Ненатуральны адбор

Галоўная ўмова стабільнага стану грамадства — гэта не толькі выкананне чалавекам агульнапрынятых культурных і маральных нормаў, але і абарона ім пачуцця ўласнай свабоды і годнасці. Такія людзі не з’яўляюцца па ўзмаху «чароўнай палачкі», а ўяўляюць сабою вынік адладжанай сістэмы якаснай адукацыі, гуманістычнага выхавання, магчымасцяў для самарэалізацыі. 

Гісторыя чалавецтва пераканала, што ўсталяванне ў краіне дэмакратычнага ладу выводзіць народ да цывілізаванага жыцця. У такіх умовах адбываецца сумленная канкурэнцыя паміж людзьмі, натуральны адбор лепшых грамадзян, якія выходзяць на вядучыя пазіцыі ў вытворчасці, навуцы, адукацыі, культуры, на адказныя пасады ў дзяржаўным кіраванні. Тады ёсць стабільны прагрэс.

У ХХ стагоддзі ў СССР на аснове камуністычнай ідэалогіі быў праведзены маштабны штучны адбор, які скончыўся трагічна для дзясяткаў мільёнаў людзей і для краіны. Ён пачаўся адразу пасля прыходу да ўлады ў 1917 годзе фанатычных бальшавікоў. Чалавек мог трапіць у расстрэльныя спісы, у ГУЛАГ нават з-за сацыяльнага паходжання.

Асаблівы размах крываваму ненатуральнаму адбору надаў І. Сталін, які на доўгія 30 гадоў захапіў уладу, стварыў непераўзыдзены культ сваёй асобы. Знішчэнне грамадзян, якія не прымалі палітыку тырана, і проста людзей, што «не ўпісваліся» ў яго цемрашальскія стратэгічныя планы, набыло гіганцкія памеры. Напрыклад, у 1939 годзе Сталін аддаў загад аб знішчэнні 20 тысяч польскіх афіцэраў (сярод іх былі і ўраджэнцы Беларусі), а дакумент на расстрэл 4 тысяч падпісаў уласнаручна. Пасля развалу СССР прэзідэнт Расіі Б. Ельцын перадаў сакрэтныя матэрыялы польскаму кіраўніку Л. Валенсу.

Яшчэ адзін жорсткі ненатуральны адбор правяла другая сусветная вайна. У ёй найперш гінулі людзі высокага грамадзянскага абавязку, патрыёты, рамантычныя, светлыя асобы як юнага, так і пажылога ўзросту, словам, таленавітыя, сумленныя, лепшыя. Тут варта згадаць курсантаў ваенных вучылішчаў, якія ў 1941 годзе з прымітыўнымі гарматамі сталі на шляху фашысцкіх танкаў, інтэлегентаў народных апалчэнняў, што ішлі ў бой з адной вінтоўкай на пяцярых, дзяўчатак-санітарак, каму часта толькі цаною ўласнага жыцця ўдавалася ўратаваць параненых салдат і афіцэраў.

Мне давялося прачытаць шмат дакументальных матэрыялаў пра блакадны Ленінград. Людзі выжывалі любымі спосабамі, некаторыя ад лютага голаду вар’яцелі, быў канібалізм, але большасць не страціла чалавечага аблічча. У ленінградскім музеі я ўбачыў працоўную кніжку аднаго з гараджан, дзе запісана: «Не вышел на работу в связи со смертью».

Здавалася, што пасля страшнага ненатуральнага адбору, які наладзілі Сталін і Гітлер, новыя пакаленні людзей будуць больш асцярожнымі ў выбары кіраўнікоў, наладзяць дэмакратычнае жыццё, не аддадуць на глум свае свабоды і правы. Але ў постсавецкіх незалежных краінах усталяваўся мясцовы аўтарытарызм, які мае падабенства з ранейшым ладам.

Дзеля справядлівасці зазначу, што ў пазнейшы савецкі час кадравы адбор набыў пэўную натуральнасць. Перш чым узначаліць калектыў, кіраваць іншымі, чалавек павінен быў паказаць сябе прафесіяналам у працы, а ў бытавых паводзінах выявіць належныя маральныя якасці. Практычна ўсе былі навідавоку, злачынствы і парушэнні «сацыялістычных нормаў» строга караліся. Гэта не азначае, што ў вярхах тады зусім не мелася карупцыі, а ўнізе — дробных крадзяжоў, ды дзяржаўныя матэрыяльныя страты не вымяраліся астранамічнымі лічбамі і амаральныя ўчынкі не лічыліся «геройствам», як цяпер.

Сучасны кіруючы апарат Беларусі ў многім капіруе стыль дзейнасці ЦК КПБ, але стала намнога больш чынашанавання, падхалімства, паддывановай барацьбы, зайздрасці, стукацтва, падседжвання, пустой паператворчасці, непатрэбнага кантралявання, а прафесіяналізм, інтэлектуальны і маральны ўзровень прыкметна знізіліся, пра што сведчаць правалы ў эканоміцы, у сацыяльнай сферы, пастаянныя карупцыйныя скандалы. Чыноўнікі «новага разліву» адрозніваюцца ад савецкіх тым, што нават самыя дробныя з іх не баяцца злоўжываць службовым становішчам, нахабна крадуць, купаюцца ў гламурнай раскошы. У краіне створаны клас наменклатуры, які практычна не падпарадкоўваецца Канстытуцыі і законам, які не дзеліць з насельніцтвам усе жыццёвыя цяжкасці. Гэта паралельны свет, далёкі ад рэчаіснасці. Чыноўнікаў — сваю прыкормленую ахову і падтрымку — клапатліва апякае і паблажліва судзіць толькі вярхоўны правіцель.

У практыку вярнуўся амаль сталінскі, ненатуральны адбор. Шлях наверх ідзе праз уменне дагадзіць вышэйстаячаму, здрадніцтва ўласнаму сумленню, адмаўленне ад пачуцця годнасці і ўрэшце ад свайго «я», падмену існага сябе робатам. Аўтарытарная сістэма ахвяруе любым таленавітым, сумленным чалавекам, калі ён нават не выступае супраць, а толькі крытыкуе яе.

Улада публічна заклікае грамадзян да актыўнасці, але на бюракратычным узроўні цішком і адкрыта пярэчыць гэтаму працэсу: навошта ініцыятыўныя? Навошта смелыя? Навошта праўдзівыя? Нам патрэбны толькі паслухмяныя!

Пры аўтарытарызме няма натуральнага грамадскага руху. Дзеянні ўнізе, якія ў дэмакратычных умовах забяспечваюць нараджэнне актывістаў, лідараў з народа, не прымаюцца. Бюракраты, якім усё новае, нешаблоннае нібыта сярпом па адным месцы, рэжуць на карані патрэбныя ініцыятывы і праекты, а сілавікі жорстка разганяюць пратэстныя акцыі.

У Беларусі не праведзена дэсаветызацыя, не ўзяты курс на нацыянальнае адраджэнне, як у многіх іншых былых рэспубліках СССР. Улада дагэтуль не зразумела, што шкоду, нанесеную роднай мове і культуры татальнай русіфікацыяй, трэба нейтралізоўваць, займацца нацыянальным будаўніцтвам. Нацыя, калі хоча выжыць, павінна навучацца і выхоўвацца на родным грунце, што не перашкаджае беларусам валодаць іншымі мовамі!

Савецкае мінулае (выключэнне адно — перамога ў Вялікай Айчыннай вайне) у нашай краіне афіцыйна ахайваецца, але адначасова яго атрыбуты захоўваюцца. Гэта бачна нават у назвах гарадскіх і пасялковых вуліц, плошчаў, прадпрыемстваў, устаноў, газет. Візуальная прастора запоўнена прозвішчамі людзей, якія не маюць да Беларусі ніякага дачынення, акрамя толькі таго, што сілай навязвалі тут уласнае разуменне шчаслівага жыцця. А скончылася ўсё трагедыяй. Ад злавеснай аўры, якая адмоўна ўплывае на нас, на дзяцей і ўнукаў,трэба хутчэй пазбаўляцца…

У выніку доўгага ненатуральнага адбору адбылася дэградацыя грамадства. Беларусы страцілі патрэбныя для прыстойнага жыцця якасці — самапавагу, мужнасць, смеласць, здольнасць змагацца з гвалтам, а набылі прыніжанасць, страх, пакору, халуйства.

Сярод нас ёсць савецкія артадоксы, якія жывуць па старых мерках, вырасла нахабнае, абмежаванае, сквапнае племя гадаванцаў аўтарытарызму, а людзі дэмакратычнай скіраванасці і ўмеранага спажывання моцна прыдушаны адміністратыўным прэсам.

Жыццё Беларусі характарызуецца размытай формулай чыноўнікаў «Надо как-то чего-то делать» і абыякавым выразам насельніцтва «Неяк жа будзе». Такому падвешанаму стану, за якім настане немінучая расплата, не пазайздросціш!

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Цень двухгаловага арла

Шулерскія сакрэты

Канкрэтны чалавек

Гадаванцы зла

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023