Чаканне

Радасны настрой і прыемныя клопаты, з якімі людзі сустракаюць самыя любімыя святы, не могуць засланіць важнейшых праблем апошняга часу. Практычна амаль кожны жыхар Беларусі адчувае на сабе цяжар глабальнага эканамічнага крызісу і складаных міжнародных адносін у сучасным свеце.

Да агульных непрыемных абставін, якія ўплываюць на пагаршэнне якасці чалавечага жыцця, у нас дадаецца яшчэ даўні бар’ер мясцовага паходжання. Беларускае грамадства як увайшло пасля кастрычніцкага перавароту 1917 года ў дрымотны стан сацыяльнага чакання, так і застаецца ў ім.

Лозунгі абывацеляў вядомыя: «Зрабіце нам прыгожа! Хлеба і відовішчаў!» Большасць людзей спадзяецца не на сябе, а на ўладу. А тая сама не гатовая да выклікаў часу і не мае жадання працаваць па-новаму, сумленна і якасна. У кіраўнікоў на першы план выйшлі задавальненне ўладалюбства і як мага хутчэйшае ўласнае матэрыяльнае абагачэнне.

З савецкага мінулага новай Беларусі трэба было ўзяць усё лепшае, а кепскае без шкадавання адкінуць і рухацца далей. Але аўтарытарная ўлада вырашыла не выпрацоўваць сучасную стратэгію развіцця, не абнаўляць палітычную сістэму і эканоміку, не займацца нацыянальным адраджэннем, не ўмацоўваць агульную культуру і мараль, а толькі падмарафеціць былы таталітарны лад. Яна выцягвае запыленыя сталінскія лякалы і спрабуе па іх фастрыгаваць будучыню незалежнай краіны. Такі падыход не вырашае наспелых праблем, зноў заганяе грамадства ў тупік.

Беларуская сітуацыя ў палітыцы і эканоміцы, калі рэжым расцягнуўся ў няўклюдным шпагаце паміж Усходам і Захадам, заняўся махлярствам і шантажом, абвесіўся шматлікімі пазыкамі, за якія давядзецца разлічвацца нашчадкам, падобная на тую, што склалася ў СССР перад Вялікай Айчыннай вайной. Тады на савецкую краіну насоўвалася грозная бяда, а яе кіраўніцтва жыло чаканнем цуду, спадзяваннем, што спрацуюць абяцанні, дамоўленасці, што неяк усё абыдзецца. Вусаты правадыр карміў прапагандысцкімі казкамі пра шчаслівае жыццё, пра непераможную сілу арміі і флоту савецкі народ, а той верыў.

На дакладной запісцы аб эвакуацыі з Масквы 1,4 мільёна чалавек у выпадку вайны Сталін 5 чэрвеня 1941 года саманадзейна пазначыў: «Т-щу Пронину. Ваше предложение о «частичной» эвакуации населения Москвы в «военное время» считаю несвоевременным. Комиссию по эвакуации прошу ликвидировать, а разговоры об эвакуации прекратить. Когда нужно будет и если нужно будет подготовить эвакуацию — ЦК и СНК уведомят Вас». Магчыма, нехта скажа: «А што тут кепскага? Бачыце, якая жалезная воля, якая вытрымка была ў правадыра! Ён не паддаваўся паніцы!» Але, калі згадаць, што ў першыя месяцы вайны 40% насельніцтва і 90% цяжкай прамысловасці краіны апынулася на занятай фашыстамі тэрыторыі, што Чырвоная Армія (за выключэннем асобных гераічных, самаахвярных пагранзастаў і ўмацаваных раёнаў) ганебна адступала, несла страшэнныя страты, што сам крывавы тыран пасля 22 чэрвеня быў у прастрацыі, схаваўся на ўрадавым лецішчы і толькі паўтараў: «Просрали Россию!», то становіцца бачнай высокая цана перабольшвання магчымасцяў, шапказакідальніцтва, злачыннай заспакоенасці.

Пасля вайны, якую выйгралі коштам гібелі мільёнаў людзей, грамадзяне СССР, знаходзячыся пад прапагандысцкім гіпнозам, на поўным сур’ёзе чакалі пабудовы рэальнага камунізму. Але ён застаўся толькі ўтопіяй.

Сёння многія беларусы зноў паўтараюць тэлевізійныя агіткі, ацэньваюць становішча так, як загадвае начальства, і знаходзяцца ў звыклым чаканні лепшага жыцця. Гэта зразумела, бо 70% насельніцтва жыве даволі сціпла, ледзьве зводзячы канцы з канцамі.

