагічным апытанням, мілітарысцкую палітыку Пуціна падтрымліваюць 90% расіян, надзвычай жахліва, але заканамерна. Масавая ўхвала ваенных дзеянняў — гэта даўняя традыцыя суседзяў. У падмаскоўным горадзе Адзінцова карэспандэнты апыталі жыхароў наконт баёў Расіі ў Сірыі. Большасць не знайшла на карце свету гэтую краіну, але гатовая паслаць туды сваіх дзяцей ваяваць.

У перадачы «Время покажет» (АНТ) хамавата-ваяўнічы вядучы П. Талстой, які рэгулярна абражае суседзяў, паднавіў выказванне цара Аляксандра ІІІ: «У России нет надежных союзников, кроме армии, флота… и средств массовой информации». Крыху раней палітыкамі і журналістамі ў гэты ганаровы ранг былі ўзведзены спецслужбы.

«Новы саюзнік» штодня вядзе масіраваную слоўную бамбардзіроўку суседніх краін. З экранаў журналісты і запрошаныя госці адкрытым тэкстам заяўляюць, што «Белоруссию, Украину, Приднестровье, Молдову» трэба вярнуць у межы «великой России», і гэта будзе абавязкова зроблена.

Мяне — грамадзяніна Рэспублікі Беларусь — абурае тое, што мясцовае тэлебачанне рэгулярна транслюе правакацыйныя расійскія перадачы, у якіх ідзе гаворка пра захоп нашай краіны. Чаму кіраўнік не навядзе тут парадак? Ці, можа, незалежнасць Беларусі, у вернасці якой ён пастаянна клянецца, для яго не такая дарагая, як гэта агучваецца з трыбун?

Калі бачыш агрэсіўны настрой расіян і палахлівую, лакейскую пазіцыю беларускіх вярхоў, то сапраўды становіцца боязна за Айчыну. Усё не так бяскрыўдна. Стваральнікі «русского мира» на поўным сур’ёзе лічаць, што беларусы і ўкраінцы не маюць права на ўласную краіну. Імперыя, якая сілаю падграбала пад сябе чужыя тэрыторыі, трымаецца за іх не рукамі, а зубамі.

Жыхары Беларусі забыліся пра тое, што наш народ знаходзіўся ў ценю расійскага арла на працягу стагоддзяў. Нацыянальны стан і дух у яго намнога больш аслабленыя, чым у братоў-украінцаў. Складнікамі патрыятызму ў нас не сталі родная мова, культура, уся вялікая гісторыя, ён злачынна аблегчаны, будуецца толькі на гонары за перамогу продкаў у Вялікай Айчыннай вайне.

У Беларусь не трэба прысылаць «каляровых чалавечкаў» з Расіі. Яны ўжо тут ёсць: у чорных масках і ў такім жа адзенні, пярэстыя, зялёныя. Трэба толькі аддаць каманду, і гэтыя людзі памяняюць герб на двухгаловага арла, сцяг — на трыкалор так, як ірвалі ранейшы сцяг і збівалі з фасадаў «Пагоню».

Тутэйшы люд успрыме абразлівыя дзеянні абыякава, бо ён не рэагуе ні на будаўніцтва АЭС, ні на размяшчэнне чужых ваенных аб’ектаў. Аднойчы мы можам прачнуцца ў зноў-такі аўтарытарнай, ды зусім іншай краіне…

Пад крыламі двухгаловага расійскага арла да пары да часу беларускаму пеўню жывецца няблага, ён клюе суседскія зярняты, ганарліва распускае хвост і кукарэкае ўсё што ўзбрыдзе ў галаву. Але нельга забывацца: адна з птушак — драпежнік, а другая — патэнцыяльная здабыча.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Шулерскія сакрэты

Канкрэтны чалавек

Гадаванцы зла

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.