Ніжэй плінтуса
Аўтарытарная ўлада не трансліравала па тэлебачанні цырымонію ўручэння Нобелеўскіх прэмій, нягледзячы на тое, што лаўрэатам у галіне літаратуры стала грамадзянка Беларусі Святлана Алексіевіч. Але замаўчаць выдатную падзею не ўдалося. Сотні тысяч землякоў глядзелі ўрачыстасць у інтэрнэце.
Добра, што мясцовая цэнзура дзейнічае толькі на ўласным цемрашальскім хутары, а таму не можа, як казаў наш славуты байкар К. Крапіва, засланяць аслінымі вушамі сонца. Праз розныя СМІ беларускую пісьменніцу ўбачылі, пачулі і запомнілі мільёны людзей на планеце. Яны зразумелі, што свабодная думка, непаўторнае слова нараджаюцца ў любых, нават самых неспрыяльных умовах. Па вялікім рахунку ўсё залежыць ад самога літаратара, яго таленту.
Шлях пісьменніцы да глыбокага разумення і майстэрскай перадачы тонкіх зрухаў чалавечай душы быў складаным. Літаратурны жанр, які яна выбрала, патрабуе максімальнай змабілізаванасці ўсіх сілаў: не толькі душэўных, але і фізічных. Памятаю, як Святлана пачынала, бо даводзілася гутарыць з ёю ў той час, калі яна запісвала галасы сваіх самых першых герояў. Затым былі тысячы кіламетраў вандровак, гутаркі сам-насам з няпростымі людзьмі, асэнсаванне невераемных падзей і складаных пачуццяў. А цяпер ёсць пяць вагомых кніг, на якія пакладзены лепшыя гады жыцця смелай, настойлівай жанчыны і якія значна пашырылі нашы веды пра чалавека. Яны справядліва адзначаны вышэйшай літаратурнай узнагародай.
Святлана жыла ў заідэалагізаваным СССР, дзе нас з малых гадоў вучылі палітыцы: як трэба правільна думаць, гаварыць і нават любіць. Перш за ўсё любіць правадыроў: Леніна, Сталіна. Чым такая навука заканчваецца, сведчыць прызнанне паўночнакарэйскага паэта Чан Джын Сона: «Я ўвесь належу яму, увесь да астатку, да самых кончыкаў веек». Гаворка ідзе пра дыктатара Кім Чэн Іра (1941 — 2011).
Расійскі пісьменнік Б. Акунін, аглядаючыся на савецкі перыяд, канстатуе: «Тоталитарная власть стремится прибрать литературу к рукам, посадить писателя в золотую клетку, сделать живого соловья механическим. А тех, кто не хочет, подвергает преследованию и казням». Святлана заняла месца сярод літаратараў, якія змаглі вырвацца на сапраўдную творчую свабоду.
Пра ідэалагічную разняволенасць і складаныя душэўныя перажыванні пісьменніцы пры ацэнцы сучаснага стану чалавецтва сведчыць яе бліскучая прамова на ўручэнні ўзнагароды, якую раіў бы прачытаць усім грамадзянам краіны.
Швецыя ўмее праводзіць нобелеўскія ўрачыстасці на высокім эстэтычным узроўні. Яны выгадна выглядаюць на фоне самых значных мерапрыемстваў сусветнага маштабу.
Як ні круці, а па беларускім тэлебачанні трэба было б паказаць хоць бы рэпартаж з урачыстасцяў, бо падзея сапраўды выдатная — упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі яе грамадзянка стала Нобелеўскім лаўрэатам. Калі яшчэ такое будзе? Не думаю, што мы — цяперашнія — дачакаемся.
Але замест таго каб ганарыцца пісьменніцай і роднай Беларуссю, даць землякам магчымасць убачыць хвалюючыя хвіліны, ідэолагі пачалі тапіць знамянальны факт у ідыёцкай прапагандысцкай балбатні і розных вывертах. Асаблівым цынізмам вызначыўся аўтар перадачы «Как есть» (АНТ), дзе быў замяшаны інфармацыйны «вінегрэт»: бабуля, якая, «наеўшыся» бандыцка-міліцэйскіх тэлебаевікоў, напала на разносчыцу пенсій, безбілетніца, якая ўцякала ад кантралёра праз фортку тралейбуса, і … нобелеўскі лаўрэат.