А ці ёсць у нас людзі, якія паляпшэння дабрабыту не чакаюць? Безумоўна, ёсць! Найперш, гэта кіраўнік краіны, які мае такую ўладу і матэрыяльныя даброты, якія яму калісьці нават не сніліся, а таму ён вельмі задаволены сваім становішчам. Куды ўжо лепш, трэба захаваць тое, што маецца! Калі адкінуць прапагандысцкую балбатню і дэмагогію, то літаральна ўсё, што ім трэцяе дзесяцігоддзе робіцца, скіравана на ўтрыманне ўлады.

Каля «неасамадзержца» выраслі два пласты людзей, якія таксама радуюцца, што ў іх ёсць усё. Першы пласт — гэта чыноўны люд, дэпутаты, сілавікі, а другі — прыўладныя бізнесоўцы. Яны моляцца на існуючую сістэму і будуць абараняць яе, як выказаўся некалі ваяўнічы бюракрат, «з гранатамётам у руках».

Кіраўнік і яго падручныя не зацікаўленыя ў тым, каб усё насельніцтва жыло добра, не ствараюць для прадпрымальніцтва належных умоў. Яны баяцца заможных людзей, бо тыя не прымаюць камандны прыгнёт, хочуць думаць і дзейнічаць на волі.

Рэжым кідае народ у цяжкую барацьбу за элементарнае выжыванне, бо кожнаму трэба харчавацца, апранацца, абувацца, аплочваць іншыя выдаткі. Чалавек махае рукой на свае правы і свабоды, ён вымушаны згаджацца з жорсткім падпарадкаваннем.

Дэмакратыя дае шанц годнага дабрабыту, але трэба самому варушыцца. Аўтарытарызм самастойнасці не патрабуе і як бы забяспечвае жыццёвы мінімум.

Недасканаласць чалавека, яго схільнасць да палахлівасці і рабства, да ўладалюбства і сквапнасці падказваюць пазіцыю ў выбары дзяржаўнага ладу. Асабіста я выступаю за парламенцкую рэспубліку, якая прадухіляе нараджэнне дыктатараў.

Цяпер, каб захаваць уладу аднаго чалавека, стрымліваецца нацыянальнае, эканамічнае, культурнае развіццё цэлай краіны. Устаноўка даецца не на рэфармаванне, а на непарушнасць існуючай сістэмы. Грамадства топчацца на месцы, чакае «манны небесной». Яна падае, але не з боскай высі, а з рук расійскіх ястрабаў, якія хочуць панаваць на ўскраінах былой імперыі, і з кашалька «рамантычна-прагматычных» дэмакратаў Захаду, якія не пакідаюць марнай надзеі перавыхаваць нахабных узурпатараў…

Урэшце, сутнасць нашага існавання — не ў кавалку хлеба або каўбасы. Часам і пагаладаць карысна. За свой немалы век мне неаднойчы давялося харчавацца бедна: у маленстве, у студэнцкія гады. Асабліва цяжкім быў перыяд з 2002-га па 2006 год, калі я, яшчэ раней унесены ў «чорныя спісы», быў наогул пазбаўлены магчымасці працаваць. Але выжыць можна і без дзяржаўных «мыліц».

Нашчадкі назавуць цяперашні час «эпохай безнадзейнага чакання». Для мяне агіднае тое, што мільёны людзей знаходзяцца ў прыніжэнні, у статусе дурняў, якім уцюхваюць пустыя ўладныя абяцанкі, выбарчыя фальсіфікацыі, тэлевізійную лухту, а яны, усведамляючы гэта, не супраціўляюцца, зацята маўчаць.

Проста на ўзроўні «хіміі» адчуваю, што тутэйшае чаканне «з мора пагоды» скончыцца бяспрыкладным банкруцтвам не толькі ў палітыцы, эканоміцы, але і ў духоўным, маральным самаадчуванні народа. За халуйскае лізанне перасядзеўшага свой час «куміра», за тупую ўпартасць, з якой падаўляючая большасць адпрэчвае дэмакратычны шлях развіцця, трэба будзе заплаціць па вялікім рахунку…

У вечнасці, дзе раскашуе вусціш,
Айчыннай долі доўжыцца палёт.
Нібы сняжынкі першыя на вуснах,
Секунды таюць…
На парозе Новы год!

Адзінае, што нас не падманвае, — гэта чаканне Калядаў, Новага года. Радасныя святы абавязкова прыходзяць, што б там ні было. А таму сардэчна жадаю шаноўным чытачам светлага настрою, удачы ва ўсім і самае галоўнае — добрага здароўя!

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Ніжэй плінтуса

Разгон хмараў

Ненатуральны адбор

Цень двухгаловага арла

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023