Каментатары пазіцыяніруюць сябе «палымянымі патрыётамі», «вялікімі інтэлектуаламі», «тонкімі іранізёрамі», заклікаюць «купляць беларускае», носячы між тым замежныя гарнітуры, абутак, гадзіннікі, карыстаючыся не сваёй мовай, стараючыся гаварыць выключна «по-рюсски». Але ў паводзінах яны нічым не адрозніваюцца ад тралейбуснай кантралёркі, што вызверылася на ахвяру: «Задумала уйци чараз фортачку! Ваабшчэ трындзец!»
Дзікунскі выпадак у транспарце падказаў метафару. Якраз аўтарытарны кіраўнік і яго лакеі сёння лезуць «праз фортку» ў дэмакратычную Еўропу, каб трапіць у кола прыстойных людзей. Але з гэтага нічога не атрымліваецца, бо «дзяўчына можа выехаць з вёскі, а вёска з яе — не».
Ёсць класічнае вызначэнне: «вясковы ідыятызм». Яго часта згадвалі ў сваіх творах класікі марксізму-ленінізму. Новы час і спецыфічныя палітычныя абставіны ўнеслі карэктывы. У нашай аўтарытарнай краіне нарадзіўся і ўмацаваўся ідыятызм «тэлевізійных» беларусаў. Гэтыя людзі жывуць як у вёсцы, так і ў горадзе, яны бяздумна паўтараюць прапагандысцкую хлусню, якую абрынае на іх галовы блакітны экран, і яшчэ наверх дадаюць прыдумкі, уласную дурноту. Так узнікае свядомасны і гутарковы кашмар. Тым, хто сумняваецца ў маіх высновах, раю прачытаць размешчаны ў інтэрнэце рэпартаж вядомага журналіста З. Бартосіка «Трактар ад Алексіевіч» з мясцін, дзе пісьменніца некалі жыла і вучылася ў школе.
Б’юць пад дых невераемнае бескультур’е і ваяўнічае цемрашальства былых і сённяшніх настаўнікаў — авангарда вясковай інтэлігенцыі. Гэта яны сядзяць у выбарчых камісіях, ахоўваюць аўтарытарызм, дзеля якога нават не шкадуюць свайго сумлення, займаючыся фальсіфікацыямі і падтасоўкамі. Творчасць С. Алексіевіч ім надта не падабаецца, бо пісьменніцу не прызнае сам прэзідэнт, а ён жа — «найгалоўнейшы дока, спецыяліст ва ўсіх галінах».
Чытаеш глупства, якое вярзуць услед за тэлевізарам людзі з вышэйшай адукацыяй, і згадваеш словы Л. Талстога, занатаваныя ім у дзённіку ў 1909 годзе: «Университет готовит не таких людей, каких нужно человечеству, а каких нужно испорченному обществу».
Прайшло больш ста гадоў, ды праблема падрыхтоўкі разумных, думаючых спецыялістаў для школы застаецца нявырашанай. Часта грамадзяне Беларусі проста жахаюцца: хто вучыць нашых дзяцей і ўнукаў?!
Дзеля справядлівасці зазначу, што гонар вёсак, дзе навучалася Святлана, як месцажыхарства адэкватных людзей уратавалі механізатары, якія маюць кнігі пісьменніцы ў хатніх бібліятэках і радуюцца яе поспеху.
Але больш за ўсё ўразіла негатыўная рэакцыя на прэмію многіх расійскіх пісьменнікаў і беларускіх калег. Каму, калі не творцам, вядома, як нялёгка даецца літаратурная перамога? Але першыя крычаць пра «единый народ», «один язык», ды не радуюцца за суседку, якая піша на рускай мове. А другія не могуць змірыцца з тым, што слава прайшла міма іх.
Помста ўлады Святлане за іншадумства, прафесійная зайздрасць, дурнота абывацеляў выклікаюць у маёй душы агіду і грэблівасць. Акрамя таго, трэба сумленна прызнаць, што ўвогуле наша раз’яднанае, запалоханае грамадства абсалютна неадэкватна рэагуе на падзеі ўнутры краіны і ў свеце. Такі стан пагражае выліцца ў нацыянальную катастрофу…
У канкрэтным выпадку ясна бачыцца адно: сваім хамскім стаўленнем да прысуджэння і ўручэння С. Алексіевіч Нобелеўскай прэміі па літаратуры аўтарытарная ўлада, яе ідэолагі і частка грамадства ў маральным плане апусціліся ніжэй плінтуса.
Рэакцыя на падзею не патрабавала ад беларусаў вялікіх намаганняў. Калі Святлану сустракалі са Стакгольма ў аэрапорце, то сотні людзей з кветкамі ў руках скандзіравалі простае, але дакладна дапасаванае да сітуацыі слова: «Дзякуй!»
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: